Прамысловасьць Беларусі адбудоўвалася не з пункту гледжаньня мяйсцовых рэсурсаў і патрэбаў, а будавалася цяжкая прамысловасьць згодна імпэрыяльным плянам маскоўскага ўраду. Беларусь знаходзілася ў глыбокім тыле заходніх межаў, абсаджаных савецкімі арміямі. Для эвэнтуальных апэрацыяў савецкіх арміяў у Заходняй Эўропе патрэбныя былі прадпрыемствы па рамонце цяжкай зброі ў блізкім тыле. Таму былі збудаваныя вялікія аўтамабільны і трактарны заводы ў Менску, якія можна было пераставіць на патрэбы прадукцыі цяжкай зброі. Менскі матацыклавы і вэласіпэдны заводы маюць такі-ж самы характар. Станкабудаўнічыя заводы імя Варашылава і імя Кірава ў Менску, як і заводы ў Гомелі, Віцебску і Оршы, маюць тое-ж прызначэньне. Заводы будовы кранаў, электраматораў і падшыпнікаў у Менску ды шмат іншых належаць да тэй самай катэгорыі. Уся сыравіна для гэтай машынавай прамысловасьці прывозіцца з далёку з Расеі, а прадукцыя высылаецца па ўсім сьвеце згодна загадам з Масквы.
Патрэбы беларускага насельніцтва стаяць на далёкім канцы ў маскоўскіх плянаваньнях. Больш за дзесяць гадоў па сканчэньні вайны масы беларускага насельніцтва галадалі і недаядалі ды жылі ў зямлянках. Маскоўскім урадам пяршынство аддавалася захопніцкай акцыі СССР у Іране, дывэрсыі ў Грэцыі, блёкадзе Заходняга Бэрліну, падпарадкаваньні сабе Югаславіі і Кітаю ды ўтрымваньні свайго панаваньня ў захопленых краінах Сярэдняй Эўропы.
Ад першай паловы 1946 году ў БССР прысылалася дапамога харчамі з УНРРА для шпіталяў і дзіцячых дамоў. Амэрыканскі Чырвоны Крыж прыслаў для многіх шпіталяў харчы і розную бялізну. Аднак гэта дапамога больш служыла савецкай экспансыі, чым уцісканаму беларускаму народу.
Гісторыя БССР была ізноў перапрацаваная па загадзе з Масквы. Цяпер быў паложаны націск на выдуманы факт, што беларускі народ заўсёды імкнуўся да аб'яднаньня з расейскім народам у аднэй славянскай сямьі, дзе глёрыфікавалася кіруючая роля расейцаў. Залаты век беларускай культуры ў XVI стагодзьдзі прадстаўляўся як выдумка рэакцыйных беларускіх нацыяналістых і павінен быў быць адкінуты.Мастацкая літаратура ўціскалася ў казённыя рамы нацыянальнай па форме, а савецка-расейскай па духу. Савецка-расейская тэматыка датычна айчыннай вайны і перамогі мела быць дамінуючай. Працы беларускіх пісьменьнікаў з 1945—1948 гадоў, прысьвечаныя беларускім пісьменьнікам народнікам, як Баршчэўскі, Чачот, Рыпінскі, Ельскі, Гарун і іншыя, крытыкаваліся савецкімі публіцыстымі за беларускі характар гэтых пісьменьнікаў, адцягваючы беларусаў ад супольнага з расейцамі рэвалюцыйнага руху. Працы, прысьвечаныя В. Дуніну-Марцінкевічу, М. Багдановічу і іншым, крытыкаваліся савецкімі публіцыстымі як нацыяналістычны ўхіл. У дадатку, беларускія пісьменьнікі гэтага часу абміналі сувязь беларускай літаратуры з расейскай дэмакратычнай літаратурай.
Гэтая крытыка і скаваньне расейцамі беларусаў мелі на мэце зьнішчыць самастойныя асновы беларускай гісторыі і літаратуры і паставіць іх у становішча, падпарадкаванае расейскай гісторыі і літаратуры.
Расейская мова зьяўлялася ўрадавай мовай у БССР. Навучаньне ў вышэйшых, сярэдніх і ніжэйшых школах адбывалася на расейскай мове. Толькі частка калгасных школаў ужывала беларускую мову навучаньня. Усе навуковыя і дасьледчыя ўстановы ўжывалі расейскую мову. Кнігі, газэты і часапісы ў БССР выдаваліся на расейскай мове. Толькі дробная частка газэт, часапісаў і мастацкай літаратуры выдаваліся малымі тыражамі на беларускай мове. Але і гэта зрусыфікаваная беларуская мова русыфікавалася далей па загадзе з Масквы. Вучоныя і пісьменьнікі мелі ўказаньне браць словы з расейскай мовы, для якіх не было адпаведніка ў сваёй мове. З РСФСР прывозілася мноства кнігаў, газэт і часапісаў на расейскай мове, уключаючы школьныя падручнікі. Па гарадох БССР людзі асьцярагаліся гутарыць пабеларуску, каб не стаць падазронымі ў «буржуазным нацыяналізме».
Мноства расейцаў, прысыланых ў БССР на працу і пастаяннае жыцьцё, прыдавалі ўсяму краю расейскі характар. Яны займалі кіруючыя становішчы, арганізоўвалі ўсюды гурткі расейскай фольклёрнай самадзейнасьці і рэпрэзэнтавалі насельніцтва Беларусі перад наведваючымі чужынцамі як расейскае. Улады Савецкай Расеі вынішчылі пануючыя грамадзкія станы, якія былі да бальшавіцкай рэвалюцыі. Цяпер пануючы грамадзкі стан на Беларусі становяць расейцы, якія зьяўляюцца ўпрывілеяванай кіруючай элітай краю. Працоўны беларускі народ зьяўляецца падпарадкаванай, выканаўчай і прыгнятанай часткай насельніцтва Беларусі.