Наступна на Беларусь быў прысланы Сьмерш (тэрарыстычная арганізацыя пад назовам «Сьмерць Шпіёнам»), які прасеяў усё ацалелае насельніцтва Беларусі. Сьмерш арыштоўваў і вынішчаў рэшткі ўяўных ворагаў савецкай улады Замест нямецкіх шыбеніц па ўсім краю зьявіліся савецкія. Сярод шматлікіх ахвяраў на шыбеніцах згінулі летам 1944 году артыстыя Смаленскага і Менскага тэатраў, працаўнікі адміністрацыі, Самапомачы, настаўнікі, сьвятары і сяляне. У Вялейцы ў канцы 1944 году згінулі на шыбеніцы ў адзін дзень інж. К. Касяк, Л. Сапешка і іншыя працаўнікі адміністрацыі, агулам 23 асобы.
Савецкія вайсковапалонныя з Нямеччыны былі спраўджаныя праз Сьмерш і частка з іх расстраляная, а рэшта высланая ў канцлягеры. Такі лёс спаткаў і шмат каго з беларусаў, вывезеных на працу ў Нямеччыну.
Выдатнейшых беларусаў, схопленых савецкімі ўладамі у Нямеччыне, не стралялі на мейсцы, а вязьлі ў горад іх дзейнасьці і там публічна вешалі ў прысутнасьці сабранага насельніцтва. Так загінуў у Наваградку Павал Якуцэвіч, былы намесьнік БЦР, у Менску так загінуў Іван Жарскі, дацэнт. Менскага Унівэрсытэту, былы працаўнік БНС; у Нясьвіжы — А. Ясюк, камандзір аддзелу БКА.
Сьмерш расшукваў беларусаў, пражываўшых за мяжой шмат гадоў, якія былі грамадзянамі замежных краінаў. Іх арыштоўвалі і вывозілі ў СССР, дзе іх спаткаў розны лёс. Інж. Душ-Душэўскі, былы ўраднік БНР, быў арыштаваны ў Коўні і зьнік. Інж. В. Русак, дзеяч Слуцкага паўстаньня 1920 году, быў арыштаваны ў Празе Чэскай і прапаў. Забэйда-Суміцкі, сьпявак Міланскай опэры, арыштаваны ў Празе Чэскай і высланы ў канцлягеры Сібіру. Д-р А. Гэніюш, былы працаўнік БНС, і яго жонка Л. Гэніюш, паэтэса, арыштаваныя ў Празе Чэскай і высланыя ў канцлягеры Сібіру. Байкоў, выдатны вучоны, і Бакач, навуковы працаўнік, былі арыштаваныя ў Нямеччыне і высланыя ў канцлягеры Сібіру.
Л. Цанава, кіраўнік НКВД у БССР, пісаў у 1951 годзе, што бальшыня беларускіх нацыяналістых, будучы вылаўленымі і выкрытымі, ужо знайшлі магілу, уцалеўшыя таксама ня ўнікнуць заслужанай кары4.
Актыўныя чырвонаармейцы, якія даўжэйшы час былі стацыянаваныя ў краінах Заходняй Эўропы, па дэмабілізацыі высылаліся не да хаты, а у канцлягеры як заражаныя капіталістычнымі парадкамі.
Некаторае ўяўленьне аб вынішчэньні насельніцтва БССР за гэтыя часы паказваюць наступныя дадзеныя. У верасьні 1939 году насельніцтва БССР станавіла прыблізна 10,5 мільёна. Дваццаць гадоў пазьней, паводля перапісу насельніцтва, у БССР было толькі 8 054 600 чалавек. Апошнюю лічбу яшчэ трэба зьменшыць на вялікую колькасьць расейцаў, прысланых у БССР зараз па другой сусьветнай вайне. Можна прыпушчаць, што падобная прапорцыя вынішчэньня насельніцтва была і на беларускіх абшарах Смаленшчыны, Браншчыны і Вялікіх Лукаў, далучаных да Расейскай СФСР.
XXXVIII
Узнаўленьне БССР маскоўскім урадам.— БССР — сябра ААН.— Русыфікацыя Беларусі і эксплёатацыя яе для імпэрскіх мэтаў Савецкай Расеі.
Па сканчэньні другой сусьветнай вайны СССР стаўся вялікім пераможцам. У Сярэдняй Эўропе савецкія арміі занялі Польшчу, Чэхаславакію. Мадзяршчыну, Румынію, Баўгарыю і частку ўсходняй Нямеччыны. Усходнюю Прусыю Савецкі ўрад падзяліў на дзьве часткі, далучаючы паўдзённую да Польшчы, а з паўночнай стварыў Калінінградзкую акругу, далучаную да РСФСР. Беларусь з прыгранічнай краіны СССР стала нутранай краінай.
Маскоўскі ўрад аднавіў БССР у перадваенных межах, адступаючы Польшчы Беласток з беларускімі паветамі. Па-ранейшаму этнаграфічныя беларускія акругі з гарадамі Смаленск, Рослаўль, Бранск, Клінцы, Вялікія Лукі іншыя былі далучаныя да Расейскай СФСР. Дзьвінск беларускімі воласьцямі быў далучаны да Латвійскай ССР. Вільня з беларускімі паветамі была далучаная да Летувіскай ССР. Абшар БССР быў падзелены на 7 акругаў: Гарадзенскую, Берасьцейскую, Гомельскую, Менскую, Маладэчанскую, Магілеўскую і Віцебскую.
На канфэрэнцыі ў Ялце ў лютым 1945 году было адхіленае жаданьне Сталіна, каб усе 16 савецкіх саюзных рэспублік прыняць сябрамі творанай міжнароднай Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, а прынята сябрамі-закладчыкамі дьзве: БССР і УССР як «сувэрэнныя» дзяржавы, найбольш пацярпелыя ад нямецкай напасьці. Сталін хацеў мець больш галасоў у ААН, каб уплываць на вырашаньне міжнародных спраў праз гэтую ўстанову. Як правіла, на сэсыі ААН ад БССР высылаліся дэлегатамі расейцы. Да іх дадавалася некалькі беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і артыстых, каб пры патрэбе дэманстраваць для вонкавага сьвету беларускасьць дэлегацыі. На сэсыях ААН у Нью-Йорку савецкія дэлегацыі ад БССР, УССР і СССР памяшчаліся ў будынку СССР. Расейская дэлегацыя СССР кіравала, наглядала і кантралявала дэлегацыі ад БССР і УССР. На працягу ўсіх мінулых гадоў не здаралася, каб дэлегацыі БССР і УССР зрабілі адхіленьні ад становішча СССР на форуме ААН. Толькі настаўніца Касэнкіна выскачыла праз акно з будынку місыі СССР на волю, дэманструючы на ўвесь сьвет існуючыя там парадкі.