Выбрать главу

Аднойчы ў тры гадзіны ночы радавы Уільямс сустрэўся з вартавым, але ён служыў у войску ўжо два гады і быў знаёмы каравульнаму, і той яго не затрымаў.

Некалькі наступных начэй Уільямс адпачываў і спаў спакойна. Надвячоркам ён сядзеў на лаўцы перад казармай, а ўвечары іншы раз наведваў месцы адпачынку гарнізона — хадзіў у кіно і спартыўную залу.

Вечарам спартыўная зала ператваралася ў каток, дзе каталіся на ролікавых каньках. У зале іграла музыка і быў адгароджаны закутак, дзе радавыя і сяржанты маглі пасядзець за столікам і выпіць халоднага пеністага піва. Уільямс заказаў бакал і ўпершыню паспрабаваў алкагольнага напітку. Побач з моцным грукатам каталіся па крузе салдаты, і ў паветры стаяў пах поту і масцікі. Трое салдат, усе з іх стараслужачыя, вельмі здзівіліся, калі Уільямс падняўся з-за свайго стала і падсеў да іх. Малады салдат глядзеў ім у твар і, здавалася, хацеў нешта спытацца. Але так нічога не спытаў і праз нейкі час пайшоў ад іх стала.

Радавы Уільямс заўсёды быў такі некампанейскі салдат, што наўрад ці хоць палавіна салдатаў, якія спалі з ім у адной казарме, ведалі яго імя. Імя, па якім яго ведалі ў войску, не было сапраўднае. У час залічэння на вайсковую службу суровы сяржант — стары служака — глянуў на яго подпіс — Л. Дж. Уільямс — і гаркнуў: «Напішы імя поўнасцю, вёска смаркатая!» Салдат доўга збянтэжана маўчаў, а потым прызнаўся, што гэтыя ініцыялы і былі яго імя, адзінае, якое ён меў. «Ну, з такім ідыёцкім імем цябе ў армію ЗША не возьмуць,— сказаў сяржант.— Я перараблю яго на Э-л-дж-ы. Згода? — Радавы Уільямс кіўнуў галавой, і, бачачы такую абыякавасць, сяржант гучна і груба зарагатаў.— Ну і прыдуркаў жа нам прысылаюць!» — заўважыў ён, вяртаючыся да сваіх папер.

Быў лістапад, і два дні запар дзьмуў моцны вецер. За адну ноч асыпалася лісце з маладых клёнаў, што раслі ўздоўж тратуараў. Лісце яркім залатымдываном слалася пад дрэвамі, неба было скрозь у белых зменлівых воблаках. Наступны дзень ліў халодны дождж. Лісце змокла, пачарнела, затапталася на вільготных ад дажджу вуліцах, і яго нарэшце зграблі і павывозілі. Потым зноў распагодзілася, і голыя сукі дрэў склалі філігранны малюнак на фоне зімовага неба. Раніцай на прамерзлай траве забялеў іней.

Адаспаўшыся за чатыры ночы, радавы Уільямс зноў прыйшоў да капітанавага дома. Гэты раз, ведаючы ўжо звычкі яго жыхароў, ён не чакаў, пакуль капітан ляжа ў ложак. Апоўначы, калі капітан усё яшчэ працаваў у сваім кабінеце, ён падняўся ў пакой «пані» і быў там цэлую гадзіну. Потым ён пастаяў каля акна кабінета і з цікавасцю паназіраў за капітанам, пакуль у дзве гадзіны той не пайшоў на другі паверх. Бо ў гэтую хвіліну нешта такое здаралася, чаго салдат не разумеў.

У час гэтых «разведак» і «вахт», што ён нёс у цемры пакоя «пані», салдат не адчуваў страху. Ім валодалі пачуцці, а не думкі; ён ішоў у нязведанае, не абдумваючы сваіх цяперашніх ці даўніх учынкаў. Пяць гадоў назад Л. Дж. Уільямс забіў чалавека. Пасварыўшыся з-за тачкі гною, ён усадзіў нож у негра, а потым схаваў забітага ў закінутай каменяломні. Ён наляцеў на сваю ахвяру, не памятаючы сябе ад гневу, але яму запалі ў памяць і яркі колер крыві, і цяжкае, вялае цела, якое ён цягнуў на сабе па лесе. Помніў ён і гарачае сонца ў той ліпеньскі дзень, пах пылу і смерці. Яго ахоплівалі здзіўленне, маўклівыя пакуты, толькі не страх, і ніколі потым ён выразна не ўсвядоміў, што ён забойца. Розум — гэта нібыта багатая дэкаратыўная тканіна, у якой колеры — выпрабаванні, зведаныя пачуццямі, а малюнак — звіліны інтэлекту. Памяць Уільямса была насычана рознымі колерамі і дзіўнымі адценнямі, але ў ёй не было нічога акрэсленага, што мела канкрэтную форму.

За гэтыя першыя зімовыя дні Уільямс зрабіў толькі адно адкрыццё, прынамсі, ён пачаў заўважаць, што капітан увесь час сочыць за ім. Два разы на дзень капітан, з яшчэ забінтаваным і незагоеным тварам, выязджаў вярхом на кароткія прагулкі. А потым, аддаўшы каня, затрымліваўся на нейкі час каля стайні. Тройчы здаралася так, што, калі, ідучы ў сталовую, Уільямс азіраўся, ён заўважаў за дзесяць метраў ад сябе капітана. Намнога часцей, чым гэта магло здарыцца, капітан сустракаўся яму на тратуары. Аднойчы пасля такой сустрэчы салдат спыніўся і азірнуўся. Хутка капітан таксама спыніўся і таксама азірнуўся. Было гэта надвячоркам, і, як бывае зімовым прыцемкам, усё навокал мела бледна-фіялетавае адценне. Позірк у капітана быў цвёрды, жорсткі і ясны. Мінула амаль мінута, пакуль яны разам, нібы згаварыўшыся, павярнуліся і пайшлі кожны сваёй дарогай.