Выбрать главу

Перайшоўшыя ў палон да французаў, беларускія жаўнеры спачатку былі памешчаныя ў гатэлях і мелі добрае ўтрыманьне. Хутка іх перадалі амэрыканцам, якія зьмясьцілі іх у лягеры вайсковапалонных. Як польскія грамадзяне гэтыя вайскоўцы згалашаліся добраахвотнікамі ў польскую армію Андэрса. Іх абсьледвала польская разьведка ў Марсэлі і прынятых перавозілі ў Італію, на папаўненьне польскіх фармацыяў другога корпусу пад камандай гэн. Андэрса. Там іх уключалі ў аддзелы адпаведнай зброі і яны ваявалі далей, але за польскія нацыянальныя інтарэсы.

Трэба зацеміць, што гэтае абсьледваньне праводзілася вельмі сурова. Пад час праверкі дакумэнтаў надлейтэнант БКА Рыгор Зыбайла прыпадкова выпусціў на падлогу фатаграфію, на якой ён быў зьняты ў форме лейтэнанта БКА. Разьведчыкі зажадалі пабачыць гэтую фатаграфію, а наступна і ўвесь бумажнік. Агледзеўшы ўсе паперы, яны вывялі Зыбавдіу праз заднія дзьверы. Ніхто не бачыў яго жывым пасьля таго. Прыпушчальна, ён быў застрэлены польскай разведкай.

Летам 1946 году ўся польская армія Андэрса была перавезеная з Італіі ў Англію, дзе ў 1947 годзе яна была дэмабілізаваная. Беларускія вайскоўцы ўладзіліся там на працу. стварылі беларускія арганізацыі і праваслаўныя прыходы. Пазьней частка з іх выехала ў іншыя краіны, пераважна ў ЗША і Канаду, дзе яны ўліліся ў беларускія арганізацыі.

Беларуская Цэнтральная Рада неўзабаве атрымала ад нямецкіх уладаў памяшчэньні ў Вайсэнзээ, у прадмесьці Бэрліну, куды яна пераехала з Кэнігсбэргу, і прыступіла да працы як беларускае прадстаўніцтва ў Нямеччыне. Яна апрацавала статут і праграму для новай арганізацыі — «Саюз Вызваленьня Беларусі». Адначасна БЦР занялася ўспраўненьнем беларускай прэсы: газэтаў «Раніца» і «Беларускі Работнік». У гэтым часе ў склад сяброў былі пакліканыя прадстаўнікі Саюзу Беларускай Моладзі М. Ганько і Н. Абрамава. 13 верасьня 1944 году было створана Кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР з палкоўнікам К. Езавітавым на чале. Камандуючым БКА быў прызначаны капітан Кушэль.

Візыта прадстаўнікоў БЦР у нямецкай вайсковай установе 26 верасьня 1944 году паказала, што нямецкія вайсковыя ўлады згаджаюцца на арганізацыю беларускіх збройных сілаў. Пачаць меркавалася ад перашкаленьня афіцэраў і падафіцэраў. Плянавалася стварыць дзьве дывізіі — баявую і рэзэрвовую. Усе тэхнічныя пытаньні забавязваліся вырашыць нямецкія вайсковыя ўлады. 12 кастрычніка 1944 году загадам кіраўніка вайсковых спраў БЦР палкоўніка Езавітава ў Бэрліне быў створаны першы кадравы батальён БКА для перападрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў, а таксама для падрыхтоўкі кадраў новых падафіцэраў. Камандзірам афіцэрскіх курсаў і часовым камандзірам батальёну быў прызначаны капітан П. Касацкі. Камандзірам падафіцэрскіх курсаў — капітан А. Сокал-Кутылоўскі. Усе афіцэры, падафіцэры і жаўнеры БКА і іншых беларускіх вайсковых аддзелаў, якія тады не былі на вайсковай службе, ад 5 кастрычніка 1944 году былі залічаныя ў рэзэрву беларускіх вайскоўцаў пры Галоўным кіраўніцтве вайсковых спраў БЦР. Для вайсковых патрэб БЦР атрымала вялікі будынак на Ліхтэнштрассэ ў Бэрліне. За некалькі дзён кадры батальёну ў колькасьці 344, а трохі пазьней — 492 асобаў былі зацьверджаныя прэзыдэнтам БЦР.

Беларускае войска тварылася на добраахвотнай аснове. Для прыйманьня добраахвотнікаў 16 лістапада была створаная прыймовая камісія Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў БЦР. Камісія неадкладна распачала працу і накіроўвала прынятых афіцэраў і жаўнераў у распараджэньне камандаваньня БКА.

У сьнежні 1944 году Камітэт вызваленьня пад кіраўніцтвам расейскага гэнэрала А. Уласава разгарнуў у Нямеччыне акцыю за падпарадкаваньне сабе дзеючых арганізацыяў усіх падсавецкіх нерасейскіх народаў. БЦР на сваім паседжаньні 12 сьнежня разважала гэтую справу і вялікай бальшынёй адкінула падпарадкаваньне расейцам, устрымліваючы сваё незалежнае нацыянальнае становішча і самастойную дзейнасьць.

18 сьнежня 1944 году пленум БЦР разважаў справу Статуту БЦР. Статут БЦР, выдадзены гэнэральным камісарам Готтбэргам на Беларусі, цяпер стаўся неактуальным дзеля пастаноў Другога Усебеларускага Кангрэсу. Запрапанаваны для разгляду праект новага Статуту пастаноўлена было раздаць радным для запазнаньня і для дыскусыяў на наступным паседжаньні пленуму БЦР. Пазьней прэзыдыум пленуму БЦР разважаў праекты Статуту БЦР, як і робленыя прапановы адносна іх зьменаў. Новы Статут БЦР, улічваючы пастановы Другога Усебеларускага Кангрэсу і факт прабываньня БЦР на чужыне, быў прыняты пленумам БЦР на сэсыях ад 14 да 17 студзеня 1945 году, ён меў характар дзяржаўнай канстытуцыі.

Паводле гэтага Статуту БЦР зьяўлялася адзіным праўным прадстаўніком сувэрэнных правоў беларускага народу, пакліканым Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску 27 чэрвеня 1944 году, які вызначыў палітычныя заданьні БЦР. Галоўным палітычным заданьнем БЦР ёсьць арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнай незалежнасьці. Апроч таго, БЦР ажыцьцяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусь Паўнамоцтвы БЦР маюць трываць да часу скліканьня Трэцяга Усебеларускага Кангрэсу на вызваленай Беларусі.