Выбрать главу

— Божа?! О божа...

Ён біўся галавой аб стол, пакуль на лбе не выскачыў гуз. Да палавіны сёмай раніцы ён выпіў больш за літр віскі. Ён прыняў душ, адзеўся і пазваніў урачу Элісан — палкоўніку медыцынскай службы, свайму блізкаму сябру. Пасля запрасілі яшчэ аднаго ўрача, і яны ўдвух пстрыкалі запалкамі перад носам Элісан і задавалі ёй розныя пытанні. Якраз у час гэтага абследавання маёр узяў з вешалкі ў ваннай ручнік і павесіў яго на руку. Такім чынам, ён меў выгляд чалавека, гатовага да любых экстрэмальных абставін, і гэта суцяшала яго. Перад тым як развітацца, палкоўнік доўга гаварыў з ім, шмат разоў вымаўляючы слова «псіхалогія», і маёр моўчкі ківаў галавой.

У канцы размовы ўрач параіў як мага хутчэй паслаць хворую ў санаторый.

— Але, паслухай,— бездапаможна падаў голас маёр,— толькі не туды, дзе надзяваюць уціхамірвальныя кашулі, ці яшчэ куды-небудзь накшталт гэтага. Трэба туды, разумееш, дзе яна магла б круціць патэфон, адным словам, дзе ёй было б зручна. Ну, ты ведаеш, што я маю на ўвазе.

За два дні падабралі адпаведнае месца ў Вірджыніі. У спешцы лячэбніцу выбралі хутчэй па кошту лячэння (яно было неверагодна дарагое), чым па яе рэпутацыі як лячэбнай установы. Элісан, затаіўшы горыч, моўчкі выслухала планы, пра якія ёй паведамілі. Анаклета, зразумела, таксама ехаў з ёй. Праз тры дні ўсе трое выправіліся ў дарогу на цягніку.

У той установе ў Вірджыніі лячыліся пацыенты як з фізічнымі, так і з псіхічнымі захворваннямі. Вядома, хваробы, што адначасова кранаюць цела і мозг,— спецыфічныя. Было там некалькі старых мужчын, што блукалі ў поўнай рассеянасці, вымушаныя сачыць за кожным рухам сваіх нягнуткіх ног. Было там таксама некалькі дам-марфіністак і процьма маладых багатых алкаголікаў. Але ў санаторыі была прыгожая тэраса, дзе ў другой палове дня падавалі чай, сады былі дагледжаныя, а пакоі — шыкоўна абстаўленыя. Маёр застаўся задаволены і ганарыўся тым, што ўсё гэта можа сабе дазволіць.

Элісан з самага пачатку не рабіла ніякіх заўваг. Яна наогул не размаўляла з мужам, пакуль яны не селі вячэраць. Як выключэнне, бо гэта быў першы дзень Элісан у лячэбніцы, ёй дазволілі вячэраць на першым паверсе, але пачынаючы з раніцы наступнага дня ёй было забаронена падымацца з ложка, пакуль не палепшыцца стан яе сэрца. На іх стале стаялі свечкі і аранжарэйныя ружы. Сервіз і настольнік былі найвышэйшага гатунку.

Але Элісан, здавалася, не заўважала ўсёй гэтай прыгажосці. Сеўшы за стол, яна абвяла залу доўгім павольным позіркам. Яе вочы, цёмныя і, як заўсёды, праніклівыя, вывучалі пацыентаў, што сядзелі за іншымі сталамі.

Нарэшце яна ціха, з ноткай горычы ў голасе, сказала:

— Божа мой, якая адборная кампанія.

Маёр Лэнгдан на ўсё жыццё запомніў тую вячэру, бо гэта быў іх апошні вечар. Ён паехаў з санаторыя вельмі рана на наступны дзень і па дарозе заехаў пераначаваць да свайго старога знаёмага па гульні ў пола, што жыў у Пайнхэрсце. Калі ён вярнуўся ў гарнізон, яго ўжо чакала тэлеграма. На другую ноч свайго знаходжання ў санаторыі Элісан памерла ад сардэчнага прыступу.

***

У тую восень капітану Пендэртану споўнілася трыццаць пяць гадоў. Нягледзячы на адносную маладосць, яго ў хуткім часе чакалі кляновыя лісцікі — знакі, адпаведныя званню маёра; у войску, дзе павышэнне ў чыне залежыць у асноўным ад выслугі гадоў, нечарговае павышэнне па службе было ў значнай меры данінай здольнасцям. Капітан шмат працаваў, у яго быў геніяльны, як для вайскоўца, розум — і многія афіцэры, у тым ліку і капітан, прытрымліваліся думкі, што калі-небудзь ён будзе высокапастаўленым генералам. Але па капітану было відаць, што ён ператаміўся ад доўгага напружання. Здавалася, у тую восень, асабліва за некалькі апошніх тыдняў, ён неяк занадта хутка пастарэў. Пад вачамі з’явіліся сінія кругі, а твар стаў жоўты і плямісты. Да таго ж яго пачалі вельмі непакоіць зубы. Дантыст сказаў, што трэба вырваць два карэнныя і паставіць масты, але капітан усё адкладаў гэта, не маючы вольнага часу. Твар у капітана ўвесь час быў напружаны, і ў левым воку пачаўся цік. Праз гэтае паторгванне павека яго напяты твар здаваўся спаралізаваным.