* * *
Шлях пясчаны, пыльны, доўгі.
I царква каля дарогі.
У якой не бралі шлюбаў —
Адпявалі самагубаў.
Шлях пясчаны, звон і вецер.
Ты куды ідзеш, паэце?
Перапеў пра ўсё, што ведаў,
Быў паэтам між паэтаў.
Стаў шукаць сябе ці Бога —
I вакол цябе — нікога.
Толькі шлях пясчаны, доўгі.
I царква каля дарогі,
Толькі спісаныя сшыткі
Ды дарэмна лёс пражыты.
* * *
Па дарогах радасці зямной
Я дарэмна пазбівала ногі.
Толькі вораг добры быў са мной,
А сябры ў сяброў гулялі толькі.
Што ж, прымаю правілы гульні.
Толькі вось якая незадача —
Выпадковай ласкай падмані —
I душа, усцешаная, плача.
I дарэмна розум важыць фалыл,
I да дна відаць падмана прорву.
Ад самоты слепне розум наш
I на веру ўсе ўспрымае словы.
I на што мне ведаць, Божа мой,
Хто кідае мне ў спіну каменне?
Па дарозе горычы зямной
Радасці нясу і летуценні.
* * *
Загараецца першая зорка ад подыху ночы.
Забываецца першая радасць
у дні прамінулым.
Не разгледзяць далёкага шчасця
стамлёныя вочы.
Памірае пяшчота.
Сціхае атручаны вулей.
Пойдзем, браце, да зорак!
Нічога нас тут не трымае.
Бедны Йорык смяецца
апошняй кашчавай усмешкай.
У даведнік укладвае ружу
апошні рамантык.
I сівее ад крэйдавай фарбы
забытая вежа.
* * *
Колькі разумных!
Ніколі не скончыцца восень.
Як паважаюць сябе!
Не згарае лістота.
Юрад праходзіць па сцежцы бетоннае босы,
Ён размаўляе з нябёсамі.
Ён не самотны.
Колькі выбітных!
А ў лужынах плавае лісце.
Нехта ілбом сагравае аконную шыбу.
Кветкі ў празрыстай абгортцы
гніюць на граніце,
Дзе пасадзіў генерал персанальную ліпу.
Колькі тут помнікаў!
Восень прастуе праз горад.
Дзеліцца юрад з варонай кавалкам батона.
Людзі вакол мікрафона разумна гавораць,
I захлынаюцца розумам
ля мікрафона.
Сыплецца дождж і лістота на бедныя душы.
Кроплі на дахах бляшаных грукочуць,
што кулі.
Юрад кружляе
паміж лістападу і лужын.
Словы нячутныя
ў небе над ім патанулі.
* * *
Толькі балота не здрадзіць ніколі.
Прыме тваю адбалелую душу.
Свет патанае ў самоце паволі.
Гіне краіна паэтаў нядужых.
Толькі балота не здрадзіць...
У нетрах
Шчыра схавае і звера, і князя.
Подых дрыгвы пад дарогаю шэрай —
Штучная скура асфальту ўзнялася.
Толькі балота...
А што застаецца
Нам у нявернай смузе вераснёвай?
Гаці гаціць непакорлівым веццем,
Покуль збіраюцца ў замку на ловы?
Толькі... Над глебай, парослай крыжамі,
Летае сіні балотны агеньчык.
Толькі цікуе дрыгва пад нагамі,
Покуль з дарогі саступіш у вечнасць.
* * *
Кароль Пясчанага Замка
ўладарыць Сусветам поўні.
Усё, што поўня асвеціць —
яму свой лёс уручае.
Кароль Пясчанага замка
учора свайго не помніць,
А ўсё, што збудзецца заўтра,
ён ведае да адчаю.
Лунаюць яго фрэгаты
па хвалях срэбных аблокаў,
Празрыстыя воі ходзяць
праз сцены нашых кватэраў.
Кароль Пясчанага замка
жыццё забірае лёгка.
Пяском прасыпецца вечнасць,
і вецер змяце паперы.
Кароль Пясчанага замка
з лускою і доўгім джалам.
Ён скручвае цела ў кольцы.
Блішчыць у кароне зорка.
Пясчаны замак аднойчы
дзіця маё збудавала.
Мы болыл не былі ніколі
на тым пясчаным пагорку.
* * *
Ноч пачынаецца першаю смерцю.
Вокны анёл расчыняе імкліва.
Што адратуе ў бязлітасным свеце —
Кніга заклёнаў ці кніга малітваў?
Цяжка прызнацца — не бачу дарогі.
Цяжка змірыцца — не будзе світання.
Сцелюцца цені начныя пад ногі,
Быццам бы змеепадобныя здані.
Звон бранзалетаў па гулкай падлозе —
Сведкай кахання ці сведкаю смерці?
Падаюць рукі на коўдру ў знямозе
Абараніцца ад ночы ў Сусвеце.
Колькі дарэмнага сказана ўчора.
Колькі разумнага лёгка растала.
Вершнікі топчуць павержаны горад.
Душы ўзлятаюць над ідалам славы.