Выбрать главу

Гэтыя купцы пасьля пастанавілі навязаць беспасярэдня дачыненьні з народамі, жыўшымі на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора. Таму выправілі яны туды прыблізна каля 1143 году карабель. У часе буры карабель прыплыў у Рыскую затоку і трапіў у вусьце Дзьвіны. Купцы прайшлі тады 6 міляў ад мора ў глыб краю і пабудавалі на тары местачка для торгу, названае Ікскулем. Незадоўга, у 1201 годзе, на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора немцы заснавалі для гандлю другі горад, які назвалі Рыгай. Разам з нямецкімі купцамі пачалі прыяжджаць у Рыгу місыянеры хрысьціянства. Яны, атрымаўшы дазвол ад Полацкага беларускага князя Уладзіміра, якому было падпарадкаванае Лівонскае жыхарства, пачалі праводзіць сярод яго сваю місыю і ў канцы поўнасьцю заваявалі гэтае жыхарства.Ад гэнага часу, г. зн. ад пачатку XIII стагодзьдзя, маем ужо адмысловыя ўмовы беларуска-нямецкія. на аснове якіх адбываўся між беларусамі і немцамі гандаль. Умовы такія падпісвалі з беларускага боку гарады: Полацк, Смаленск, Віцебск, Менск, а з нямецкага боку— Данцыг, Брэмэн, Любэк, Мюнстэр, Готлянд, Рыга, "Кенігсбэрг і інш. Умовы гэныя давалі права свабоднага бязмытнага прывозу тавараў немцам у Беларусь, а беларусам — у Нямеччыну, ці краі, падпарадкаваныя ёй, а таксама рэгулявалі плату, суд, вагі, справу перагрузкаў, падаткаў, правіненьняў і г. д.

Першая ўмова Полацку з немцамі, па якой застаўся у гісторыі сьлед, была падпісаная ў 1200 годзе. Другая ўмова была падпісаная ў 1210 годзе. Падпісваў яе ад імя Полацку, Віцебску і Смаленску вышэйшы купец Людольф з Смаленску, які атрымаў на гэта ўпаўнаважаньне ад князя Мсьціслава Раманавіча, што княжыў у Смаленску ад 1197 да 1214 году. Наступныя ўмовы былі падпісаныя з немцам! ў 1214 годзе і ў 1223 годзе. Найбольш важная ўмова з немцамі была падпісаная ў 1229 годзе, ад імя Смаленскага князя Мсьціслава Давідавіча, княжыўшага ў Смаленску ад 1219 да 1230 году. Яна пашыралася на Віцебск, Смаленск і Полацк. У гэтай умове, між іншым, сказана, што госьці павінны карыстацца апекай «як браты». Шляхі камунікацыйныя павінны быць чыстыя, правознага мыта немцы па дарозе ў Смаленск ні смаленцы, якія езьдзілі ў Нямеччыну, не павінны плаціць.

Пасьля ўмовы былі зьменяныя. Уводзіліся некаторыя абмежаваньні. Так, прыкладам, у канцы XIV стагодзьдзя Полацк І Рыга стараліся ўтварыць сабе штэмпельнае права, што дазваляе прыежджым купцом прадаваць тавар толькі ў сьценах гэтых гарадоў, ня вывозячы яго далей. Былі таксама забаронены таргі між гасьцьмі, г. зн. між прыежджымі нямецкімі купцамі і купцамі маскоўскімі ў Полацку. Тавары павінны былі ісьці праз рукі мясцовых жыхароў, бо іначай гэтыя жыхары ня мелі-б ніякай карысьці.

Калі-ж заходзіла канечнасьць беспасярэдняга кантакту і гандлю немцаў з маскоўцамі, дык пры гэтым павінен быў быць беларус, і толькі тады мог адбывацца гандаль.

Апрача таго, быў абмежаваны гандаль раздробны прыежджых купцоў. Так, прыкладам, сукно можна было прадаваць толькі цэлымі штукамі, соль — мяшкамі, сякеры і нажы — тузінамі, віно, піва і іншае пітво — бочкамі, зялеза, волава, медзь і мосяж — цэнтнарамі, мушкатовы квет і мушкатовыя гарэхі, цытворны корань, гвазьдзікі, шафран ды іншыя пернасьці — фунтамі Гэтаксама купляць тавары дазволена толькі ў большай колькасьці: воск па 20 фунтаў, кажухі па 40 штук, вавёркі, гарнастаі, тхары, норкі па 250 шт., пагаш і дзёгаць — цэлымі тонамі. Такім парадкам было разьмежаваньне між гандлярамі краёвымі і замежнымі гуртавікамі. Гандаль, як бачым, у Беларусі ў сівой мінуласьці стаўлены быў адразу на здаровы шлях як у сэнсе гаспадарчым, так і палітычным. Гандлёвыя-ж умовы не звычайна цікавыя, далёкабачныя і, ня гледзячы на тое што яны пісаліся больш як 800 год назад, выглядаюць па сучаснаму.

VIII

Культура і асьвета.— Значэньне хрысьціянства.— Усходні абрад.— Пісьменнасьць. Мова.— Прадслава (Эўфрасіня) Полацкая.— Клімант Смаляціч.— Кірыла Тураўскі.— Помнікі старадаўнай пісьменнасьці.

Гандлёвыя сувязі Беларусі з Бізантыяй, а таксама з Скандынавіяй і Нямеччынай вельмі моцна прычыніліся да разьвіцьця культуры і асьветы. Бо купцы, прыяжджаючы на Беларусь, прывозілі ня толькі свае тавары, але і весткі аб тым, як жывуць, чым займаюцца, што робяць людзі ў іншых краёх Бізантыйскіх і Заходня-Эўрапейскіх, дзе культура была больш разьвітай, чымся на ўсходзе Эўропы. Найбольш, аднак, прычынілася да разьвіцьця культуры хрысьціянства, якое на Беларусь прыйшло ў X стагодзьдзі з Бізантыі ва ўсходнім грэцкім абрадзе і прынесла з сабою пісьменства, кніжкі і асьвету. Праўда, кніжкі хрысьціянскія, рэлігійныя, былі пісаныя ў царкоўна-славянскай (старабаўгарскай) мове, але пасьля людзі, пазнаўшы пісьменнасьць, пачалі пісаць арыгінальнай народнай беларускай мовай. Асьвета насіла таксама вылучна царкоўны характар і, як усюды першапачатна, пашыралася праз манастыры, дзе манахі перапісвалі кнігі і вучылі пісьменнасьці іншых. Манастыры-ж пераважна будаваліся ў гарадох. Будавалі іх, а таксама і цэрквы, князі, што выпісвалі на Беларусь духоўных і манахаў з іншых краёў, абдараючы іх вялікімі абшарамі зямлі за тое, каб яны за іх маліліся і навучалі набожнасьці ды паслухмянасьці народ