У той вечар яна з’явілася ў краме а дзесятай гадзіне. I расчаравала тых, хто чакаў драматычных падзей. Яна адчыніла дзверы і паволі ўвайшла ў залу як заўсёды няўклюдна-велічна. Шыю яна абвязала чырвонай хусткай, а на носе з аднаго боку цямнела чарнільная рыска. Здавалася, яна не заўважала нічога незвычайнага. Яе косыя шэрыя вочы знайшлі ў натоўпе гарбуна і на момант запыніліся на ім. На астатніх людзей, што знаходзіліся ў краме, яна глядзела здзіўлена, але спакойна.
— Каго-небудзь трэба абслужыць? — нямоцна спыталася яна.
Кліенты знайшліся — была субота, і ім хацелася выпіць. Усяго тры дні назад міс Амелія выцягнула з ямы на балоце бочку вытрыманай гарэлкі і разліла яе ў бутэлькі. Цяпер яна брала ў кліентаў грошы і лічыла іх, стоячы ў яркім святле ад лямпы. Так яна рабіла заўсёды. Але гэты раз здарылася незвычайнае. Раней, бывала, заплаціўшы грошы, кліенту трэба было выйсці з двара, абысці вакол яго ў цемры і ў другім канцы, праз адчыненыя дзверы ў кухні, атрымаць з рук міс Амеліі бутэльку. Радасці ад такога торгу было мала. Атрымаўшы гарэлку, кліент звычайна знікаў у цемры. Аднак, калі жонка забараняла піць дома, яму дазвалялася вярнуцца на ганак крамы і выхлебтаць бутэльку на прыступках ці дзе-небудзь паблізу на вуліцы. I ганак, і вуліца перад ім належалі міс Амеліі, наконт гэтага ніхто не сумняваўся, але яна не лічыла іх сваёй уласнасцю: яе маёмасць пачыналася ад дзвярэй і ўключала ўсё тое, што было ў сярэдзіне будынка. I тут ужо нікому, апрача яе самой, не дазвалялася адкаркаваць бутэльку і выпіць з яе гарэлкі. Цяпер яна ўпершыню парушыла гэта правіла. Яна пайшла ў кухню разам з гарбуном, які не адставаў ад яе ні на крок, і прынесла бутэлькі ў цёплы асветлены пакой. Больш таго: яна дастала некалькі шклянак і распакавала два пачкі пячэння, вылажыла яго на талерку і гасцінна выставіла на прылавак, і кожны, хто хацеў, мог узяць кавалачак задарма.
Яна ні з кім не гаварыла, апрача гарбуна, спытаўшыся ў яго крыху рэзкім і сіпатым голасам:
— Вы так будзеце піць, кузен, ці падагрэць з вадой?
— Калі вам не цяжка, Амелія,— адказаў гарбун. (I з якога гэта часу да міс Амеліі пачалі звяртацца без пачцівага «міс»? Ва ўсякім разе, яе жаніх, які потым на дзесяць дзён стаў яе мужам, не дазваляў сабе такога. Па сутнасці, з таго часу, як памёр яе бацька, які чамусьці называў яе Малая, ніхто не адважваўся звяртацца да яе настолькі фамільярна.) — Калі не цяжка, падагрэйце.
Так з’явілася ў горадзе кафэ. Адбылося гэта вось так проста. Успомніце — на дварэ было холадна і панура, нібыта зімой, і ад туляння ў цемры пазавуголлю было б мала радасці. А ў краме, у кампаніі, было цёпла і весела. Нехта падкінуў дроў у печ, а тыя, хто купіў гарэлкі, пачаставалі ёю прыяцеляў. У краме аказалася некалькі жанчын. Яны пілі лікёр, кактэйлі і нават паспыталі віскі. Да гарбуна яшчэ не прывыклі, і ён быў дадатковай забавай. З канторы вынеслі лаўку і паставілі яшчэ некалькі крэслаў. Тыя, каму не хапіла месца, стаялі, абапёршыся аб прылавак, ці ўладкаваліся на бочках і мяхах. I хоць віскі пілі тут, у краме, не было чутно ні лаянкі, ні грубых жартаў, ні непрыстойнага рогату. Наадварот, усе паводзілі сябе паважна, нават крыху саромеліся. Справа ў тым, што людзі ў гэтым горадзе не прывыклі збірацца разам, каб павесяліцца. Разам яны ішлі на фабрыку працаваць. У нядзелю іх збіраў на паляне каля царквы свяшчэннік; і хоць пасядзець там было і нядрэнна, але весялосці ад таго, што табе напаміналі пра жахі пекла і наганялі страх перад госпадам богам, было мала. У кафэ панавала зусім іншая атмасфера. У сапраўдным кафэ нават самыя багатыя, самыя прагавітыя вядуць сябе прыстойна, нікога не абражаючы. Ну, а тым больш беднякі — тыя з удзячнасцю аглядаюцца па баках, і калі трэба ўзяць соль з сальніцы, робяць гэта зграбна і сціпла. Бо сама атмасфера ў сапраўдным кафэ вымагае такіх якасцей, як прыязнасць, сытасць, добры настрой і тактоўнасць. Ніхто не тлумачыў гэтага людзям, што сабраліся ў той вечар у краме міс Амеліі. Але яны зразумелі гэта самі, хоць да таго часу ў горадзе ніколі не было кафэ.