Выбрать главу
* * *
Гэта — горад карынфскіх калон, ордэн рыцараў змененай веры. Збудаваны з пяску Вавілон, Быццам неба асенняе, шэры. Тут, за сценамі цёмных дамоў, За кулісамі вечных трагедый Адлятаюць самотныя зноў, I нічога не чуюць суседзі. Бедны храм мой ля ціхай вады. Толькі ты ў гэтай сварцы — лагода. I ўзлятае твой крыж залаты, Быццам хоча зляцець назаўсёды. I вядзе мяне твой херувім — Дождж змывае з яго залачэнне — Пад узвышаным ценем тваім Я прымаю другое хрышчэнне. I нічога мне тут не шкада, I нікога я тут не баюся. I сцякае па твары вада, Быццам дотык самога Ісуса.
* * *
Гэта восень. Яшчэ незаўважная. Што ж спадзявацца На яшчэ адзін шанс, на яшчэ адну спробу здзяйснення. Пахне верасам. I што карысці гаворкі дарадцаў, Што яшчэ маладая і вартая слёзаў натхнення. Я — падсудная ў гэтым забруджаным, стомленым свеце. Я свой крыж не ўсцягнула і да палавіны дарогі. Я лічыла аблокі, лавіла абдоймамі вецер I ні разу ў зямной баразне не запэцкала ногі. Непатрэбная самая ў свеце патрэбных і важкіх, Нават восень сваю самавіта сустрэць не ўгадаю. Аблятае лістота. Мой крыж анічога не важыць. I лічу я аблокі. I новую песню складаю.
СТАРЫ ЗАПАВЕТ
1 Цудоўны Іосіф

«Калі Іосіф прыйшоў

да братоў сваіх, яны знялі

з Іосіфа адзежу яго, адзежу

рознакаляровую, якая была на ім;

і ўзялі яго, і кінулі яго ў роў...»

Быццё, З7.2З-24
I прадалі цябе твае браты, Каб каляровай не насіў адзежы, Абрыдзеў — бо інакшы... Зараз ты Няпэўнай хвілі і купцам належыш. Над хвалямі бясконцымі пяскоў Цыклопам вісне сонца Палесціны. Браты нясуць у клунку да бацькоў Тваю адзежу і кіпцюр ільвіны. Ну хоць цяпер навучышся ілгаць, Анёльскі хлопчык? У людзях — прыдасца, Там, дзе стаць егіпецкі палац I пальмы ў Ніл замутнены глядзяцца. Маленькі дабрадзей чужой зямлі, Снабачаннік, аматар лашчыць словы... Цябе браты ўсё роўна прадалі б. А не насі адзежы каляровай.
2 Нараджэнне Майсея

« ...і вось, дзіця плачаў кошыку;

і злітавалася над ім дачка фараонаеа...»

Сыход, 2.2
Нібыта папірусны звітак, разгорнуты дзень. Дачка фараона сядзіць перад бронзавым люстрам. А кошык з маленькім Майсеем плыве па вадзе, Нікім не заўважаны. Сення на беразе пуста. Ніхто не абудзіць скароны, згалелы народ. Калыска лазовая зробіцца ў хвалях труною. Прынцэса глядзіцца ў люстэрка, прыкладвае лёд Да шчокаў смуглявых, каб ззяць прыгажосцю зямною. А маці на крык немаўляці не смее ісці. I кошык сплывае туды, дзе мядовыя рэкі. I што нам чакаць у егіпецкім нашым жыцці, Калі нараджаюцца нашы прарокі так рэдка. I мы не ўратуем нікога з прарокаў сваіх. Пад нашымі стрэхамі ім не знаходзіць прытулку. I крык немаўляці ў вільготным тумане заціх, I маці трымае ля вуснаў скрываўленых рукі.
3 Сыход з Егіпту

«Калі народ пабачыў што Майсей доўга не сыходзіць з гары, то звярнуўся да Аарона і сказаў яму: устань, і зрабі нам бога...»

Сыход, З2.1