Па сьмерці Уладзіміра між ягонымі сынамі паўстала змаганьне за Кіеўскі пасад. Спачатку захапіў яго тураўскі князь Сьвятаполк і перабіў пры гэтым сваіх братоў: Барыса, Глеба і Сьвятаслава. За сьмерць братоў памсьціўся Яраслаў, празваны Мудрым, які кіраваў Ноўгарадзкім княствам. Ён разьбіў у 1019 годзе Сьвятаполка і заняў кіеўскі пасад. Полацкае княства пад кіраўніцтвам Ізяслава і ягонага сына Брачыслава, які княжыў ад 1003 да 1044 году, захавала сваю самастойнасьць і нават пашырала свае ўплывы на Ноўгарад. Калі-ж гэтага не ўдавалася зрабіць мірным спосабам, дык у 1021 годзе Брачыслаў пачаў вайну супроць кіеўскага князя Яраслава і падпарадкаванага яму Ноўгараду. Захапіўшы Ноўгарад, Брачыслаў узяў вялікія багацьці і шмат палонных, аднак выйграць і ўтрымаць даўжэй Ноўгарад Брачыславу не ўдалося, бо сілы Яраслававы былі большыя і Брачыслаў мусіў з ім пагадзіцца, абмяжоўваючы сваю ўладу Полацкім княствам.
VI
Усяслаў Полацкі і ягоиая дзейнасьць.— Далейшае змаганьне з Кіевам.— Усяславічы.— Высылка полацкіх князёў у Грэцыю.— Выезд некаторых князёў у Летуву і ў беларускія заходнія землі.
Пасьля Брачыслава, ад 1044 да 1101 году, княжыў у Полацку ягоны сын Усяслаў, празваны Чарадзеем. Ягоныя адміністрацыйныя і ваенныя здольнасьці апісаны ў слаўным літаратурным творы «Слова аб палку Ігаравым». Князь Усяслаў, гаворыцца ў «Слове аб палку Ігаравым», людзьмі кіраваў, князём гарады парадкаваў. Спачатку супольна з кіеўскімі князямі Яраславічамі ён ваяваў супроць вандроўных бандаў, званых полаўцамі, а ў 1065 годзе ўзяў Пскоў, але быў адбіты. У наступным 1066 годзе яму ўдалося заняць Ноўгарад, дзе ўзяў многа палонных і рознага багацьця. Супроць гэтага выступілі кіеўскія князі — Ізяслаў, Сьвятаслаў і Усевалад, якія напалі на Беларусь і ў 1067 г. занялі Менск, дзе пры рацэ Нямізе адбыліся нязвычайна заўзятыя змаганьні, аб якіх «Слова аб палку Ігаравым» кажа гэтак: «На Нямізе сьцелюць галовы, як снапы малоцяць цапамі сталёвымі, на таку жыцьцё кладуць, веюць душу ад цела. Крывавыя Нямізіны берагі ня збожжам былі пасеяны — пасеяны былі касьцьмі». Ня гледзячы на вялікі адпор Усяслава, перамога была ўсё-ж на баку кіяўлян.
Перамогшы Усяслава на рацэ Нямізе, кіеўскі князь Ізяслаў запрасіў яго да сябе на мірныя перамовы і падступным спосабам схапіў яго ў палон ды пасадзіў у вастрог («поруб» — падвал) у Кіеве. Але ў 1068 г. кіяўляне збунтаваліся супроць свайго князя Ізяслава і прагналі яго. Новым-жа кіеўскім князем абвесьцілі яны вызваленага з вастрогу ў часе бунту Усяслава Чарадзея. Аднак Усяслаў хутка пакінуў Кіеў, бо тужыў па родным краі, які любіў больш за ўсё. Будучы вялікім патрыётам, ён выехаў на Беларусь, а сьледам за ім пагнаўся прагнаны з Клева Ізяслаў, які пры дапамозе польскага караля Баляслава варочаўся на свой пасад. Змаганьне Усяслава Чарадзея з Ізяславам і ягоным наступнікам Манамахам трывала аж да 1083 году. Пры тым кіяўлянам удавалася захопліваць ня толькі Менск, але і Полацк, якія яны жорстка нішчылі. Усяслаў падобным спосабам адплачваўся кіяўлянам і нішчыў іхныя гарады. Аднак Усяслаў утрымаў Полацкае Беларускае Княства незалежным і аб'яднаў вакол яго ўдзельныя княствы: Слуцкае, Віцебскае, Аршанскае, Мсьціслаўскае, Лукомльскае, Друцкае. Пад сваім валадарствам меў Усяслаў таксама вялікую частку Прыбалтыкі. Наогул за часоў разумнага і спрытнага князя Усяслава Чарадзея Полацкае княства было моцным і слаўным.
Час княжэньня ў Полацку Усяслава Чарадзея, як згодна прызнаюць усе гісторыкі,— гэта вельмі выдатная эпоха ня толькі ў гісторыі Полацку, але і ўсяе гісторыі Беларусі. Магутнасьць Полацкай зямлі дасягнула тады вялікага значэньня. Эпоха Усяслава — гэта гераічны пэрыяд у гісторыі Беларусі. Пасьля сьмерці Усяслава (1101) пачаўся часовы палітычны заняпад Полацку.
Усяслаў пакінуў па сабе сем сыноў: Рагвалода, Рамана, Барыса, Глеба, Давіда, Расьціслава і Сьвятаслава. Між імі хутка паўсталі спрэчкі, у якія ўмяшаліся кіеўскія князі Яраславічы. I ў 1129 годзе Яраславічы занялі Полацк, зьняволілі некаторых сыноў Усяслава (Давіда, Расьціслава, Сьвятаслава) і вывезьлі іх у Грэцыю. Яраславічы пасадзілі на княжы пасад у Полацку Ізяслава Мсьціславіча, але ён ня доўга там быў, бо народ у 1132 г. проці яго збунтаваўся і прымусіў пакінуць Полацк.
Незадоўга Кдеў, а таксама Ноўгарад пачалі аканчальна занепадаць. Палачане на месца Ізяслава паклікалі аднаго з Усяслававых унукаў — Васілька Рагвалодавіча. Вярнуліся таксама ў Полацк зьняволеныя кіяўлянамі сыны Усяслава, і яны ды іхныя патомкі княжылі ў Полаччыне да паловы XII ст., падзяліўшы княства на ўдзелы, г. зн. меншыя княствы: Віцебскае, Менскае, Ізяслаўскае, Друцкае, Клецкае. Паўстала таксама княства Гарадзенскае і іншыя. Княствы гэтыя ўсё-ж трымаліся адзінства.