І пасля яго?.. І пасля Кашына?.. І дарма нехта думае, што ён такі... ну, не гэтакі, як іншыя?.. Не, дудкі, гэткі самы, і Кашын праўду на сходзе сказаў, што ўсе вартыя толькі прыбіральні прыдарожныя праектаваць - і то на адно ачко.
А якія прыдарожныя прыбіральні ў Ізраілі?..
- У ачко! - падумаўшы пра прыбіральні ў Ізраілі, нечакана для самога сябе рашуча сказаў Сяўко. - Калі гуляем, дык у ачко!
- Чаму ў ачко?.. - спытаў, бо Кашына на сходзе не чуў, Міцкевіч, а худая, падняўшы карту, якая выпала з калоды, калі Някрасаў рукі складваў, амаль узмалілася: «Не гуляйце вы з імі!.. Круцялі яны! Махляры!..»
- Фёкла праўду кажа! - пачаў мяшаць карты нябожчык. - Ведаеце, які я махляр! Які круцель! Ды большага за мяне круцяля і махляра ва ўсёй рускай літаратуры не было! І гэта мой, калі хочаце ведаць, найвялікшы гонар! А не нейкія там два радкі пра беларуса... Вы, дарэчы, беларус?
Не так даўно быў перапіс насельніцтва, і паненцы, якая прыйшла яго перапісваць, Сяўко сказаў, што ён беларус. Збіраўся сказаць, што рускі, а сказаў, што беларус, сам не разумеючы, чаму... Можа быць, паненка гэтак выглядала, што ёй нельга было сказаць: я рускі.
- Беларус.
- Волосом рус, видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый, больной белорус: губы бескровные, веки упавшие, язвы на тощих руках, вечно в воде по колено стоявшие ноги опухли, колтун в волосах! - прадэкламаваў Бялінскі. - Геніяльна!.. Ліхарадка, язвы, калтун!.. - і прапанаваў Сяўко. - Вы сядайце на маё крэсла, я ў ачко не гуляю.
Нябожчык, хоць Бялінскі і пахваліў ягоныя вершы, насупіўся.
- Геніяльна... Гэта цяпер - геніяльна! А як было, нагадаць? «Думкі пра аўтара зборніка «Мары і гукі» зводзяцца да аднаго: пасрэднасць у вершах невыносная». Такое пра мяне, пра маю кнігу!.. Я скупіў, спаліў увесь наклад! Колькі грошай згарэла... А ён яшчэ ў ачко не гуляе! Чаму?
Бялінскі не стаў вінаваціцца ў колішніх грахах.
- Бо ачко - гульня жулікаў.
Фёкла, худая і змораная жонка нябожчыка, падбачэнілася.
- А вы хто?.. Жулікі і ёсць.
Нябожчык жэстам запрасіў Сяўко сесці на месца Бялінскага.
- Вось я жонку з вёскі ўзяў. У горад вывез. І што? Дзе ўдзячнасць? Хай бы там і сядзела... Яна ў мяне другая, першая гарадская была, блакітная кроў. Са шляхты, - зняважліва зірнуў ён на Міцкевіча. - Дарма я з ёй развёўся, хоць мы і не вянчаліся. Рэўнасць заела!.. - і ён прадэкламаваў нібы назло Фёкле: «Мы разошлись на полпути, мы разлучились до разлуки и думали: не будет муки в последнем роковом «прости». Но даже плакать нету силы. Пиши - прошу я одного. Мне эти письма будут милы, и святы, как цветы с могилы, с могилы сердца моего!»
- Геніяльна! - усклікнуў Бялінскі. - Мука! Разлука! Магіла!.. - болей ён, падобна, не ведаў, што сказаць, а пакрыўджаны Міцкевіч пракінуў пагардліва, як палякі ўмеюць: “Вы б лепей оду вешальніку прачыталі!” Гэта не спадабалася ні Някрасаву, ні Бялінскаму, ні Дабралюбаву, які хоць і прамаўчаў, але паглядзеў на Міцкевіча як на чалавека, якога нельга запрашаць у кампанію, дзе нябожчыкі вершы чытаюць.
- Жулікі. - доўжыла сваё, нібы не чула ніякіх вершаў, Фёкла. Во кватэру гэтую выжулілі. І дзе тут карціну вешаць? - Ты скажы мне, Коля: мы тут, у правінцыі, жыць збіраемся?
Нябожчык задумаўся, нібы ўспамінаючы нешта, пасля прадэкламаваў:
- Мятеж прошёл, крамола ляжет, в Литве и Жмуди мир взойдёт... - і рукой махнуў. - Нідзе я не збіраюся жыць! Толькі паміраць. Так лепей, усе шкадуюць.
Сяўко ў яго ўперыўся.
- Вы выйгралі гэтую кватэру ў карты? У Кашына?
- Выйграў. А ў Кашына, не ў Кашына... Хто ён такі, каб помніць?
Гэта Сяўко спадабалася больш, чым вершы. А то гонару ў Кашыне шмат: маставік незаменны!
Ніхто не іншы, не інакшы. Усе аднолькавыя.
Усё залежыць ад таго, як карта пакладзецца. Да каго якая. А гэта ў залежнасці ад таго, на якім месцы сядзіш.
Сесці на месца Бялінскага - адна карта, на іншае - іншая.
Дастаткова дзве карты, каб вярнуць кватэру Кашыну - і хай сабе ён хоць памірае, хоць не! Калі ўгадаць, дзе сесці, дык Кашын будзе Сяўко паўкватэры вінен, а не Сяўко яму!
- Гуляем з умовай, - сказаў Сяўко нябожчыку. - Карціна супраць кватэры.
Ён перакананы быў, што ці нябожчык, ці нехта іншы з рускіх літаратараў пачне спрачацца, стане пярэчыць, але ніхто ні спрачацца, ні пярэчыць не стаў. Толькі Дабралюбаў здзівіўся:
- Навошта вам гэты катух? Вунь грошай колькі ў банку! Сапраўдных, яшчэ царскіх!
У кучы асігнацый царскія чырвонцы ды кацярынкі былі перамешаныя з беларускімі рублямі. Кашын, мусібыць, не толькі кватэру прайграў. Але гэта ўжо ягоная праблема.
Чамусьці не хацелася Сяўко на крэсла сядаць. Хоць месца гэтае было найлепшае. А вось не хацелася сядаць на яго - і ўсё.
- Можна я на ваш зэдлік сяду? - спытаў ён Дабралюбава. - А вы на маё крэсла.