Як дорага сэрцу ты стала, краіна,
I поле тваё, і твае паплавы,
I дом твой, для госця адкрыты гасцінна,
I гоман пад небам, як спеў жураўліны,
I грозны, суровы твой шум баравы!
XI
О, як ты збіралася, сіла народа,
Як мора прымала раку і ручай,
I воляю партыі ў дні пяцігодак
Гамонкаю фабрык, гамонкай заводаў
Напоўніла родны, абуджаны край.
Турбіны-асілкі спакойна і важка,
Скарыўшы адвечныя нетры жуды,
Агнямі Арэсы — балотнае казкі,
Іх рухам нястрымным, і гулам, і бляскам —
Жыццём акрылілі твае гарады.
I чулася нам у прасторах шырокіх,
Як песняй спавіўшы лясы і палі,
Гудкі ўсіх заводаў гудзелі навокал,
У родных размовах здалёку-далёку
Да фабрык сталіцы, да Мінска ішлі.
Мы славілі час урачысты і новы,
Над полем калгасным другую зару,
Тваіх трактароў і машын перамовы...
Не ў лапцях лазовых, не ў світцы суровай,
А ў новым убранні жыла Беларусь!
XII
Мы ўвосень не зналі здабытку, як змераць,
Па свірнах засекі стаялі з дабром,
Па клунях ад збожжа ламаліся дзверы;
Буйныя антоны і слуцкія бэры,
Чарэшні і вішні былі за сталом.
Мы сеялі дбала, збіралі мы густа,
Мы з працы калгаснае ведалі плён —
У нас па вядру ураджала капуста,
I спорыла бульба рассыпчастым кустам,
I ў добрую сажань адборлівы лён.
А колькі ў нас ягад, чарніц і ажыны,
Па мхах журавіны да самай зімы;
А колькі вадзілася ў лесе дзічыны,
Шумелі чароты пад крыллем гусіным,
Чародамі ў рэках хадзілі самы.
Зямля Беларусі давала, што трэба.
Мы чулі, як сокі па нетрах гудуць,
I хлеб нам штодзённы, і ўсё, што да хлеба,
Здавалася нават, што зоры на небе,—
На гонкіх вяршалінах бору растуць.
XIII
Зямля Беларусі! Былі ў нас клапоты,
Каб ты урадліваю ўся зацвіла,
Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты,
Каналамі рэзалі нетры балотаў —
I з тванню знікала туманаў імгла.
Народная сіла скарыла паўсюды;
I там, дзе гібелі лаза ды імхі,
Дзе вокны бяздоння ляжалі пад хлудам,
Дзе продкі вялі з лесуном перасуды,—
Ішлі з перамогаю нашы плугі.
Мы ўзмахам рыдлёвак нядолю хавалі
I стомы ніколі не зналі ў руках.
Глухія палескія сумныя далі,
Як стрэлы, прабілі наскрозь магістралі,
I сталі сялібы на іх берагах.
Калі прыгадаеш, дык дзіву даешся,
Як многа зрабілася ў тыя часы.
О, як вы ўставалі, прасторы Палесся,
У нівах шырокіх, што ў казачных песнях,
У гомане буйнай жытнёвай красы.
XIV
Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты,
Ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй.
О, як ты прыгожа над Нёманам, лета!
Чаборам, рамонкам, мядункавым цветам
I водарам ясных купальскіх начэй.
Па вішнях і яблынях сонца разліта,
Яно над кустамі парэчак, малін;
Блішчаць сенажаці травой-аксамітам,
Хвалюецца возерам спелае жыта,
I шум канюшыны ўзлятае з лагчын.
Дарогі ў прысадах, бярозы, таполі,
Блакітнага неба струменіць віно,
Вятры пралятаюць, як песні над голлем.
Шырока-шырока калгаснае поле,
Куды ні паглянеш,— мяжы не відно.
Ніколі, ніколі, нідзе не забыцца,
Як хлопцы выходзяць адранкам касіць,
I росны мурог перад імі іскрыцца,
Як песні спяваюць вясёлыя жніцы,
Заплёўшыя ў косы красу зараніц.
XV
Знаходзілі мы адпачынак здаровы
Па ціхіх дубровах, па звонкіх гаях.
Азёры пад Леплем, бары Аўгустова
Дарылі паветрам смалістым, сасновым,—
Мы сілу, што крэмень, насілі ў грудзях.
Як добра, устаўшы вясной раніцою,
Адчуўшы на целе праменні цяпла,
Напіцца з цвітучых палёў сырадою
I ў чоўне паплыць задуменнай ракою
Пад мерныя ўсплёскі на хвалях вясла.