Выбрать главу

— Ведаеце, я дапякаў Анаклету, страшачы карамі, што чакалі яго, калі б ён апынуўся пад маёй камандай у войску. Як вы думаеце, няўжо гэты шэльма ўспрымаў усё ўсур’ёз? Я ўвогуле толькі дражніў яго, але заўсёды лічыў, што лепш за ўсё яму было б пайсці ў войска.

Капітану надакучылі размовы пра Элісан і Анаклету. Шкада, што гэты мярзотны малы філіпінец таксама не памёр ад сардэчнага прыступу. У гэтыя дні амаль усё ў доме абрыдла капітану. Асабліва агіднымі здаваліся простыя і сытныя стравы, тыповыя для Поўдня, якія са смакам елі Леанора і Морыс. На кухні было брудна, а неахайнасць Сузі было цяжка апісаць словамі. Капітан разбіраўся ў ежы і сам быў выдатны кухмістр. Яму падабалася вытанчанасць новаарлеанскай кухні і тонкая гармонія французскай. Раней капітан часта, застаўшыся дома адзін, заходзіў у кухню, гатаваў які-небудзь ласунак дзеля душы. Яго любімай стравай было філе а ля беарнэз. Аднак капітан быў педант і дзівак; калі мяса перасмажвалася, а соус пераграваўся і хоць крыху загусаў, ён выносіў усё гэта на двор і закопваў. Але цяпер ён страціў апетыт да яды. У той дзень пасля абеду Леанора пайшла ў кіно, і ён выправіў Сузі з дому. Ён падумаў, што нядрэнна было б згатаваць што-небудзь асаблівае. Але ў самым разгары прыгатавання пірага з начынкай ён раптам страціў усялякую цікавасць да гэтага занятку, кінуў усё, як было, і пайшоў з дому.

***

— Уяўляю сабе Анаклету ў нарадзе на кухні,— сказала Леанора.

— Элісан заўсёды лічыла, што я закранаю гэту тэму, каб паздзекавацца з Анаклеты,— сказаў маёр.— Але гэта было не так. Анаклету было б нялёгка ў войску, але войска магло зрабіць з яго мужчыну. Ва ўсякім разе выбіла б з яго ўсё глупства. Я маю на ўвазе тое, што мне заўсёды здавалася недарэчным, калі дваццацітрохгадовы дзяцюк скача пад музыку па пакоі ці пэцкаецца з акварэльнымі фарбамі. У войску з Анаклеты здзекаваліся б, і яму давялося б там вельмі нясоладка, але, на маю думку, гэта пайшло б яму на карысць.

— Ты думаеш,— заўважыў капітан Пендэртан,— што любая ўнутраная задаволенасць, дасягнутая за кошт таго, што мы прывыклі лічыць нармальным, недапушчальная і не павінна прыносіць шчасця. Карацей кажучы, лепш (бо гэта больш пачэсна маральна) абчэсваць квадратны кол, прымяраючы яго да круглай дзіркі, чым знайсці і скарыстаць адпаведную квадратную дзірку?

— Ну, так. Якраз гэта я і меў на ўвазе,— сказаў маёр.— Хіба ты не згодзен?

— Не,— адказаў капітан пасля кароткай паўзы. Раптам капітан зазірнуў у самую глыбіню душы і з жахлівай выразнасцю ўбачыў самога сябе. Цяпер ён бачыў сябе інакш, чым іншыя; гэта быў скажоны, марыянетачны вобраз з мізэрным выглядам і гратэскавым абрысам. Капітан углядаўся ў гэтае відовішча без спагады. Ён успрымаў яго так, як было на самай справе, не шукаючы апраўданняў.

— Я не згодзен,— паўтараў ён няўважліва.

Маёр Лэнгдан задумаўся над гэтым нечаканым адказам, але ўжо больш не працягваў размовы. Яму заўсёды было цяжка сачыць за тымі лініямі думкі, што выходзілі за рамкі першаасноўнага, простага тлумачэння. Паківаўшы галавой, ён зноў звярнуўся да сваіх спраў, што так выводзілі яго з раўнавагі.

— Аднойчы я прачнуўся якраз перад світаннем,— сказаў ён.— Убачыў, што ў яе пакоі гарыць лямпа, і зайшоў туды. Там на краі ложка сядзеў Анаклета, і яны ўдваіх, нахіліўшыся, забаўляліся нейкім глупствам. А што яны рабілі? — маёр прыклаў да вачэй свае грубыя пальцы і патрос галавой.— Ага. Яны кідалі ў міску з вадой нейкія штучкі. Штось з японскага барахла, што Анаклета купляў у краме, дзе прадаюць розную драбязу па дзесяць цёнтаў — ведаеце, такія камячкі, што ў вадзе раскрываюцца, як кветкі. I вось, уявіце, у чатыры гадзіны раніцы яны сядзелі і гулялі з тымі цацкамі. Гэта мяне раззлавала, і калі я спатыкнуўся аб пантофлі Элісан, што стаялі каля ложка, я раз’юшыўся і адкінуў іх нагой праз увесь пакой. Элісан была вельмі абураная і доўга заставалася халодная як лёд. Анаклета перад тым, як прынесці каву, паклаў у цукарніцу соль. Усё гэта было сумна. Яна, відаць, вельмі пакутавала ў тыя ночы.