Выбрать главу
Па ўсіх неабдымных прасторах-абшарах Устала расплата, крывёй загула, Знаходзіць чужынцаў суровая кара, Грымяць Налібокі, хвалюецца Нарач, На бераг з палону выходзіць Сула.
Зямля Беларусі! У часіны нягоды Тваіх абаронцаў нязломная раць. Хто жыў тваім хлебам, хто піў твае воды, Хто меў тут прытулак у час непагоды, Гатоў той памерці, цябе ж ратаваць!
XXI
Бор шумны, бор грозны, вяшчун наш зялёны! Гамоніш вячыстай, сівой галавой, Як з вернай дружынай адважны Заслонаў Знішчаў акупантаў, скідаў эшалоны, Маланкам і бурам ён родны і свой.
Бор шумны, бор грозны, гамоніш з вятрамі, Галінамі сосен, ялін і дубоў, Як Міша Сільніцкі хадзіў тут шляхамі, Як роснае поле прыкрыў ён грудзямі I зоркай над роднай зямлёй узышоў.
Бор шумны, бор грозны, гамонкай сяброўскай Сягоння ты ўзняўся да самых аблок,— Як ворага косіць наш храбры Дуброўскі, Як нішчаць злачынцаў па сёлах і вёсках Паўлоўскі, Казлоў, Бумажкоў, Лабанок.
Бор шумны, бор грозны гудзіць над краінай... Сустрэнеш старога, малога — спытай, Спытайцеся ў хлопца, спытайся ў дзяўчыны, Адказ вы пачуеце толькі адзіны,— Што помсцяць яны за разбураны край!
XXII
Зямля Беларусі! У гуле і звоне Сягоння ўздымаешся вольнаю ты, Грымяць батарэі, імчаць эскадроны, Цябе вызваляюць з прыгнёту-палону Упоплеч з сынамі са ўсходу браты...
Не залпы гарматаў, а сотні вясёлак Пад снежаньскім небам высока лятуць. О, як асвятляе чырвоны наш золак Твае гарады і калгасныя сёлы, Што болей і болей з няволі ўстаюць.
А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры, Ім некуды дзецца ад грозных байцоў, Што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура. Ні снег, ні марозы, ні буры-віхуры Ніколі спыняць гвардзейскіх палкоў.
Да іх партызаны выходзяць сям'ёю, На ўсю Беларусь узлятае святло, Хай нашы палеткі абліты крывёю, Ты мужнаю ўстанеш і яснай вясною Рамонкамі зноўку расквеціш чало.
XXIII
Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі Мы рэйкі праложым, збудуем масты, Равы зараўнуем, засыплем плугамі, Сялібы абсадзім густымі садамі, На кожнай галіне расправім лісты.
Саберамся ў новай сасновай мы хаце, Пасадзім бярозку пад самым акном, Прыберам сірот у кужэльныя плацці, На покут пасадзім старэнькую маці I сядзем за радасным нашым сталом.
Мы пройдзем па вуліцах Мінска-сталіцы, Прыберам руіны, агледзім муры, Высока-высока ўзвядзём камяніцы, I зноўку над імі святло заіскрыцца У промнях вясёлых чырвонай зары.
Мы працаю ўзнімем за горадам горад, Зялёнаю рунню засцелем палі. I будуць над борам бурштынныя зоры, I будуць спяваць нам крыніцы, азёры I шумныя рэкі на роднай зямлі.
XXIV
Зямля Беларусі! Мы знаем — нямала Загінула ў бойках адважных сыноў. Мы верым, што знішчана будзе навала, Бо ўсіх нас адзінаю воляй з'яднала Магутная партыя бальшавікоў.
Яна нас нязломнымі навучыла, Нідзе не баяцца ніякіх нягод, У дні навальніцы давала нам сілу, Праз моракі ночы заранкай свяціла, Дала нам арліныя крыллі ў палёт.
Яна ўзгадавала нас дбайна, старанна, Дала неўміручы, жыццёвы наказ. Як з кроплі да кроплі гудуць акіяны, Так мы загартованы ў ёй і сабраны,— На свеце ніхто не падолее нас.
Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог, У братнім яднанні сям'ёю народаў Ідзём мы наперад упэўнена, цвёрда, I ўсходзіць над намі зара перамог!
XXV
Зямля Беларусі! Радзіма герояў! Сягоння ў змаганні бязмежная шыр. Ты ворага знішчыш, бо заўжды з табою Народы Саветаў з адданай душою. Ты шчасце сустрэнеш і радасны мір!