Выбрать главу
Заўсёды ты з ёй на сумеснай дарозе I ў яснае ранне і ў цёмнай начы. I сонца праменні, і сцюжу марозаў, І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы.
VI
Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі Вярнулася ворагаў мала дамоў — На даўняй Нямізе іх слалі снапамі, Крышыў на капусту іх Віцебск мячамі, У Полацку варам варылі з валоў.
Скуголіць панурая цень Банапарта, На хмурым чале яго чорны вянец: «Чаго я імкнуўся сюды так упарта? З расійцамі біцца ніколі не варта,— Скарыць іх не зможаш, а знойдзеш канец».
I грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей у старых курганах».
Гамоняць над рэчкай дубы і чароты Аб сіле народнай у тыя гады, Як лезлі з усходу французскія роты, Як іх дабівалі ў лясах і балотах Сякерамі, віламі нашы дзяды.
VII
Зямля Беларусі! Не знала ты горшых, Як немцаў-бандытаў, чужынцаў-звяроў. Але уцякалі і кайзера бошы З-пад сцен Магілёва, з-пад Полацка, Оршы Пад грозным ударам чырвоных байцоў.
Палала над краем Кастрычніка ззянне, Народ узнімаўся мільёнамі сіл, Па сёлах і вёсках гудзелі паўстанні,— Не ўдалася катам праменнага рання На гонях раскутых тваіх пагасіць.
I ты, не зважаўшы на раны і болі, Выходзіла ў пошуках праўды, святла. Як шумам дажджу ты ачысціла поле, Як дуб медналісты, расправіла голле I пошасць атрэсла і з долу змяла.
I будзе ён слаўны ва ўсіх пакаленнях На родных прасторах той памятны год, Навек незабыўны твой дзень абуджэння, Як рунню займаліся зоры насення, Як крыллі ўздымаліся ў буйны палёт.
VIII
Народ беларускі! Ты ўзняўся героем, Даволі набыўся ў нядолі, бядзе — I, твар свой абмыўшы крынічнай вадою, Абцёршы усходняй, шаўковай зарою, У будучнасць смела, адкрыта глядзеў.
Расправіўшы плечы, магутны, высокі, Стаяў ты, як волат, між родных далін, Як бор, галавою дастаўшы аблокаў, Над шумным жытнёвым прасторам шырокім, I вусны цвілі, як агні журавін.
Браты па нягодзе цябе раскавалі, З вачэй тваіх чорныя хмары знялі; Як бурнай паводкаю дужыя хвалі, Як буйныя ветры, што хвалі гайдалі, Абняў ты палеткі на вольнай зямлі.
Як гоман крынічны, як звон ручаёвы, Як плёскат бязмежных, блакітных азёр, Як гоман вясновых лістоў на дубровах, Тваё зазвінела свабоднае слова, Хвалой узляцеўшы да сонца і зор.
IX
Кастрычніку вечная, вечная слава,— Вялікія дні твой азначылі шлях, Ты вырасла дужай, ты стала дзяржавай, I, роўнай між роўных назваўшы па праву, Кастрычнік прывёў на шырокі прасцяг.
Ты ў вымытай бела кужэльнай сарочцы. Стан поясам слуцкім, як быццам зарой, Абвіла. I лёнам цвілі твае вочы, Калі ты, мінуўшы пахмурыя ночы, Упоплеч з вялікаю стала сястрой.
Ты сэрцам гарачым сваім адчувала, Што новае долі сустрэла часы. I ветры на хвалях, нібы на цымбалах, Аб днях урачыстасці гралі удала, I шумна спявалі бары і лясы.
Навек адыходзілі крыўды, абразы... Прыняўшы адзіны магутны саюз, У вольнай сям'і ты ўзнялася адразу, I вусны Паўночы і вусны Каўказа З любоўю шапталі імя — Беларусь.
X
Цябе, Беларусь, я шчасліваю бачыў, Як ты расквітнела на гонях сваіх. Спеў лірнікаў сумных над торбай жабрачай I горкія слёзы сірочага плачу Тады адышлі на дарогах тваіх.
А як ажывіўся прастор твой багаты! Вясна, як вясёлка, над полем прайшла — I выпрастаў плечы пакутны араты, I зніклі з лучынаю курныя хаты, А з імі мякіна сышла са стала.
Загойкалі пілы па лесе вясёла, Плугі захадзілі па чорнай раллі, Як звон, зазвінелі сасновыя сёлы, Сцяной загудзелі жытнёвыя долы, Крыніцамі песні твае пацяклі.