У падвале было сыравата - і карціна каля рамы ў тым рагу, якім Кашыну па галаве гвазданула, трохі абшалупінілася. Але праз тое яна здавалася яшчэ даўнейшай, яшчэ больш на шэдэўр выглядала. Нават шкада стала яе аддаваць. Ды нічога іншага, што мела б вартасць, роўную кошту паловы кватэры, у Сяўко не было. Таму ён абгарнуў карціну газетамі, абвязаў шпагатам і рушыў на вуліцу.
Ісці было няпроста. Калі спрабаваў несці карціну спераду, рама балюча біла па галёнках, ззаду - па лытках. Збоку адной рукой не ўтрымаць, дзвюма - спіну перакручвала. А ў яго радыкуліт. Ад радыкуліту, вядома, не памрэш, але праляжаць з ім можна болей, чым Кашын ляжыць са сваім... 3 чым сваім? Халера ведае, што ў Кашына за халера! Тут баішся, каб горш яму не стала, карціну прэш, шэдэўр, а там падхопіш што-небудзь... І прыйдзе Кашын адведаць?..
Дзверы кватэры, у якой жылі Кашыны, адчыніла незнаёмая жанчына ў халаце, худая і змораная.
«Сядзелку нанялі...» - падумаў Сяўко і спытаў:
- Гаспадар дома?
- Дома, - няветліва адказала сядзелка. - А вы хто? Выдавец?
Сяўко разгубіўся.
- Чаму выдавец?
Сядзелка зірнула на яго злосна.
- Бо выдавец ганарар павінен прынесці! Вы прынеслі ганарар? Труну няма за што купіць!..
«Памёр!» - сціснула, сцяла Сяўко. І як нечакана сцяла - гэтак нечакана адпусціла. Зусім адпусціла, нібы провад з высокім напружаннем нехта ад галавы адняў. Горш, лепш, памрэ, не памрэ... Памёр - і ён першы, як сябар, каля нябожчыка. Як у свеце гэтым пастаноўлена, як павінна быць.
Але чаму ён першы? Трэба яму першым быць? Яшчэ скажуць, што ён толькі й чакаў, калі Кашын памрэ. За дзвярыма стаяў... І грошы трэба будзе адшкадаваць, труну ў іх няма за што купіць, а грошай пры сабе Сяўко не меў. А калі б і меў...
Яму захацелася павярнуцца і пайсці, ён нават спробу такую зрабіў, але злосная сядзелка ўхапілася за шпагат на ўпакаванай карціне:
- А гэта што?
- Карціна.
Сяўко прыціснуў пакунак каленам да сцяны, сядзелка цягнула яго да сябе.
- Якая карціна?
- Някрасаў у...
Ён забыўся, як называецца карціна. У перыяд... Які перыяд?
- Заносьце! - не стала гуляць з ім у перацягванне шпагата сядзелка.
- Карціна дык карціна. Хоць нешта, калі не грошы.
Яна выйшла на лесвічную пляцоўку і, аказаўшыся ў сваёй худобе нечакана моцнай, упіхнула Сяўко ў кватэру. Ён пратупаў з вітальні ў пакой, які быў у Кашыных гасцёўняй - і здранцвеў. На канапе каля сцяны, на трох высокіх падушках ляжаў пад белай прасцінай нейкі іншы, з барадой, зусім не падобны да Кашына нябожчык, а наўкол яго сядзелі незнаёмыя людзі. Адзін з іх, як і нябожчык, быў з барадой, толькі барада ў яго была меншая, такая бародка, другі - з бакенбардамі, а трэці без барады і без бакенбардаў, але ў акулярах.
- Вось... - шмыгнуўшы носам, сказаў адзін з іх, той, які ў акулярах. - Пакінуў нас... А мы спадзяваліся...
І той, які ў акулярах, і той, які з бародкай, і той, які з бакенбардамі - усе яны разам з нябожчыкам некага нагадвалі, Сяўко іх зусім нядаўна недзе бачыў, але дзе? «Хто яны, што ж гэта такое?..» - напружваўся, каб успомніць, Сяўко, азіраючы таксама нібы незнаёмы, абстаўлены старадаўняй і, пэўна ж, ой, якой не таннай мэбляй, пакой, а тут сядзелка штурхнула яго ў спіну: «Ды развязвайце, паказвайце...» - і Сяўко хіснуўся, ледзь не ўпаў, але не праз тое, што яго сядзелка штурхнула, праз іншае: гэта ж Някрасаў! А побач з ім Дабралюбаў з Бялінскім! І Міцкевіч! Вось што гэта такое! Усё, як на карціне, толькі не на той, якую ён прынёс, загарнуўшы ў газеты і перавязаўшы шпагатам, а на той, якая была ў ягонай галаве - і ажыла ў кватэры Кашыных! Бялінскі не быў бюстам, а Міцкевіч з Дабралюбавым не былі партрэтамі! Міцкевіч сядзеў на канапе ў нагах Някрасава, Дабралюбаў - каля канапы на зэдліку, Бялінскі - каля століка на крэсле. На гэтакім венскім, з гнутай спінкай...
Злева на століку, каля якога сядзеў Бялінскі, стаяў, чаго не было на карціне Крамскога, бо партрэты і бюсты не п’юць, дзьмуты штоф з кілішкамі. Літаратары выпівалі. Гулялі. Справа на століку ляжалі карты, пасярэдзіне - куча асігнацый.
А ім труну няма за што купіць...
Можна было б падумаць, што ён, Аляксей Сяўко, звар’яцеў, але, калі б яно было так, дык наўрад ці ён так бы думаў, бо вар’яты пра тое, што яны вар’яты, не думаюць, - гэта Сяўко вычытаў некалі ў некага з рускіх літаратараў. Тады што з ім?..
- Паказвайце, паказвайце... - казаў, дапамагаючы развязаць шпагат, бо ў Сяўко трэсліся рукі, той, які быў у акулярах. Мусібыць, Дабралюбаў. Ці, можа, Бялінскі, Сяўко са школы іх блытаў. - Пабачым, як Іван Мікалаевіч справіўся з кампазіцыяй. У яго з гэтым, між намі кажучы, не надта. Партрэтыст-та ён партрэтыст, а вось што да кампазіцыі...