Эвакуацыя з акругаў, паветаў і валасьцей беларускай адміністрацыі, БКА, БНС, духавенства, інтэлігенцыі і насельніцтва, якія хацелі ўнікнуць савецкіх рэпрэсыяў і паднявольнага жыцьця, адбывалася разам з эвакуацыяй нямецкай адміністрацыі. Камандзіры слаба падрыхтаваных батальёнаў БКА звальнялі да хаты ўсіх тых, хто не хацеў эвакуавацца. Камандны склад БКА пераважна выяжджаў на захад. Абмундзіраваныя і добра ўзброеныя батальёны БКА эвакуаваліся на захад. Некаторыя з адступаючых батальёнаў БКА трапілі ў савецкае акружэньне.
Некаторыя абозы бежанцаў на конях былі захопленыя савецкімі партызанамі. Расправа савецкіх расейцаў з беларускімі жаўнерамі і бежанцамі была самая жахлівая.Бежанцы, едучыя цягнікамі, пераважна трапілі ў Польшчу, а адтуль у Нямеччыну. Іх памяшчалі ў лягеры і прызначалі на працу ў фабрыках або у баўэраў (фермераў). Увесь япіскапат Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы з Мітрапалітам Панцялейманам на чале эвакуаваўся на захад. Ён знаходзіўся ў абсягу апекі БЦР і атрымаў мейсца на жыхарства ў Францэнсбадзе ў Чэхіі. Япіскапы і сьвятары абслугоўвалі рэлігійныя патрэбы беларускіх работнікаў. Япіскап Віцебскі і Полацкі Афанасі быў прызначаны для абслугоўваньня рэлігійных патрэб збройных аддзелаў казакаў, якія былі пад камандай атамана Краснова.
Усе шэсьць сапёрных батальёнаў БКА, якія былі пад камандай нямецкай арміі, былі эвакуаваныя ў Бэрдуцк каля Пазнані. Там яны былі рэарганізаваныя ў два будаўнічыя батальёны. Надалей яны былі па-за абсягам БЦР, у складзе нямецкай арміі. Гэтыя батальёны існавалі да канца вайны, выконваючы фартыфікацыйныя работы.
На пачатку ліпеня 1944 году роты беларускай чыгуначнай паліцыі эвакуаваліся на захад, разам з нямецкай чыгуначнай паліцыяй. З Баранавіч эвакуаваўся аддзел у колькасьці 300 чалавек, пры якім быў лейтэнант Я. Сажыч. Гэты аддзел даехаў да францускай мяжы ў Саарляндзе. Там немцы абяззброілі беларусаў, падзялілі іх на некалькі групаў, якія прызначылі да паасобных чыгуначных станцыяў. Беларускія групы дапамагалі нямецкім пры ачышчаньні станцыяў і направах пасьля паветраных бамбардаваньняў заходнімі аліянтамі.
У ліпені 1944 году разьмешчаны кал я Ломжы аддзел Зіглінга пачаў хутка расьці. Ён улучаў да сябе паліцыйныя і вайсковыя фармацыі розных нацыянальнасьцяў (беларусаў, украінцаў, літоўцаў, казакаў, расейцаў і іншых), якія ішлі з усходу на захад. Вялікую бальшыню жаўнераў тут станавілі беларусы, сярод афіцэраў было больш расейцаў. У хуткім часе гэта была дывізія, маючая звыш 10 000 чалавекаў, зложаная з 4 брыгадаў. Афіцыйная назва дывізіі была «30-я дывізія СС» (30 SS Waff en Division). Беларуская Афіцэрская Школа з Менска, уключаная ў гэтую дывізію, атрымала нямецкія вайсковыя уніформы і поўнае вайсковае ўзбраеньне. Яна захоўвала там склад асобнай фармацыі. Дывізія была падпарадкаваная нямецкаму вайсковаму камандаваньню і БЦР не дапушчалася да кантактаў з ёй. Беларускія афіцэры, як Мікула і іншыя, імкнуліся да ўтрыманьня асобнага беларускага характару для беларускіх фармацыяў гэтай дывізіі і шукалі кантакту з БЦР. Аднак нямецкае камандаваньне не дапушчала да гэтага.
Менскі 13-ты батальён, які да гэтага часу вырас да сямі ротаў, быў у партызанскіх акцыях у розных частках краю. Пад час эвакуацыі гэты батальён сабраўся каля Аўгустова. Адна рота, пад камандай Бандыка, пакінула батальён і пайшла ў Аўгустоўскія лясы. Пасьля гэтага нямецкае камандаваньне адсунула ад батальёну ўсіх беларускіх камандзіраў, заступіўшы іх немцамі, а батальён перавезьлі і ўключылі ў дывізію Зіглінга. Беларускія афіцэры пераважна паехалі ў Бэрлін і былі ўключаныя ў кадравы батальён БКА пад кіраўніцтвам БЦР.
Па кароткім перашкаленьні дывізію Зіглінга скіравалі на Прусію, а наступна ў Францыю на фронт. У канцы 1944 году дывізія займала частку фронту каля Страсбургу. Пад час агульнага адступленьня нямецкага фронту адзін беларускі батальён, каля 300 чалавек, перайшоў на бок французаў і амэрыканцаў. Гэта выклікала вострую рэакцыю Зіглінга. Дывізію перавялі ў тыл, у Эльзас. Няпэўную дывізію немцы раззброілі. Групу няпэўных беларускіх афіцэраў, уключаючы Мікулу, немцы аддзялілі і вывязьлі з дывізіі ды пазьней зьнішчылі ў Дахаў. Частку няпэўных вайскоўцаў выслалі ў лягеры работнікаў. Рэшту жаўнераў ахапілі нямецкімі камандзірамі і памясьцілі ў вайсковым лягеры ў Гіршаў. Беларускіх камандзіраў выдзялілі з фармацыяў, трымалі асобна і школілі з новай зброяй.