На кароткі час капітан страціў прытомнасць. Потым, калі ачуўся, перад ягонымі вачамі прайшло мінулае. Ён азірнуўся на пражытыя гады, быццам углядаючыся ў дрыготкае адлюстраванне на дне студні. Успомніў сваё дзяцінства. Яго выхоўвалі пяць цётак — старых дзевак. Цёткі не былі якія-небудзь кіслыя паненкі, ну, можа, апрача тых момантаў, калі заставаліся адны; часта смяяліся, увесь час наладжвалі пікнікі, мітуслівыя экскурсіі і нядзельныя абеды, на якія запрашалі іншых старых дзевак. Але між тым хлопчык быў ім падпорай, пры дапамозе якой яны неслі далей свае крыжы. Капітан ніколі не ведаў, што такое сапраўдная ласка. Цёткі вылівалі на яго патокі сантыментаў, і ён, не ведаючы іншых спосабаў, плаціў ім тым самым. Акрамя таго, капітан быў з Поўдня, і цёткі ніколі не дазвалялі яму пра гэта забывацца. Па матчынай лініі яго продкі былі гугеноты, што выехалі з Францыі ў семнаццатым стагоддзі, жылі на Гаіці да вялікага бунту, а потым былі плантатарамі ў Джорджыі перад грамадзянскай вайной. У гісторыі яго роду былі і бляск раскошы нуварышаў, і галеча разарэння, і сямейная фанабэрыя. Яго ж пакаленне мала чым магло пахваліцца. Адзіны стрыечны брат служыў паліцэйскім у Нешвіле. Капітан, будучы снобам, не меў пачуцця ўласнай годнасці і надаваў вялікае значэнне мінуламу, што даўно і беззваротна адышло. Капітан біў нагамі па кучы сасновых іголак і пранізліва выў; яго галашэнне разносілася па лесе ледзь чутным рэхам. Раптам ён заціх. Незразумелае пачуццё, што не давала яму спакою, акрэслілася. Ён быў упэўнены, што побач з ім нехта ёсць. З вялікай цяжкасцю перавярнуўся на спіну.
Спачатку ён не паверыў сваім вачам. За два метры ад яго стаяў, абапёршыся аб дуб, малады салдат, твар якога так зненавідзеў капітан, і глядзеў у яго бок. Салдат быў зусім голы. Тонкае цела залацілі промні нізкага вечаровага сонца. Салдат глядзеў на капітана адсутным абыякавым позіркам, нібыта перад ім была нябачаная раней казяўка. Капітан ад нечаканасці не мог паварушыцца. Ён хацеў нешта сказаць, але з горла вырваўся толькі хрып. Пакуль ён глядзеў на салдата, той перавёў задуменны позірк на каня. Жарптах усё яшчэ быў мокры ад поту, а на спіне чырванелі рубцы. Здавалася, за паўдня конь ператварыўся з пародзістага жарабца ў клячу, здатную толькі ў плуг.
Капітан ляжаў паміж салдатам і канём. Салдат нават не патурбаваўся абмінуць распасцёртае перад ім цела. Ён адышоў ад дрэва і лёгка пераступіў цераз афіцэра. Перад вачыма ў капітана прамільгнула босая нага маладога салдата; яна была тонкая і далікатная, з высокім пад’ёмам у блакітных прожылках. Салдат адвязаў каня і пагладзіў яго па мордзе. Потым, нават не зірнуўшы на капітана, павёў каня ў лясны гушчар. Усё здарылася так хутка, што капітан не паспеў нават вымавіць слова. Спачатку ён быў проста здзіўлены. Некаторы час яго думкі засяродзіліся на точанай фігуры юнака. Ён выкрыкнуў нешта неразборлівае, але не дачакаўся адказу. Капітана ахапіла злосць. Прыступ нянавісці да салдата быў такі ж люты, як і пачуццё радасці, якое ён адчуў, вырваўшыся з-пад улады парывістага Жарптаха. Усе мукі прыніжэння, зайздрасці і страху, што ён зведаў за сваё жыццё, выліліся ў гэты вялікі гнеў. Капітан з цяжкасцю падняўся на ногі і, не разбіраючы дарогі, рушыў праз ахутаны змрокам лес.
Ён не ведаў, дзе ён і як далёка ад гарнізона. У галаве раіліся дзесяткі каварных спосабаў прымусіць салдата пакутаваць. У душы капітан разумеў, што гэтая нянавісць, палымяная, як каханне, застанецца з ім да апошніх дзён жыцця.
Праблукаўшы доўгі час, ён, амаль ужо ноччу, выйшаў на знаёмую сцежку.
Вечарынка ў доме Пендэртанаў пачалася ў сем, і праз паўгадзіны парадныя пакоі былі поўныя гасцей. Леанора, урачыстая ў сваёй вячэрняй сукенцы з крэмавага аксаміту, сустракала гасцей адна. У адказ на пытанні пра мужа яна жартавала, што яго чорт носіць, а дзе, яна не ведае, ды і, можа, ён наогул уцёк з дому. Госці смяяліся і пераказвалі адзін аднаму гэты жарт, уяўляючы, як капітан панура пляцецца з кійком на плячы, несучы клуначак кніг, загорнутых у чырвоную хусцінку. Ведалі, што ён збіраўся з’ездзіць у горад пасля прагулкі вярхом, а па дарозе магла паламацца машына.