Выбрать главу

Янка Купала

Бандароўна

З народнай песні
I
Не віхор калыша лесам,           Не ваўкі заводзяць, Не разбойнікі талпою           За дабычай ходзяць.
На Ўкраіне пан Патоцкі,           Пан з Канёва родам, З сваёй хеўрай гаспадарыць           Над бедным народам.
Дзе заедзе, банкятуе           Сам ён, яго варта; Ні старому, ні малому           Не спускае жартаў.
Калі ж дзе ўпадзе у вока           Хараство дзявоча, - Абняславіць, абнячэсціць,           Бацьку плюне ў вочы.
Стогне змучана Ўкраіна,           К небу шле пракляцце, Ды Патоцкага збаўляе           Хеўра і багацце.
Да сягоння жыве памяць           Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне           І на Беларусі.
Ў сёлах, як клялі дагэтуль,           Так і праклінаюць, У палацах яго толькі           Міла ўспамінаюць.
Аб прыгожай Бандароўне           І аб справах пана Засталася у народзе           Песня здавен-даўна.
II
Ў слаўным месце Берастэчку -           Слаўны Бандарэнка, Ў яго дочка - Бандароўна,           Пашукаць - паненка.
Хараства такога ў свеце           Не было, не будзе; Аб ёй людзі гаварылі,           Як аб нейкім цудзе.
Як маліны, яе губкі,           А твар, як лілея, Як дзве зоркі, яе вочы,           Гляне - свет яснее.
З плеч сплываюць яе косы,           Як бы сонца косы, І іскрацца, як на сонцы           Брыльянцісты росы.
Рост высокі, стан павабны,           Ўся, як цень, павеўна, Як ідзе яна, бывала, -           Набок каралеўна!
А сягоння ж выглядае           Лепей, як заўсёды, - У карчомцы з казакамі           Цешыцца з свабоды.
У гульні сама рэй водзіць,           Весела міргае, Задзіўляе усіх чыста,           Як зара якая.
Ой, гуляй жа, Бандароўна,           З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць,           Сочыць на каханку.
III
К таму часу ў Берастэчка           К дружыне казачай Прыблукаўся пан Патоцкі           З хеўраю лядачай.
Як пачуў ён у карчомцы           Зычную забаву, Туды йдзе сваю бясчэсну           Паказаці славу.
Банкятуе з казакамі,           Мёд, віно п'е квартай, К маладзіцам і дзяўчатам           Лезе смоллю ў жарты.
А найгорай к Бандароўне           Ён прыстаў абрыдна; Цалаваць, абняці хоча,           Ажно глянуць стыдна.
Асцярожна, пан Канеўскі!           Будзе ліха, будзе, Не забудзься, што сумленне           Ёсць і ў простым людзе!
Не папусціць ў крыўду славу,           Славу ды свабоду, Хоць і дуж ты, і багаты,           Ды панскага роду.
Ох, патрапіць народ часам           За сябе ўступіцца, - Зруйнаваць палацы вашы,           Вашай кроўю ўпіцца...
Лезе пан да Бандароўны,           Ўвесь гарыць, бы ў жары; Тая, жартаў не пазнаўшы,           З'ехала па твары.
IV
Жудка, жудка дым пажарны           Бухае уночы, А жудчэй яшчэ у пана           Задымелі вочы.
Выгражае кулакамі           Ўсёй казачай брацці: - Ўсе адказ дасцё мне зараз -           - Дочка, бацька, маці!
- Асцярожна, ясны пане,           З грозьбамі сваімі! - Забурчала старшына ўся,           А моладзь - за імі.
Выбег з хаты пан Патоцкі           Зваць сваю дружыну, А старэйшы людзі вучаць           Бедную дзяўчыну:
- Уцякай жа за пагодай,           Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны,           Покі сіл хапае!