Радавы Уільямс пайшоў у казарму, адчуўшы, што вось-вось ліне дождж. Ён пасядзеў да вячэры ў пакоі адпачынку, а потым, апынуўшыся сярод гаманлівай ажыўленасці сталовай, няспешна і сытна пад’еў. Пасля ўзяў з сваёй тумбачкі мяшэчак з таннымі, рознага гатунку цукеркамі. Яшчэ не дажаваўшы зефіру, ён накіраваўся ў прыбіральню і ўсчаў там бойку. Калі ён зайшоў, усе месцы, апрача аднаго, былі занятыя, а перад ім якраз зайшоў салдат і пачаў ужо расшпільваць штаны. Але калі той пачаў садзіцца, радавы Уільямс груба піхнуў яго, спрабуючы прагнаць з занятага ўжо месца. Пачалася бойка, і навокал сабраўся невялікі натоўп салдат. Спачатку перавага была на баку Уільямса, ён быў спрытнейшы і дужэйшы. У час барацьбы на яго твары не было ні гневу, ні натугі; рысы твару па-ранейшаму нічога не выказвалі; пра натугу сведчылі толькі пот, што каціўся па лбе, і невідучыя вочы. Праціўнік ужо страціў усякую надзею на перамогу і паядынак быў ужо выйграны, калі раптам Уільямс здаўся, быццам страціўшы цікавасць да барацьбы, і нават не спрабаваў абараняцца. Яго моцна білі, з усёй злосцю стукаючы галавой аб цэментны пол. Калі ўсё скончылася, ён, хістаючыся, падняўся на ногі і пайшоў з прыбіральні.
Гэта была ўжо не першая бойка, якую пачынаў Уільямс. Апошнія два тыдні ён заставаўся ў казарме кожную ноч і нарабіў нямала клопату. Салдаты, што спалі ў адной з ім казарме, нават не падазравалі пра гэтую рысу яго характару. То ён гадзінамі здранцвела сядзеў, не вымаўляючы ніводнага слова, то ні з таго ні з сяго дапускаў якую-небудзь недаравальную правіннасць. Ён ужо больш не хадзіў у лес у вольны час, а ноччу дрэнна спаў, будзячы ўсю казарму мармытаннем праз сон. Аднак ніхто не надаваў увагі яго дзівацтвам. У казармах здараліся рэчы куды больш дзіўныя. Адзін стары капрал кожны вечар пісаў лісты да Шэрлі Тэмпл [7], падводзячы ў іх, нібы ў дзённіку, рахункі падзеям, што адбыліся за дзень, а раніцай наступнага дня перад снеданнем пасылаў іх па пошце. Другі салдат, які праслужыў у войску ўжо каля дзесяці гадоў, выскачыў з акна з трэцяга паверха, бо прыяцель не пазычыў яму пяцьдзесят цэнтаў на піва. Повару ў той самай батарэі не давала спакою неадчэпная думка, што ў яго рак языка. Ён увесь час высалопліваў перад люстэркам язык так, што былі відаць нават смакавыя сасочкі. Да таго ж замарыў сябе голадам амаль да поўнага знясілення.
Пасля бойкі Уільямс пайшоў у спальны пакой і лёг на ложак. Ён палажыў пакет з цукеркамі пад падушку і ўтаропіўся ў столь. На дварэ дождж крыху сціх, і надышла ноч. Думкі ажывілі некалькі млявых мар. Уільямс падумаў пра капітана, але перад вачамі праплывалі толькі ўяўныя вобразы, пазбаўленыя сэнсу. Для гэтага маладога ўраджэнца поўдня афіцэры належалі да той самай не зусім вызначанай катэгорыі, што і негры — яны займалі нейкае месца ў ягоным жыцці, але ён не ставіўся да іх, як да чалавечых істот. Радавы Уільямс адносіўся да капітана з пачуццём фаталізму, як да надвор’я ці іншай прыроднай з’явы. Паводзіны капітана хоць і маглі здацца нечаканымі, але ён не звязваў іх з сваёй асобай. Ён не браў пад сумненне іх нармальнасць, як яго не мучылі пытанні, чаму бывае навальніца ці вянуць кветкі.
Ён больш не падыходзіў да дома капітана Пендэртана пасля таго, як раптам нехта ўключыў лямпу і ён убачыў чарнявую жанчыну, што стаяла на парозе і глядзела на яго. У той час ім авалодаў страх, але гэта быў страх хутчэй фізічны, чым усвядомлены. Пачуўшы грукат парадных дзвярэй, ён асцярожна выглянуў і ўпэўніўся, што ніякіх перашкод на яго шляху няма. Апынуўшыся ў лесе і зноў адчуўшы сябе ў бяспецы, ён ціха пабег, хоць добра і не ведаў, чаго ён спалохаўся.
Але думкі пра капітанаву жонку не пакідалі салдата. Ён сніў «пані» кожную ноч. Аднойчы, калі ўжо быў у войску, ён атруціўся птамаінам, і яго завезлі ў шпіталь. Ад адной думкі пра паганую хваробу, пераносчыцамі якой з’яўляюцца жанчыны, яго трасло пад прасціной кожны раз, калі да яго падыходзілі медсёстры, і ён лічыў за лепшае цярпець мукі, чым папрасіць іх зрабіць якую-небудзь паслугу. Але дакрануўшыся да «пані», ён ужо больш не баяўся гэтай хваробы. Кожны дзень ён даглядаў і сядлаў яе каня, глядзеў ёй услед, калі яна ехала на прагулку. Раніцай было золка і ветрана, твар капітанавай жонкі ружавеў, і яна была ў вясёлым настроі. У яе былі заўсёды прызапашаны Уільямсу які-небудзь жарт ці прыязнае слова, але ён ніколі не глядзеў ёй проста ў твар і не адказваў на жарты.