РАЗДЗЕЛ IV
У вайсковым гарнізоне афіцэру не так проста ўвайсці ў непасрэдны кантакт з радавымі. Цяпер капітан Пендэртан гэта зразумеў. Быў бы ён звычайны страявы афіцэр, як маёр Морыс Лэнгдан, і ўзначальваў бы роту, батальён ці полк, у яго склаліся б пэўныя адносіны з падначаленымі. Маёр Лэнгдан вось ведаў прозвішчы амаль усіх салдат, што былі пад яго камандай, ведаў іх і ў твар. Але становішча капітана Пендэртана, служба якога была звязана са школай, было іншае. Апрача конных прагулак (а цяпер капітану ні адзін спосаб верхавой язды не здаваўся занадта рызыкоўным), у яго не было ніякай магчымасці завязаць адносіны з салдатам, якога ён зненавідзеў.
Тым не менш капітан адчуваў нясцерпнае жаданне наладзіць з ім хоць які-небудзь кантакт. Думкі пра салдата не давалі яму спакою. Ён прыходзіў на стайню вельмі часта, як дазваляла пачуццё меры. Радавы Уільямс сядлаў каня, а потым трымаў яго за вуздэчку, пакуль капітан садзіўся вярхом. Калі капітан загадзя ведаў, што сустрэне салдата, у яго пачынала круціцца ў галаве. У кароткія, як бы выпадковыя сустрэчы ён дзіўным чынам часова страчваў магчымасць успрымаць знешняе асяроддзе; калі ён быў побач з салдатам, то адчуваў, што не можа ні добра бачыць, ні чуць, і толькі ад’ехаўшы на кані і зноў апынуўшыся сам-насам, ён пачынаў нарэшце ўсведамляць тое, што толькі адбылося. Твар юнака — маўклівы выраз вачэй, пухлявыя чуллівыя вусны, што часта былі вільготныя, кучаравая грыўка, нібы ў хлопчыка-пажа — увесь воблік салдата быў невыносны капітану. Ён рэдка чуў, каб салдат гаварыў, але яго невыразная гаворка увесь час лунала ў аддаленых кутках памяці, нібы трывожная песня.
Надвячоркамі капітан гуляў па вуліцах паміж стайняй і казармамі, спадзеючыся сустрэць радавога Уільямса. Калі яшчэ здалёк ён заўважаў салдата па соннай, але зграбнай паходцы, у яго сціскалася ў горле. Апынуўшыся твар у твар з капітанам, радавы Уільямс звычайна няўважліва глядзеў некуды паверх галавы капітана і вельмі марудна вітаў яго, даволі вяла беручы пад казырок. Аднойчы, калі яны набліжаліся адзін да аднаго, капітан заўважыў, як Уільямс разгарнуў цукерку і нядбала кінуў паперку на акуратны газон побач з тратуарам. Гэта раз’юшыла капітана, і ён, прайшоўшы крыху, вярнуўся, падабраў абгортку (была гэта паперка ад батончыка пад назвай «Малышка Рут») і паклаў яе ў кішэню.
У капітана Пендэртана, з яго ўвогуле суровым і пазбаўленым усялякіх эмоцый ладам жыцця, не ўзнікала пытанняў пра гэтую дзіўную нянавісць. Раз ці два, прачнуўшыся позна пасля занадта вялікай дозы снатворнага, ён адчуў няёмкасць, падумаўшы пра свае паводзіны ў апошні час. Але ён не намагаўся зрабіць з гэтага якія-небудзь вывады.
Аднойчы папалудні ён пад’ехаў на машыне да казармы і ўбачыў салдата, які адпачываў на лаўцы. Капітан ад’ехаў далей па вуліцы, спыніў машыну і, седзячы ў ёй, пачаў за ім назіраць. Той нядбала разваліўся на лаўцы, нібы збіраючыся задрамаць. Неба было бледна-зялёнае, і ад апошніх промняў зімовага сонца на зямлю клаліся выразныя доўгія цені. Капітан назіраў за салдатам, пакуль таго не паклікалі на вячэру. I потым, калі Уільямс пайшоў у сталовую, капітан усё сядзеў у машыне, не зводзячы вачэй з казармы.
Стала цёмна, і ў будынку запалілі яркае святло. Капітану было відаць, як у пакоі адпачынку салдаты гулялі ў більярд ці, разваліўшыся ў крэслах, гарталі часопісы. Капітан уяўляў сабе сталовую з доўгімі сталамі, застаўленымі гарачай ежай, якую елі прагаладалыя салдаты і весела смяяліся, з’яднаныя здаровым духам сяброўства. Капітан не быў блізка знаёмы з радавым саставам, і яго ўяўленне пра казарменнае жыццё ў значнай меры было вынікам фантазій. Капітана цікавіла сярэднявечча, і ён дэталёва вывучаў гісторыю Еўропы эпохі феадалізму. I гэта прыхільнасць у значнай меры вызначала яго ўяўленне пра казарму. Падумаўшы, што ў гэтых чатырох сценах жывуць дзве тысячы чалавек, ён раптам адчуў сябе адзінока. Ён сядзеў у цёмнай машыне, глядзеў на асветленыя вокны, за якімі было цесна ад людзей, слухаў смех і звонкія галасы, што даляталі адтуль, і на яго вадзяністыя вочы нагарнуліся слёзы. Яго мучыла горыч адзіноты. Ён хутка паехаў дадому.
Леанора ляжала ў гамаку на краі лесу, калі пад’ехаў муж. Яна пайшла ў дом і памагла Сузі ўправіцца на кухні, бо ў той дзень яны збіраліся павячэраць дома, а потым ужо ехаць на вечарынку. Адзін знаёмы прыслаў ім паўтузіна перапёлак, і Леанора захацела занесці паднос з ядой Элісан, у якой быў моцны сардэчны прыступ якраз у тую ноч, калі ў Пендэртанаў была вечарынка, два тыдні да гэтага, і цяпер ёй было забаронена падымацца з ложка. Леанора і Сузі разлажылі яду на вялікім сярэбраным падносе, паклалі на шырокую талерку дзве перапёлкі, шчодра абклаўшы іх рознай гароднінай, што паспела пусціць ужо сок, і таму ў цэнтры талеркі нацякла лужынка. Акрамя таго, на падносе было шмат іншых смачных рэчаў, і калі Леанора панесла, хістаючыся ад цяжару, усё гэта ў дом Лэнгданаў, Сузі пабегла следам з яшчэ адным падносам, падабраўшы, што засталося.