* * *
воля выбару
застаюся ў раі
змей прыніжана адпаўзае
каменні што склалі б Вавілонскую вежу
рассыпаныя па бездакорным Сусвеце
ніводзін з іх не падымецца на Авеля
таму што не народзіцца
ні ахвяра ні забойца
толькі я
буду спатыкацца
аб нямыя бясформенныя глыжы
занадта паслухмяная
нават для таго
каб прыбраць іх з дарогі
НЕДЗЕ Ў ЕЎРОПЕ
Зноў выпаў снег.
Забілі святара.
Красуня не заторгвае фіранкі —
Жаўнеры едуць. Золатам гараць
Іх эпалеты гэтым ясным ранкам.
Нічога не змянілася.
Чужы
Прыйшоў — і пойдзе.
Вадзіцца дарэмна.
Касцёлы, як іржавыя нажы,
Прымерваюцца да нябёсных венаў.
I вось ужо пайшоў крывавы снег,
Але растаў...
У белым — болей смерці.
Заторгнутых фіранак ціхі грэх
Ніколі не адкрые бедны Вертэр.
Назаўтра на далёкую вайну
Зноў чужакі паедуць праз мястэчка.
Рукамі абдымаючы сцяну
У снег спаўзе чарговы чалавечак.
Сам вінаваты —
думай пра сям'ю.
А тут жыццё не скончыцца ніколі.
I людзі песні новыя спяюць
Пра горад свой, які не хоча волі.
* * *
Не падкажуць на развітанне,
дзе чакае Харонаў човен.
Давядзецца самому крочыць
уздоўж балоцістых берагоў,
у цямрэчы, па самай твані,
з камарыным піскам над вухам
(я не веру, што ёсць балота —
хай за светам — без камароў).
Будзеш доўга ісці і падаць,
добра, сам сябе не пабачыш,
перапэцканага дарэшты.
Пад нагою нешта слізгае —
ці то жаба, ці то гадзюка —
што за клопат?
Ты — ужо мёртвы.
Шлях бясконцы, гразкі і ціхі —
Не пляскочуць у Стыксе хвалі.
Ну, каб ведаў — не паміраў бы.
Дзе басяцкі той перавозчык?
Анічога нідзе.
I нават
разумееш —
і не было.
КЛЯШТАР
Каменная вежа на фоне адлігі.
Вада ў каляінах люструе аблокі.
Ідуць да калодзежа ціхія мніхі,
Крывавыя звады віруюць далёка.
Раз'ятраны Арэс у шлеме пагнутым
Разводзіць і зводзіць
аслепленых злосцю.
Брунгільда над чашаю, поўнай атруты,
Чакае цара пераможнага ў госці.
«Бог з намі»,— гарлаюць абодва натоўпы.
Як гэта далёка. Як гэта дарэмна.
Каменныя вежы, нібыта цыклопы,
Ахоўваюць востраў кляштара каменны.
Шаргочуць малітваў нягучныя словы.
Работа няхітрая па гаспадарцы.
Азвону няма.
Бо метал адмысловы
Спатрэбіўся воям — каб зброяю стацца.
Тут сэрцаў ні смерцю крануць, ні дарамі.
Тут — вечная ціша
і вечная любасць.
А з гразкай калюгі
ля самае брамы
П'е неба груган
акрываўленай дзюбай.
ІКАР — ПАСЛЯ...
1
Не ўзняцца — таму,
хто заручаны з сонцам.
Яго пацалунак —
цудоўная смерць.
Упасці...
Люстэркам крывым раскалоцца,
I кожным асколачкам збліснуць паспець ...
А што, як не воск быў замягкі,
а сэрца,
Падступна —
як свечку ў царкве заламаць,
I ты не разбіўся.
Жывеш — як жывецца,
I нават у багне
спрабуеш спяваць.
Аслеплы, аглухлы,
пазбаўлены крылаў,
Жывеш у краіне балотных людзей.
I раску зганяеш да купін бяссіла,
Каб сонца адбілася ў чорнай вадзе.
Памры ж!
А табе ўжо кугічуць — «Патрэбны!»
I ёсць апраўданне бяскрылым гадам.
Якое, аднак, непрытульнае неба.
А можа, сапраўдны — застаўся ты там?
Не!
Клічуць гарластыя жабы балота.
I п'яўкі спраўляюць крывавы абрад.
I сам забываешся —
скуль ты і хто ты,
Ікар, Фаэтон
ці Панційскі Пілат?
Такі шараговы...
Аблеплены тванню...
Васковае сэрца —
з адбіткам стралы.
Маё існаванне — маё пакаранне.
Былы — не памерлы — былы....