Выбрать главу

- Чаму я павінен свайго выкінуць? Няхай Дабралюбаў свайго выкіне.

Дабралюбаў, ці, мусібыць, Дабралюбаў адсунуўся ў крэсле і паглядзеў на Сяўко непрыязна.

- Скуль вы выдаеце, што я Дабралюбаў?

- А!.. - падскочыў нябожчык. - Дабралюбаў, не Дабралюбаў! Сувораў, Мураўёў!.. Вы падглядваеце адзін у аднаго! А яшчэ мяне круцялём называеце!

Хто яго круцялём называе? Ён сам сябе круцялём назваў.

Падскочыўшы, нябожчык махнуў прасцінай і перавярнуў сваю карту на крайку стала: бубновы туз!

- У мяне таксама, - паказаў бубновага туза Міцкевіч. Чацвёртага ў калодзе.

Нябожчык развёў рукамі

- Вось бачыце... Ва ўсіх тузы. А то круцель, махляр... Нічыя!

- Як нічыя? - не згадзіўся Сяўко. - Гэта ж не шахматы. І не шашкі.

Дабралюбаў зноў у яго ўчапіўся з той жа непрыязнасцю.

- Скуль вы ведаеце, што не шахматы і не шашкі? Карты выпадкова карты. Карты маглі быць шахматамі. Ці шашкамі. А шахматы ці шашкі - картамі.

«Яны ўсе тут заадно!» - падумаў Сяўко, не зразумеўшы таго, што сказаў Дабралюбаў, і запатрабаваў, паклаўшы руку на свайго бубновага туза:

- Яшчэ!

Імгнення не прамарудзіўшы, нябожчык кінуў яму карту на канапу:

- Калі ласка!

Сяўко падняў карту: бубновы туз! Ачко!

- Якое ачко? - насунуўся на яго нябожчык. - У вас дваццаць два! Пе-ра-бор!

Дзе ж перабор, калі ў такім выпадку туз ідзе за дзясятку?

- Які перабор... - пачаў Сяўко, а нябожчык кінуў калоду:

- Якая дзясятка? Туз гэта туз! Адзінаццаць плюс адзінаццаць! Дваццаць два! І ўвогуле: скуль у вас другі бубновы туз? 3 другой калоды падклалі? У палякаў прыхапілі? - падняў і, паглядзеўшы, паклаў ён карту Міцкевіча. - Ведаў бы, што беларусы стануць такімі махлярамі, радка б пра вас не напісаў! - І нябожчык заклікаў у сведкі Дабралюбава з Міцкевічам. - Вось глядзіце: у нас па адным бубновым тузе, а ў яго два! Як такое можа быць? Круцель! Вон круцяля! Як можа быць такое?

«Сапраўды...» - падумаў Сяўко, адчуваючы, што яму мазгі закліньвае, і павярнуўся да Міцкевіча, каб разам з ім выкрыць гэтых рускіх, а Міцкевіч адпстрыкнуў сваю карту, паказваючы, што гульня скончаная, і Сяўко раптам зразумеў, што і палякі ў змове з рускімі супраць беларусаў, а яму, дурню, здалося, што палякі змовіліся з рускімі беларусаў любіць...

- Я ж вам казала... - увайшла і паставіла на столік паднос з гарбатай і цукеркамі жонка нябожчыка. - Я ж вам казала...

Што яна казала?..

- Дык хто выйграў?.. - спытаў Сяўко ва ўсіх, і ўсе ад яго адвярнуліся, хто куды. - Чыя кватэра?.. Чыя карціна?..

Не гледзячы на яго, яму азваўся Міцкевіч.

- Нічые. Усё ў гэтым свеце нічыё. Вы яшчэ не зразумелі?

- Фёкла, правядзі госця, - лёг на падушкі нябожчык. - Стаміўся я.

Стаміўся ён... Памёр і стаміўся.

Трэба йсці, калі выпраўляюць. Не чакаць жа, пакуль у каршэнь папруць. Вунь іх, мужыкоў, хоць і нябожчыкаў, чацвёра ды яшчэ гэтая баба худая. Яна нібыта й не за іх, але не надта й за яго...

Сяўко падняўся і на аслаблых нагах, якія да ўсяго, як яму падалося, скрывелі, бо чапляліся адна за адну, падаўся да дзвярэй, у якіх успомніў, што не ўзяў карціну. Не пакідаць жа, калі нічыя...

Ён вярнуўся. У пакоі, дзе толькі што яго дурылі рускія літаратары з польскім паэтам, стаяла канапа, на якой ляжаў Кашын. У ягоных нагах сядзеў на канапе Каржакевіч, на венскім крэсле ў галаве Кашына - Маслюк, а збоку на зэдліку - Зусман. Увесь аддзел маставікоў іх праектнага інстытута - і ўсе яны, павярнуўшыся ў адзін бок, глядзелі на Любу, якая наводзіла на іх вочка фотаапарата.

- Во якраз і Сяўко, - падняўся з зэдліка Зусман, якога тыя махляры, якія толькі што тут былі, невядома як, але вярнулі з Ізраіля. - Я каля Маслюка стану, а ты сядай на маё месца. Паміж Польшчай і Расіяй!

Гэта ён намякаў на тое, што Каржакевіч - паляк, а Маслюк - рускі. Знайшоў з кім прапанаваць сесці... Ведаў бы гэты Зусман, які заўсёды бліжэй да начальства месца выбіраў, таму і ў Ізраіль з’ехаў, побач з кім ён, Сяўко, толькі што сядзеў!

- Ну і што?.. - спытала Люба. - Гэтакі ўжо гонар побач з нейкімі старасвецкімі паэтамі пасядзець! Хто іх зараз чытае, усе тэлевізар глядзяць...

- і яна нацэліла фотаапарат. - Ты карціну адсунь, замінае.

Не, Люба не жанчына культуры, добра, што ён з ёй не ажаніўся. Яна карціну мастака І. А. Крамскога «М. А. Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» ні за 130, ні за 85 рублёў не купіла б! Задушылася б яна за 130 рублёў, гэта табе не Алёна...

Не пытаючыся, скуль Люба пра ягоныя пасядзелкі са старасвецкімі паэтамі ведае (мусібыць, Зусман, які не толькі да начальства бліжэй ладзіцца, але і ў кожную шчылінку зазірнуць не праміне, прабалбатаўся), Сяўко пажадаў гаспадару папраўляцца, забраў карціну і рушыў з кватэры, якую Кашын прагуляў Някрасаву ў карты, але пасля, падобна, у нешта адгуляў. Толькі не ў карты, бо Кашын нават у дурня гуляць не ўмее. Хоць, калі паглядзець на ўсё з іншага боку, дык як сказаць...