Савецкія місыі пашыралі весткі, што цяпер у СССР адбываліся вялікія перамены, усім дараваныя іх правіны і ўсе могуць бясьпечна варочацца на бацькаўшчыну. Значная колькасьць людзей паверыла гэтым весткам і добраахвотна паехала ў савецкія лягеры. Але большую частку бежанцаў пры дапамозе заходніх аліянтаў і місыі УНРРА прымусова перавозілі ў савецкія лягеры. Там Сьмерш праводзіў сьледства і вырашаў іх лёс: частка была расстраляная, а рэшта вывезеная ў канцэнтрацыйныя лягеры СССР на катаржныя работы.
Вайсковапалонных з былой брыгады «Беларусь» больш тыдня трымалі амэрыканцы. Вайсковапалонныя пачалі ўцякаць з лягеру і стараліся трапіць у цывільны беларускі лягер УНРРА ў Рэгэнсбургу.
Частку вайсковапалонных беларусаў з лягеру каля Каму, выснажаных голадам і холадам, страціўшых надзею на вызваленьне, амэрыканцы прымусова вывезьлі ў іншы лягер каля Нюрнбэргу, а пазьней — у савецкі рэпатрыяцыйны лягер у Шэрбургу ў Францыі, Сярод іх быў палкоўнік Сокал-Кутылоўскі і іншыя афіцэры БКА, як і камандзіры і жаўнеры РОА. Іх павезьлі савецкім параплавам у СССР і лёс іх застаўся няведамы.
Лёс сяброў БЦР быў розны. Сябра БЦР гэнэрал Езавітаў пасьля хірургічнай апэрацыі ў 1945 годзе пад чужым прозьвішчам дастаўся на Беларусь, дзе працаваў настаўнікам. На настаўніцкай канфэрэнцыі ён быў распазнаны і пазьней павешаны ў Віцебску, дзе нарадзіўся.
Сябра БЦР М. Шкялёнак па дамоўленасьці з Дэмідовічам-Дэмідэцкім, працаўніком БЦР, у 1945 годзе пад чужым прозьвішчам паехаў у Польшчу, але быў выдадзены паліцыі і расстраляны ў Варшаве. Дэмідовічам-Дэмідэцкім апекаваўся прэзыдэнт Польшчы Берут, якога той разам з В. Іваноўскім перахоўваў у Менску пад час нямецкай акупацыі. Пасьля сьмерці Берута на Крыме Дэмідовіч-Дэмідэцкі быў арыштаваны савецкімі ўладамі і пазьней расстраляны ў Маскве.
Сябра БЦР Калядка добраахвотна паехаў у СССР у 1945 годзе і па ім загінуў усялякі сьлед.
Прэзыдэнт БЦР, як і іншыя сябры, якія засталіся ў Заходняй Эўропе пад уладай заходніх аліянтаў, ператрывалі часы паляваньня савецкай агэнтуры і праводзілі беларускую нацыянальную працу.
На працягу другой сусьветнай вайны беларускаму народу, беларускай культуры і гаспадарцы былі зробленыя вялічэзныя шкоды. На абшары БССР было зьнішчана 627 вёсак разам з насельніцтвам; 4258 вёсак разам з часткай іх насельніцтва; 209 гарадоў і раённых местачак было спалена і разбурана ў вялікай іх частцы, як Менск, Віцебск, Орша, Ліда, Гомель, Магілеў, Рагачоў, Жлобін, Быхаў, Полацк, Слуцк. Многія раёны былі амаль цалкам выпаленыя, як Суражскі, Мехаўскі, Дубровенскі, Лельчыцкі, Расонскі, Асвейскі, Бягомельскі, Плешчаніцкі і іншыя.
Адступаючыя ў 1941 годзе савецкія войскі забіралі з Беларусі ўсё: абсталяваньне прадпрыемстваў, запасы сыравіны, харчоў, жывёлу і працаздольных людзей, і палілі ўсё, чаго не маглі забраць з сабой, пакідаючы немцам спаленую зямлю.
У першым часе акупацыі на Беларусі было спакойна. Немцы не палілі вёсак і не мардавалі беларускага насельніцтва, а забіралі патрэбныя ім падаткі ў натуры і сыравіну. Жыдоўскае насельніцтва было адразу трактаванае ў нялюдзкі спосаб.
Арганізаваная ўрадам СССР дывэрсыйная і партызанская акцыя на Беларусі вынішчала беларускае нацыянальна сьведамае насельніцтва і правакавала немцаў да змаганьня з партызанамі і мардаваньня мяйсцовага насельніцтва. Такім чынам, адказнасьць за вялікія вынішчэньні беларускага насельніцтва і яго гаспадаркі ляжыць на маскоўскім урадзе, які трактаваў Беларусь як варожы край. Маскоўскі ўрад вынішчаў беларусаў сваімі рукамі і рукамі немцаў. Агулам у пару нямецкай акупацыі ў БССР было зьнішчана амаль паўтара мільёна мірнага насельніцтва. Да гэтага трэба дадаць каля 250 000 беларускіх жыдоў, якіх немцы вымардавалі згодна сваёй расавай тэорыі.
Па акупацыі Беларусі ў 1944 годзе вынішчаньне беларускага насельніцтва працягвалася далей. Савецкія ўлады адразу змабілізавалі ўсё мужчынскае насельніцтва ў вайсковазабавязаным веку. З іх арганізавалася «апалчэньне», дрэнна ўзброенае І не абвучанае да вайны, якое адразу высылалася на першую лінію фронту. Гэта была адна з укрытых формаў вынішчаньня няпэўнага беларускага насельніцтва пад час вайны.