А міс Амелія, дзякуючы якой усё гэта адбылося, прастаяла ўвесь вечар у дзвярах, што вялі ў кухню. Вонкава яна быццам зусім не змянілася. Але многія звярнулі ўвагу на выраз яе твару. Яна наглядала за ўсім, што адбывалася ў краме, але часцей за ўсё затрымлівала позірк на гарбуне. А той фанабэрыста хадзіў па краме, раз-пораз даставаў ласунак са сваёй скрыначкі з кіслым і адначасова прыязным выразам твару. Водсветы агню ў пліце высвечвалі доўгі цёмны твар міс Амеліі. Вочы яе нібыта глядзелі ўсярэдзіну. У іх адлюстроўваліся боль, разгубленасць і няўпэўненая радасць. У той вечар яна не сцінала вуснаў, а толькі раз-пораз глытала сліну. Шчокі былі бледныя, а далоні спацелыя. Позірк яе вачэй сведчыў, што перад вамі — адзінокая закаханая жанчына.
Адкрыццё кафэ завяршылася апоўначы. Усе прысутныя прыязна пажадалі адзін аднаму добрай ночы. Міс Амелія прычыніла дзверы, але забылася засунуць засаўку. I хутка ўсюды — і на галоўнай вуліцы з яе трыма крамамі, і на фабрыцы, і ў кожным доме, карацей кажучы, ва ўсім горадзе,— стала цёмна і ціха. Такім чынам прайшлі тры дні і тры ночы, на працягу якіх здарылася столькі падзей: з’яўленне незнаёмца, разгул злараднасці і адкрыццё кафэ.
Прайшлі чатыры гады — вельмі падобныя адзін на адзін. Змены адбыліся, і значныя, але ўсе падзеі здараліся не адразу, а паступова, і таму ўрэшце ім не аддавалі вялікай увагі. Гарбун, як і раней, жыў у міс Амеліі. Кафэ паступова пашыралася. Міс Амелія пачала прадаваць гарэлку на разліў, і ў краме з’явіліся сталы. Наведвальнікі былі кожны вечар, ну, а ў суботу ад іх было не прадыхнуць. Міс Амелія пачала падаваць на вячэру смажаную рыбу па пятнаццаць цэнтаў за порцыю. Гарбун угаварыў яе купіць механічнае піяніна. За два гады крама ператварылася ў сапраўднае кафэ, адчыненае штодзённа з шасці гадзін вечара да дванаццаці ночы.
Кожны вечар гарбун спускаўся ў кафэ з выглядам чалавека, які ведае сабе цану. Ад яго заўсёды пахла бацвіннем бручкі, бо міс Амелія двойчы на дзень націрала яго моцным настоем, каб надаць яму сілы. Яна песціла яго без ніякай меры, але ўсё дарэмна: ад сытнай ежы большалі толькі горб і галава, а ўсё астатняе было такое ж нямоглае і перакрыўленае. Міс Амелія вонкава не змянілася. Яна, як і раней, насіла балотныя боты і камбінезон, і толькі ў нядзелю надзявала цёмна-чырвоную сукенку, што сядзела на ёй вельмі нязграбна. Але ў яе манерах і ў ладзе жыцця адбыліся значныя змены. Яна па-ранейшаму любіла судзіцца, але ўжо не гарэла, як раней, жаданнем ашукаць каго-небудзь і дамагчыся як мага большых выплат. Паколькі гарбун быў вялікі ахвотнік да кампаній, яна пачала патроху выходзіць «у свет»: прыходзіла на пахаванні, рэлігійныя сходы і гэткія ж іншыя мерапрыемствы. Яе лекарская практыка была па-ранейшаму паспяховая, гарэлка цяпер яшчэ больш удавалася, хоць здаецца, лепшай і быць не можа. Кафэ давала прыбытак, і на многія мілі наўкол яно было адзінае месца, дзе было можна прабавіць час.
А цяпер азірніцеся на мінулыя чатыры гады, звярнуўшы ўвагу на выпадковыя, асобныя эпізоды. Вось барвовым зімнім ранкам гарбун крочыць следам за міс Амеліяй — яны ідуць у сасновы бор на паляванне. Вось яны на полі міс Амеліі — кузен Лаймэн стаіць, засунуўшы рукі ў кішэні, але пільна сочыць за рабочымі і не дае спуску таму, хто замарудзіць. Восеньскім надвячоркам яны сядзяць на ганку, што з двара, і крышаць цукровы трыснёг. Сонечным летнім днём брыдуць па балоце паміж цёмна-зялёных кіпарысаў, дзе пад зблытанымі галінамі балотных раслін пануе дрымотны змрок. Калі сцяжына губляецца ў багне ці абрываецца каля яміны з чорнай балотнай вадой, міс Амелія нахіляецца, каб Лаймэн мог узлезці ёй на спіну, і вось яна крочыць па калена ў балоце, а гарбун сядзіць у яе на плячах, ухапіўшыся рукамі за яе вушы ці шырокі лоб. Часам міс Амелія заводзіла «форд», які яна паспела за гэты час купіць, і везла кузена Лаймэна ў кіно ў Чыха, куды-небудзь на кірмаш ці на пеўневыя баі — гарбун страшэнна захапляўся рознымі відовішчамі. Ну, і, зразумела, кожнае раніцы яны былі ў кафэ, гадзінамі сядзелі каля каміна ў «зале» на другім паверсе. Справа ў тым, што гарбуну ноччу нядужылася і ён баяўся заставацца адзін у цемры. Думка аб смерці звычайна наганяла страх. I міс Амелія не кідала гарбуна сам-насам з пакутлівымі перажываннямі. Можна было нават пагадзіцца з думкай аб тым, што, зрэшты, і кафэ было патрэбнае толькі таму, што там збіраліся кампаніі, да якіх ён быў такі аматар, і гэта дапамагала яму перажыць начныя кашмары. Паспрабуйце скласці вось з такіх асобных момантаў уяўленне аб тым, як яны пражылі гэтыя чатыры гады. Але давайце павядзём гаворку пра іншае.