— Асаблівасці сноў,— ціха сказаў Анаклета,— гэта дзіўная рэч, калі падумаць. Папалудні, на Філіпінах, калі падушка вільготная, а ў пакоі свеціць сонца, сон — аднаго віду. А вось на Поўначы, ноччу, калі падае снег...
Але Элісан ужо зноў ахапіў яе звычайны неспакой, і яна больш не слухала, што гаварыў Анаклета.
— Скажы мне,— раптам перапыніла яна Анаклету.— Калі ты быў сёння раніцай не ў настроі і сказаў, што збіраешся гандляваць у Квебеку бялізнай, ты меў на ўвазе што-небудзь канкрэтнае?
— Ну, а як жа? — адказаў ён.— Ведаеце, мне заўсёды хацелася ўбачыць горад Квебек. I, на маю думку, няма нічога больш прыемнага, чым мець справу з прыгожай бялізнай.
— I гэта — усе твае планы,— сказала яна. У яе голасе не хапала пытальных інтанацый, і ён не адгукнуўся.— Колькі ў цябе грошай у банку?
Анаклета на нейкі момант задумаўся, трымаючы пэндзлік над шклянкай з вадой.
— Чатырыста долараў і шэсць цэнтаў. Хочаце, я здыму іх з рахунку?
— Не цяпер. Але яны могуць нам спатрэбіцца пазней.
— Напрамілы бог,— усклікнуў Анаклета,— не турбуйцеся. Ад гэтага ніколечкі не палепшае.
Па ўсім пакоі ружавелі водсветы агню і мітусіліся трывожныя цені. Гадзіннік абазваўся кароткім хрыпам і адбіў тры гадзіны.
— Гляньце,— раптам сказаў Анаклета. Ён скамячыў паперу, на якой толькі што маляваў, і кінуў. Потым сеў у задуменнай позе, абхапіўшы падбародак далонямі, і ўтаропіўся ў чырвонае вуголле ў каміне.— Паўлін, такога жудаснага зялёнага колеру. З адным вялізным залатым вокам. А ў ім гэтыя адлюстраванні нечага такога малюсенькага і...
Намагаючыся знайсці патрэбнае слова, ён падняў руку, злажыўшы разам вялікі і ўказальны пальцы. Ад рукі на сцяне за яго спіной лёг вялізны цень.
— Малюсенькага і...
— Гратэскавага,— закончыла фразу Элісан.
Анаклета адразу кіўнуў у знак згоды галавою.
Але калі ён зноў узяўся за працу, нейкі гук у ціхім пакоі ці, можа, успамін пра тое, якім тонам яна сказала апошняе слова, прымусіў яго павярнуцца.
— О! Не трэба! — усклікнуў ён. I, рвануўшыся ад стала, ён перакуліў шклянку з вадой, і яна, зваліўшыся з каміна, разбілася ўдруз.
У тую ноч радавы Уільямс быў у пакоі, дзе спала капітанава жонка, не больш як гадзіну. Усю вечарынку ён прастаяў на ўскрайку лесу. Калі большасць гасцей пайшла, ён сачыў за капітанавай жонкай праз акно ў зале, пакуль яна не пайшла на другі паверх класціся спаць. Потым ён зайшоў у дом, як гэта рабіў раней. I зноў пакой быў заліты ясным і срэбраным святлом месяца. «Пані» ляжала на баку, абхапіўшы авальны твар не вельмі чыстымі далонямі. На ёй была атласная начная сарочка, а пакрывала было сцягнута да пояса. Малады салдат сеў на кукішкі каля ложка. Адзін раз выцягнуў руку і памацаў пальцамі слізкую тканіну яе сарочкі. Зайшоўшы ў пакой, ён азірнуўся. Нейкі час ён стаяў перад камодай і разглядаў флакончыкі, пухоўкі і розныя іншыя туалетныя прылады. Адна з іх,— пульверызатар, зацікавіла яго. I ён паднёс яго да акна і агледзеў са здзіўленнем на твары. На стале стаяў сподак з недаедзенай курынай нагой.
Салдат дакрануўся да яды, панюхаў і адкусіў кавалак.
Цяпер ён сядзеў на кукішках у месячным святле з прыплюшчанымі вачыма, радасна ўсміхаючыся. «Пані» павярнулася ў сне, уздыхнула і пацягнулася. Цікаўнымі пальцамі салдат дакрануўся да карычневай пасмы валасоў, што распусціліся на падушцы.
Мінула ўжо тры гадзіны ночы, калі салдат раптам замёр. Ён азірнуўся і, здавалася, пачаў услухоўвацца ў нейкі гук. Ён не адразу зразумеў, што выклікала гэту змену, гэты неспакой, што ахапіў яго. Потым ён убачыў, што ў суседнім доме запалілі святло. У цішы начы ён пачуў жаночы плач. Потым пачуў, як перад домам, у якім запалілі святло, затармазіла машына. Радавы Уільямс нячутна выйшаў у цёмную прыхожую. Дзверы капітанавага пакоя былі зачыненыя. Праз некалькі хвілін ён паволі ішоў краем лесу.
Салдат вельмі мала спаў апошнія двое сутак, і таму вочы ў яго апухлі ад стомы. Абышоўшы наўкола гарнізон, ён выйшаў на самую кароткую сцежку, што вяла да казармы. Ідучы такім шляхам, ён пазбягаў сустрэчы з вартавым. А на досвітку, першы раз за многія гады, ён убачыў сон і закрычаў. Салдат, што ляжаў на другім канцы казармы, прачнуўся і шпурнуў у яго чаравікам.
У Уільямса не было сяброў сярод тых, хто жыў з ім у адной казарме, і яго адсутнасць ні ў кога не выклікала цікавасці. Падумалі, што салдат знайшоў сабе жанчыну. Многія салдаты ўпотай жаніліся і часам начавалі ў горадзе з жонкамі. У доўгім і цесным спальным пакоі святло тушылі ў дзесяць гадзін, але не ўсе вайскоўцы былі ў гэты час у ложку. Іншы раз, асабліва на пачатку месяца, у туалеце ўсю ноч ішла гульня ў покер.