Выбрать главу
Пі, гуляй з сваёй раўнёю,           Покі ваша сіла, - Бандароўне больш да твару -           Чымся ты - магіла.
Не прадасць яна дзявоцтва,           Як ты, пан, сумленне; Твае ўгрозы ёй не страшны,           Не страшна цярпенне.
Перад панам тым з Канева           Смела дзеўка стала, Смела гледзячы у вочы,           Смела адказала:
- Дужы ты з сваім багаццем,           А я сілы большай, - За мной праўда і народ мой,           За табой жа - грошы!
Чым з табою піць, гуляці,           Ночкі каратаці, - Лепш навекі косці парыць           У зямельцы-маці!
IX
Тут як стрэліў пан Канеўскі           Ў лева яе вуха, - Стала наша Бандароўна           І нема, і глуха.
Палілася кроў чырвона,           Сэрца абамлела, Павалілась на зямельку,           Як бярозка бела.
Парасплеценыя косы,           Як тыя галінкі, Леглі пасмамі хваліста           Тут жа ля дзяўчынкі.
Толькі з крыўдай аднальковай           Вочы пазіралі, Як бы ўсіх пытаць хацелі:           За што пакаралі?
Дый заглянулі, знаць, крэпка           Ў ворагава сэрца: Пан Патоцкі ўжо не рад стаў
          Сам сабе і дзеўцы.
Праклінае сам самога           І такую ночку; Кліча бацьку, кліча матку,           Каб забралі дочку.
Як прыходзіў Бандарэнка,           А з ім - Бандарыха, Галасілі над дачушкай,           Галасілі сціха.
Ой, ламалі свае рукі           Стары са старою: - Налажылась донька наша           За ўсіх галавою!
X
Забіралі бацька, маці           Родную дачушку, Неслі ціха, асцярожна           Сваю мёртву служку.
Дзе йшлі з ёю, кроў чырвона           Капала паволі І блішчэла па ўсёй сцежцы,           Як раса на полі.
Як прынеслі Бандароўну           Да святліцы новай, Палажылі памаленьку           На лаве дубовай.
Прыбіралі, як да шлюбу,           Ў белю і вэлёны, Запляталі буйны косы           Ў каснікі чырвоны.
Пазлацістыя на пальцы           Персцяні ўздзявалі, У замшовы чаравічкі           Ножкі абувалі.
З руты-мяты ёй вяночак           Вілі у дамоўку, Як карону каралеўне,           Клалі на галоўку.
Збілі з дошак габляваных           Белу дамавіну І складалі ў ёй няшчасну           Забіту дзяўчыну.
Спіць сном вечным Бандароўна           І болей не ўстане, А над ёй пяюць старыя           «Вечна спачыванне».
XI
Неспакоен пан Патоцкі           У сваёй правіне, Што ўчыніў такую крыўду           Ні пра што дзяўчыне;
Хоча грэх свой чым загладзіць           І віны убавіць; Бандароўну хоць па смерці           Думае праславіць.
Ён спяшыць на баль хаўтурны,           Пыхай паганяны, Шоўкам кажа абіваці           Гроб той дзераўляны;
Шоўку, золата, атласу           Браці, колькі хваце, Кутасамі залатымі           Труну абчапаці.
Загадаў капаці яму,           Мураваці з мура, Каб магілкі не размыла           Ні вада, ні бура.
Загадаў слаць да магілак           Сцежку дыванамі І пасыпаць дываночкі           Белымі цвятамі.
Як панеслі Бандароўну           На вечна хаванне - Загадаў іграць музыкам           Сумнае ігранне.
Як спушчалі Бандароўну           На той свет вялікі, То яшчэ сумней зайгралі           Панскія музыкі.