Выбрать главу
А з берага хіляць галовы купавы, А кветак на полі, нібы аганькоў, І ветры ўсяго абдымаюць ласкава, I кратаюць вусны духмяныя травы, А гоман птушыны, як хор гусляроў.
А як вы чароўны, Наддзвіння заходы, I ў дзень вераснёвы і ў сонечны май! Хто быў там аднойчы з якое нагоды, Дык той праканаўся і скажа заўсёды — Здаровы, прыгожы, азёрны наш край.
XVI
Зямля Беларусі, зялёныя долы! З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой Зачэрпнулі думы Купала і Колас, На кожнай сцяжынцы іх песня і голас З тваёю журбою і ўцехай тваёй.
Пад гоманы бору, куванне зязюлі Злажыў Багдановіч тут яркі вянок... I поле, і пушчы, і рэкі тут чулі, Як Цётка спявала, як марыў Бядуля, Як слёзы рассыпаў Мацей Бурачок.
А як разгарнуўся наш росквіт вялікі У дні нашай бурнай, прыгожай вясны. Мы радасным песням не ведалі ліку — Раслі спевакі, песняры і музыкі. Аб шчасці народным спявалі яны.
Зямля Беларусі! Ты ў граях-вяснянках, Ты ў звоне вясёлак, ты ў гуслях вятроў; Ты песня сама ад крыніц да заранкі, Ад зорак паўночных да сіняга ранку, Ты наша паэма з бурштынавых слоў!
XVII
Як гэта ўсё дорага сэрцу і блізка — Над ціхаю Свіслаччу строі муроў, Прасторныя плошчы і вуліцы Мінска...
Сталіца! Ты — нашага росту калыска, Спрадвечная слава бацькоў і дзядоў.
Сталіца! Магутнасць твая незлічона, Не раз ты суровую знала пару, Тут шаблі крышылі французы, тэўтоны, І шведы, і ляхі. Чужынцаў з праклёнам Ты біла, збіраючы ўсю Беларусь.
Сталіца! Цябе будавалі мы дбала У нашы савецкія, шчасныя дні, Ты быццам на крыллях увысь узлятала, Палац за палацам, квартал за кварталам, Такая, якою ніхто і не сніў.
Блакітнае неба над горадам-садам, Ускраіны ў гулкіх фабрычных гудках, I бронзавы Ленін ля Дома Урада Вітаў нашу сілу і буйную радасць I зваў нас нязломнымі быць у вяках!
XVIII
Мы славілі час той пад сцягам чырвоным, Што раны балючыя нам загаіў, Калі мы з братамі з-пад Буга і Нёмна, Разбіўшы іх путаў ланцуг пад'яромны, Сышліся навечна ў адзінай сям'і.
Адна гадавала нас родная маці, Хто ж мог нас дратамі мяжы падзяліць? Хто права займеў у прыгнечанай хаце Забраць у братоў нашых скарбы, багацці I волю пакінуць адну — галасіць?
Зямлю адабраўшы і роднае слова, Не ведалі майстры прыгнёту-ярма, Як Прыпяці нельга пасеч напалову, Як вольных вятроў не суцішыць размовы, Так нельга народ у палоне трымаць.
Калі мы з'ядналіся, слёзы, як росы, Ад шчасця па тварах у нас пацяклі, Бо прагнага сэрца жаданне збылося — У промнях рабіны вясёлая восень Хадзіла па ўсёй беларускай зямлі.
XIV
Дык будзьце пракляты на вечныя векі, Фашысцкай краіны забойцы-сыны, Што страцілі воблік, душу чалавека, Што ўсё разбурылі праз гвалты і здзекі, Што ў край наш прынеслі пакуты вайны.
Агорнута сэрца і болем і жалем, Ніяк не забыцца таго, Беларусь, Як ветры тужылі, як рэкі рыдалі, Як беглі гіа нівах крывавыя хвалі, Як хмары закрылі пад небам зару.
Як нікла здабытае намі ў сталеццях, Як горад ахуталі морак, жуда, Як нішчылі вуліцы выбухі смерці, Як чэзлі ў руінах забітыя дзеці, Як сонца з-за хмараў было не відаць.
Як зграі з'явіліся з гвалтам, прымусам, Як полымя крыллі плылі па начах... Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча!
XX
Зямля Беларусі! Ты ў гневе, ты ў ранах, Твой гнеў разгараецца сёння ў агні. Палямі-барамі сыны-партызаны, Жыцця шкадуючы, б'юцца аддана,— Не рэкі гамоняць, а зброя звініць!
Ты ўстала паўстанкай прад набрыддзю дзікай З азёрамі помсты ў грозных вачах. Ды гэта ж не сосны, а вострыя пікі, Ды гэта ж не вецер, а смерці музыка, Што грае на чорных, варожых касцях.