— Спіш, дарагая? — спытаўся ён так гучна, што разбудзіў бы нават мёртвага.
— Ага,— адказала з горыччу Элісан.— Як забітая.
Збянтэжыўшыся, маёр не ведаў што рабіць — зноў зачыніць дзверы ці зайсці ў пакой. Элісан на адлегласці адчула, што ён часта наведваўся ў Леанорын буфет.
— Заўтра я збіраюся табе нешта паведаміць,— сказала яна.— Ты, відаць, здагадваешся, пра што пойдзе гаворка. Так што падрыхтуйся.
— Не маю ніякага ўяўлення,— бездапаможна ўздыхнуў маёр.— Можа, я што не так зрабіў? — Ён задумаўся на некалькі хвілін, нібыта стараючыся нешта ўспомніць.— Калі гэта пра грошы на якую-небудзь пакупку, то ў мяне іх няма. Прайграў заклад на футболе і павінен заплаціць за ўтрыманне каня.
Дзверы асцярожна зачыніліся.
Ужо было за поўнач, і яна зноў засталася адна. Гэты час — ад дванаццаці гадзін да світання — заўсёды жахлівы. Калі б яна і сказала Морысу, што не спала ўсю ноч, ён бы ўсё роўна не паверыў. Як і не верыў таму, што яна хворая. Чатыры гады назад, калі яна занядужала, Морыса ўстрывожыў стан яе здароўя. Але, калі пасля першай хваробы пайшлі яшчэ: эмпіема, ныркі, а пасля і сэрца, ён пачаў траціць цярпенне, і скончылася тым, што ён наогул перастаў верыць ёй. Морыс лічыў, што ўсё гэта іпахандрычная сімуляцыя, якой яна карысталася, каб не выконваць сваіх абавязкаў, гэта значыць, ігнараваць традыцыйныя вечарынкі і спартыўныя мерапрыемствы, у якіх яму хацелася ўдзельнічаць. I пэўна, разумней адмовіцца ад прапановы гаспадыні дома на якой-небудзь адной, але грунтоўнай падставе, чым тлумачыць сваю адмову некалькімі прычынамі, якія б уважлівыя яны ні былі. Яна чула, як на другім баку калідора муж ходзіць па сваім пакоі, пра нешта гаворачы сам з сабой у павучальным тоне. Элісан запаліла лямпу пры ложку і пачала чытаць.
У дзве гадзіны ночы ёй раптам, без ніякіх папярэдніх сімптомаў, здалося, што гэтай ноччу яна памрэ. Яна сядзела ў ложку, падлажыўшы пад спіну падушку,— маладая жанчына з тварам, што паспеў ужо завастрыцца і састарэць,— ліхаманкава пераводзячы погляд з аднаго канца пакоя ў другі. Яна пакруціла галавой, падняўшы ўгору падбародак, а потым паварочала яго ў бакі, быццам душылася нечым. Ціхі пакой, здавалася ёй, поўніўся гукамі, што дзейнічалі на нервы. У унітазе, у ванным пакоі, капала вада.Гадзіннік на каміне, той самы стары гадзіннік з маятнікам і пазалочана-белымі лебедзямі на шкле футарала хрыпла цікаў. Трэцяе, што найбольш непакоіла, было біццё сэрца. Яна адчувала вялікі неспакой. Здавалася, што сэрца было вымушана пераадольваць адну перашкоду за другой — то яно шалёна калацілася, як пры бегу, то раптоўна ўздрыгвала, як бы збіралася выскачыць, а потым так нечакана пераставала біцца, што ахопліваў жах. Паволі, асцярожна яна адчыніла шуфляду тумбачкі і дастала адтуль вязанне. «Трэба думаць пра што-небудзь прыемнае»,— разважыла яна.
Яна ўспомніла самы шчаслівы час у сваім жыцці. Ей тады быў дваццаць адзін год, і яна ўжо дзевяць месяцаў намагалася ўбіць у галовы вучаніц школы-інтэрната хоць што-небудзь з Цыцэрона і Вергілія. I вось, калі надышлі канікулы, яна была ў Нью-Йорку, з двумастамі доларамі ў рыдыкюльчыку. Яна села ў аўтобус і паехала на Поўнач, не маючы аніякага ўяўлення, куды едзе. Недзе ў штаце Вермонт ля пасёлка, які спадабаўся ёй сваім выглядам, яна злезла і праз некалькі дзён знайшла і наняла хацінку ў лесе. Яна прывезла з сабой ката Пятроніуса, але пад канец лета мусіла змяніць канчатак на жаночы, бо раптам у «ката» з’явіўся цэлы вывадак кацянят. Да іх прыбілася некалькі беспрытульных сабак, і раз на тыдзень яна хадзіла ў пасёлак, каб накупляць прадуктаў катам, сабакам і сабе. Раніцай і ўвечары яна гатавала сваю любімую ежу: тушаную ялавічыну ў вострай падліве з чырвонага перцу, якую запівала чаем са здобным сухаром. Нарыхтаваўшы днём дроў, вечарам яна сядзела на кухні, выцягнуўшы ногі да печкі, і чытала ці спявала ўголас сама сабе.
Бледныя, палушчаныя вусны Элісан шапталі нейкія словы, а вочы ўтаропіліся ў спінку ложка. Потым Элісан раптоўна выпусціла з рук вязанне і затаіла дыханне. Сэрца зусім перастала біцца. У пакоі было ціха, як у магіле, і яна пачала ўслухоўвацца, разявіўшы рот і павярнуўшы набок галаву. Яе апанаваў страх, але калі яна хацела крыкнуць і тым самым парушыць цішыню, ёй не ўдалося вымавіць ні гуку.
У дзверы нехта ціха пастукаў, але яна гэтага не чула. Не заўважала яна і таго, што ў пакой зайшоў Анаклета і ўзяў яе за руку. Пасля доўгай жахлівай паўзы (а яна, безумоўна, цягнулася не менш за мінуту) сэрца зноў пачало біцца, зборкі яе начной сарочкі заварушыліся на грудзях.