* * *
Зрабіцца ценем у краіне ценяў,
Кружыцца ў карагодзе сумных сноў,
Тужыць, і спадзявацца зноў і зноў —
Народзіцца Арфей, які ацэніць
Пагаслы геній твой, і прызаве,
I выкліча твой прывід з пекла часу,
I будзе новы свет, і будзе шчасце,
I лаўравы вянец на галаве.
Марэнне ценяў. Што да іх — жывым?
Прыступкі пекла выкладзены з вершаў.
Ты зразумей: ніхто не будзе першым,
I кожнага атруціць часу дым.
Цень не парушыць сонечны спакой —
Арфей заняты песняю сваёй.
* * *
З нікуды — у нікуды мой цягнік,
Ляцяць травой парослыя адхоны.
Манеты лічыць бледны праваднік,
Яго калісьці клікалі Харонам.
Важдацца з чоўнам — старасвецкі міф.
Куды прасцей — цягнік, вагоны, рэйкі.
Жыццё па-за жалезнымі дзвярмі
Да хваль марскіх свае зганяе рэкі.
Забудуся на цёмныя віры
У бездані, у вогненным бязмежжы.
I коціцца каменнямі з гары
Мной збудаваная калісьці вежа.
ВАРАГІ
У сябе зазіраць неахвота маленькаму вою.
Там нічога няма, у душы,
што названая вечнай
Рассцілаюцца ў небе спісаныя лёсаў сувоі,
I замежнага князя ўсё кліча аблуднае веча.
Праплывае па самай паверхні снабачання ява.
Пазірае спалохана князь на чужыя натоўпы.
Быццам пластыр на рану,
прыліпла абрыдлая слава,
I змушае цягнуцца да ўзораў паважнай Еўропы.
Захлынаецца болем
чарговы маленькі паўстанец,
I нікога не збудзіць
яго пахавальная песня.
Перад князем русалкі
вясельны выконваюць танец,
I па новай труне
распаўзаецца белая плесня.
* * *
Ці абуджаюся — ці паміраю.
Стукае сэрца ў сусветную цвердзь.
Раскрыжаваць на прыступцы да раю —
Вытанчанней пакарання не мець.
Праведны люд падымаецца ў неба,
Лёгка ступае на грудзі мае.
«Так і належыць, напэўна, так трэба»,—
Нацыянальны характар пяе.
Часам пасядуць вакол херувімы,
Каб адпачыць ад ухвал і святла...
Не адарвацца ад любай радзімы.
Усімі цвікамі ў душу мне ўвайшла.
* * *
I зноў забівае сонца
сведкаў свайго гарэння.
Крылаў яно не любіць
і Вавілонскіх вежаў.
Толькі ў напрамку сонца
нашы лятуць марэнні,
Толькі ў напрамку неба
зноў вырастаюць вершы.
Сыпецца попел шэры
на зямныя галовы.
Апёкі гараць на душах,
і чырвань перад вачыма.
I зноў у напрамку сонца
ўзлятаюць сляпыя строфы,
Хоць там яны непатрэбны,
а тут яны немагчымы.
* * *
Выснова дня: ён мог бы і не быць.
Нашто чакалі?
Не збылося слова.
Суцешыць хоча мой анёл-ахоўнік,
Ды ён не ўмее гучна гаварыць.
Жыццё віруе безліччу спакус.
I хто падкажа — дзе высокі востраў?
Вузей сцяжынкі і шырэй пагосты,
Стракатае трыко — для нашых муз.
Дзень быў пусты, як душы.
Можа быць,
Мы хутка назавём яго найлепшым.
Я не жадаю болей гэтых вершаў.
Яны — нішто.
Анёл-ахоўнік спіць.