Выбрать главу

Крыніцамі расейска-польскіх прэтэнзыяў да Беларусі ёсьць звычайнае захопніцтва і гвалты. А вынікам іхняга панаваньня на Беларусі зьяўляюцца нязьлічаныя шкоды для беларускага народу ў палітычнай, культурнай і гаспадарчай галінах. Разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, падзел Беларусі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай трактатам у Рызе ў 1921 годзе былі актамі супольнага гвалту расейскіх пралетараў і польскіх паноў. Такім самым гвалтам была акупацыя Заходняй Беларусі савецкімі арміямі ў 1939 годзе. Цынічнае санкцыянаваньне гэтага гвалту праз галасаваньне бязвольнага Народнага Сабраньня ў Беластоку ня можа зьмяніць сутнасьці насільля. Мы адкідаем назаўсёды ўсе ланцугі чужацкай няволі і адмаўляем ім у праве дзеіць ад імя беларускага народу.

У дыскусыі над рэфэратам Шкялёнка выступалі гэнэрал К. Езавітаў і д-р Я. Малецкі. Езавітаў сьцьвердзіў рост беларускай нацыянальнай сьведамасьці і імкненьняў да незалежнасьці беларускага народу за 25 гадоў, праўшоўшых ад часу Першага Усебеларускага Кангрэсе. Пануючы сягоньня погляд — гэта дзяржаўная незалежнасьць для Беларусі, чаго ня могуць зламіць ні ранейшыя, ні новыя дагаворы, — зазначыў ён. Малецкі заявіў, што Маскоўшчына і Польшча заўсёды былі ворагамі Беларусі, •а іх трактаты — варожыя. Беларускі народ заўсёды пратэставаў супроць іх і цяпер яны для яго зьніклі.

Пасьля перапынку на абед далейшае паседжаньне кангрэсу распачалося дакладам Аўгена Калубовіча, сябра БЦР, «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквой і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». Рэфэрэнт зрабіў кароткі агляд падзеяў на Беларусі ад Першага Усебеларускага Кангрэсу, падаючы акт 25 сакавіка 1918 году, які абвесьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, як і збройную барацьбу Слуцкага паўстаньня ў абароне незалежнасьці. Аднак Савецкая Расея, працягваючы калёніяльную палітыку царскай Расеі, не дапусьціла да самастойнай беларускай дзяржавы. Яна стварыла Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, маскоўскую фікцыю дзяржаўнасьці. Дзейнасьць усіх дзяржаўных органаў БССР накіроўвалася дзяржаўнымі органамі СССР з Масквы. У БССР ня было наркаматаў абароны, замежных спраў, замежнага гандлю, шляхоў зносін, сувязі (пошта, тэлефон, радыё), авіяцыйнай прамысловасьці, боепрыпасаў, узбраеньня і г. д. Беларусь трактавалася як нутраная калёнія ў межах СССР. Абшар Беларусі Масква дзяліла і перадзельвала паводля сваіх меркаваньняў. Даўшы спачатку эканамічную і нацыянальную перадышку пад час нэпу, ад 1928 году маскоўскі ўрад распачаў пагром палітычнага і нацыянальна -культурнага, а ад 1929 году і эканамічнага жыцьця. Беларусы былі звольненыя з высокіх дзяржаўных і навуковых становішчаў і замененыя небеларусамі. Пад час калектывізацыі сельскай гаспадаркі было арыштавана, расстраляна або дэпартавана ў Сібір і Казахстан звыш 1 500 000 апорных сялянаў. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў канцлягеры беларускія вучоныя і інтэлігэнцыя: настаўнікі, лекары, пісьменьнікі і паэты. Арыштаваныя і дэпартаваныя ў сібірскія канцлягеры ў 1938 годзе былыя паслы польскага сойму і іншыя ўцалелыя беларускія дзеячы навукі, культуры і грамадзкага жыцьця. Усё кіраўніцтва на Беларусі ахапілі небеларусы. Яны выкарчоўвалі беларускасьць і пашыралі расейшчыну, бальшавізм і інтэрнацыяналізм. Замест беларускай мовы ў школах, адміністрацыі, публікацыях, прэсе і г. п. была ўведзеная расейская мова.Былі зьнішчаныя вялічэзныя беларускія бібліятэчныя і архітэктурныя багацьці. Нават Барысаў Камень з XII стагодзьдзя пад Талачыном быў узарваны камсамольцам Хайкіным.

Рэлігійнае жыцьцё было гвалтоўна разбурана, усе 1600 цэркваў і манастыроў былі зачыненыя, 8 япіскапаў і каля 1400 сьвятароў былі арыштаваныя, замораныя голадам, турмамі або дэпартаваныя ў канцлягеры.

Самі беларусы ніколі не нішчылі-б сваёй лепшай часткі народу і не разбуралі-б свайго нацыянальнага і культурнага жыцьця. Кангрэс павінен прызнаць, што БССР — гэта чужацкая маскоўская форма дзяржаўнасьці; што голас Масквы ў беларускіх справах не павінен мець ніякай праўнай сілы; што твораныя Масквой урады БССР не маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў.

У дыскусыі над прамовай Калубовіча выступілі А. Комар — старшыня гораду Менска, Анішчык-Чэмер — публіцысты і Лявон Случчанін — настаўнік.

У сваіх выступленьнях яны заявілі, што беларусы не жадаюць нічыёй «апекі», а тым больш апекі з боку Масквы і Варшавы, саюзьнікам можа быць толькі той, хто дапаможа парваць ланцугі векавой няволі і выйсьці да жыцьця ў вольнай і незалежнай Беларусі. Усе іншыя намеры ў адносінах да нашай Бацькаўшчыны вызнаюцца варожымі і патрабуючымі адпору.