Выбрать главу

Аўкштотцы і жмудзіны былі заходнімі суседзямі Беларуси Яны не станавілі сабою аднаго палітычна цэлага народу, а дзяліліся на шмат дробных пляменных групаў. Шмат з іх, як ужо гаварылася, было нават падпарадкавана беларускім князем, што аселі там і плацілі даніну Полацку. Жмудзіны і аўкштотцы жылі ў пагансьцьве, адсталасьці, і гэта зьяўлялася прычынай частых наездаў(рэйзаў) на іх другога місыянэрскага закону крыжаносцаў. Крыжаносцы, заняўшы, на захад ад Жмудзі, прускія землі, хацелі ахрысьціць жмудзінаў і аўкштотцаў. Жмудзіны і аўкштотцы, ня маючы большай сілы, прымушаны былі шукаць сабе саюзьнікаў сярод беларусаў.

Закон крыжаносцаў называўся гэтак дзеля таго, што ягоныя сябры насілі на сваіх плашчох вялікі знак крыжа і пад гэтым знакам змагаліся за пашырэньне хрысьціянства, падобна, як іншы хрысьціянскі місыянэрскі закон мечаносцаў называўся гэтак дзеля таго, што ягоныя сябры насілі крыжы і мячы і змагаліся таксама за пашырэньне навукі Хрыста.

Закон крыжаносцаў, ці, як яго іначай называлі, Тэўтонскі Закон, паўстаў пераважна з нямецкіх рыцараў у Палестыне ў часе крыжовых паходаў супроць ворагаў хрысьціянства, а ў Прусіі апынуўся на просьбу мазавецкага князя Канрада ў 1231 г. На князя Канрада і ягоныя землі нападалі паганскія плямёны прусаў і ён запрасіў крыжаносцаў на помач у барацьбе з імі. Мечаносцы і крыжаносцы спачатку дзеілі паасобку, а пазьней, у 1237 г., аб'ядналіся і свае місыянэрскія і ваенныя выступленьні арганізавалі салідарна.

Успомненыя вонкавыя зьявы — наступ на Полаччыну і Жмудзь мечаносцаў і крыжаносцаў — і былі прычынай таго, што між беларусамі, аўкштотцамі і жмудзінамі пачаліся бліжэйшыя дачыненьні, тым больш што раней ужо былі між імі кантакты. Бывала нават так, што беларусы, калі бачылі ў сябе, у дапаможных аддзелах, здольных жмудзінскіх ваякаў, давалі ім розныя павышэньні і кіраўніцтва некаторымі ўдзеламі. Такім парадкам разьвівалася беларуска-аўкштотцка-жмудзінскае сужыцьцё.

Х

Тварэньне новага палітычнага беларускага цэнтру ў Наваградку, Міндаўг.— Змаганьне з Жмудзяй.— Сьмерць Міндаўга.— Таўцьвіл і Страйнат.— Вайшэлак.— Трайдзень.— Віцень.— Новы назоў беларускага задзіночанага гаспадарства.— Характарыстыка гэтага гаспадарства.

Аслабленьне Полацку, Смаленску і Турава выклікала нармальную патрэбу тварыць новы беларускі палітычны цэнтр, які б задзіночваў усе беларускія землі, тым больш што надыходзілі хмары з усходу ў постаці татарскіх наездаў.

Ініцыятыву ў гэтым кірунку праявіў князь Рынгаўд, або, як яго яшчэ звалі, Рынгольд (1204—1239), што княжыў у Кернаве, а па паходжаньню, паводле некаторых вестак Васкрэсенскага летапісу, быў быццам з роду полацкіх князёў, што перасяліліся на Жмудзь. Ён стварыў сабе цэнтр у Наваградку, які быў часткай Полацкага княства і паступова падпарадкоўваў сабе штораз большыя прасторы. Далёка больш энэргічна праводзіў гэтую працу вельмі здольны ягоны сын Міндаўг (1239—1263). Міндаўг хоць меў многа розных перашкодаў, аднак далучыў да Наваградзкага княства Ваўкавыск, Зьдзітава, Слонім, княствы: Гарадзенскае, Гарадзецкае і Віленскае. У 1253 годзе за згодай папы рымскага Інакента IV Міндаўг каранаваўся за караля. Крыху пазьней ён далучыў да Наваградзкага цэнтру Падляшша (Берасьцейскую і Мельніцкую землі), а таксама дамогся прызнаньня свайго асяродку ад Полаччыны, дзе якраз вымярла старая дынастыя Усяславічаў і дзе ён пасадзіў сваіх сваякоў на княжых пасадах. Пасьля Полаччыны Міндаўгу ўдалося падпарадкаваць Наваградзкаму цэнтру некаторыя мясцовасьці Віцебскага і Смаленскага княстваў.