Ранейшыя нелады між князямі вельмі ўзмоцнілі вечы, і яны часта зьмянялі князёў. Так, прыкладам, у 1151 годзе веча выслала князя Рагвалода ў Менск, а на Полацкі пасад пасадзіла Расьціслава Мсьціславіча. Пасьля вярнула Рагвалода зноў у Полацк, а ў 1162 годзе выбрала за князя Усяслава Васількавіча, які княжыў да 1180 году і адзначыўся вялікім розумам і справядлівасьцяй.
Усе вышэйапісаныя падзеі, як вайна з Кіевам, вываз некаторых беларускіх князёў у Грэцыю, нутраныя нелады між князямі ды ўзмацненьне веча, прычыніліся да таго, што некаторыя беларускія князі выяжджалі на Жмудзь (сучасную Летуву) у Прыбалтыку і ў заходнія беларускія землі. Князі-эмігранты, меўшыя культуру, пашыралі свае беларускія ўплывы на захадзе, сярод жмудзінаў і ліваў (сучасных латышоў) каля ўзьбярэжжа Балтыцкага мора.Так, прыкладам, у 1102 годзе князь Барыс Полацкі, а ў 1112 г. Яраслаў Валожскі падпарадкоўвалі сабе часткі летувіскай ці, як агульна гавораць, літоўскай тэрыторыі. На зямлі латышоў полацкія князі пабудавалі крэпасьці Кукойнос і Гэрсіку. У канцы-ж XII ст. сучасныя лацьвійскія землі залежалі ад полацкага князя Уладзіміра.
Адзін з полацкіх беларускіх князёў з роду Усяслава Чарадзея, князь Расьціслаў, як падае летапіс, у 1128 годзе выбраны быў за гаспадара гораду Вільні.
VII
Роля Смаленскага княства.— Чарнігаўскае і Турава-Пінскае княствы.— Палітычныя і гандлёвыя дачыненьні з немцамі.— Першыя гандлёвыя граматы.— Беларусы на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора.
Пашырэньне ўплываў Полаччыны прыцягвала да Полацку смаленскіх беларускіх князёў, тым больш што праз Полаччыну Смаленск меў гандлёвы шлях да Балтыцкага мора. За Смаленскам зьбліжалася да Полаччыны і Чарнігаўска-Северскае княства, якое вызвалялася ад Кіева і Растова-Суздальскага княства. Да Полаччыны хінулася і Турава-Пінскае княства.
Княства гэтае яшчэ за часоў Рагвалада мела лучнасьць з Полацкам. Пазьней доўгі час было залежнае ад Клева, супроць якога Тураў часта бунтаваўся, аж пакуль у 1162 годзе пад кіраўніцтвам князя Юрага Туроўскага аканчальна вызвалілася і сталася незалежным княствам.
Смаленск, будучы ў складзе дзяржавы Рурыкавічаў, хутка выдзяліўся як асобнае княства і ў меру таго, як галоўныя цэнтры дзяржавы Рурыкавічаў — Кіеў і Ноўгарад — слабелі, ён узмацоўваўся. Да ўзмацаваньня Смаленску асабліва прычыніўся Смаленскі князь Расьціслаў Мсьціслававіч, сын кіеўскага князя Мсьціслава Уладзіміравіча Манамаха. У Смаленску княжыў ён ад 1127 да 1159 году і меў уплывы на Кіеў і Полацк. Ад 1159 году да 1168 году Расьціслаў займаў нават Кіеўскі пасад, а на свае месца ў Смаленск пасадзіў аднаго з сваіх трох сыноў — Рамана (1160—1174). Па сьмерці Расьціслава кіеўскі пасад захапіў Мсьціслаў Ізяславіч, а пазьней князь Сьвятаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі, які, між іншага, перабіў уплывы Смаленска ў Полацку, навязваючы з Полацкам блізкія сувязі. Сыны Расьціслава Раман, Рурык і Давід вялі барацьбу і з Мсьціславам і з Сьвятаславам Усеваладавічам. Ім удавалася некаторы час здабываць перамогу і займаць кіеўскі пасад. Калі Раман займаў кіеўскі пасад, а на сваім месцы ў Смаленску пакінуў сына Яраполка, дык смаленцы чамусьці прагналі яго і запрасілі да сябе Мсьціслава Ізяславіча. Раман прымушаны быў вярнуцца ў Смаленск і тут праводзіў вялікую культурную і асьветную працу аж да свае сьмерці ў 1180 годзе. Пазьней Смаленскія князі Мсьціслаў Раманавіч (1197—1214), Усевалад Рурыкавіч (1214—1219) ды, урэшце, Мсьціслаў Давідавіч (1219—1230) так узмоцнілі Смаленскае княства, што яно вярнула ізноў сабе павагу і сілу і не раз бараніла Полацкае княства, а таксама Ноўгарад і Пскоў ад чужацкіх нападаў. У 1229 годзе дайшло нават да таго, што на Полацкі пасад быў пасаджаны Смаленскі князь Сьвятаслаў Мсьціславіч. У сувязі з тым што на ўсходзе панавалі розныя вандроўныя банды, гандаль Полацку і Смаленску, а таксама бліжэйшыя кантакты з Цараградам зрываліся. Затое большая ўвага была скіравана на захад і на Балтыцкае мора, тым больш што крывічы, раней гандлюючы, езьдзілі ўжо ня толькі сваімі рэкамі, але і ўзьбярэжжам Балтыцкага мора ды на (востраў) Готлянд, дзе быў асяродак гандлю захаду з усходам.
Готлянд называлі іначай «вокам Усходняга мора». Ляжыць ён сярод Балтыцкага мора між Швэдзіяй і Лацьвійскім узьбярэжжам і там яшчэ ў VIII стагодзьдзі быў заснаваны горад Вісьбы. Туды пераважна прывозіліся тавары з крывіцкіх земляў, з гарадоў: Полацку, Смаленску, Віцебску, Ноўгараду. На Готлянд прыяжджалі нямецкія купцы, якія везьлі Балтыцкім морам беларускія — крывіцкія тавары далей на захад. ]