Выбрать главу

Іншых нацыянальнасьцяў, як палякоў, жыдоў, татараў і інш., ёсьць вельмі мала і яны дзеляць долю беларусаў.

Усё новае будаўніцтва гарадоў на Беларусі адбывалася ў характары савецкай расейскай архітэктуры, што надавала гарадам Беларусі расейскі выгляд. Архітэктурныя помнікі арыгінальнага беларускага характару зьнішчаліся праз увесь час савецкага панаваньня. Ужо па другой сусьветнай вайне былі зруйнаваныя ў сталічным Менску на пляцы Волі старажытная вежа сярэднявяковай ратушы гораду, былі зрэзаныя высокія вежы рыма-каталіцкай катэдры, а з фронту дабудавана псэўдаклясычная калёнада, каб засланіць скалечаную катэдру, якая стаяла побач ратушы. Савецкія новабудоўлі надаюць пляцу Волі расейскі характар.

Адбудова Менска і ўсіх іншых гарадоў Беларусі, моцна зруйнаваных вайной, плянавалася і праектавалася ў характары агульнасавецкай архітэктуры ў Маскве і Ленінградзе. Такім чынам, архітэктура служыла русыфікацыйнай палітыцы маскоўскага ўраду.

Назовы вуліцаў, пляцаў, паркаў, школаў, навуковых устаноў, прадпрыемстваў і г. над. напісаныя ў расейскай мове і прысьвечаныя расейскім царскім і савецкім дзеячам палітыкі і культуры. Вельмі рэдка можна было спаткаць беларускае імя, і то на глухой вуліцы.

Маскоўскі ўрад у вялікіх памерах выкарыстоўваў беларускае насельніцтва пры апрацоўцы новых цалінных земляў у далёкім Казахстане. У 1954 годзе, на самым пачатку асваеньня цаліны, іуды было выслана звыш 4500 моладзі з Беларусі, а ў 1955 годзе — звыш 16000 чалавек. Беларусы былі аднымі з першых пры арганізацыі новых 25 саўгасаў Казахстану. У наступным годзе на цаліну было выслана з БССР 30 000 моладзі. Тады-ж з БССР было выслана звыш 20 000 моладзі на цаліну для збору ўраджаю.

Беларуская моладзь, якая заканчвала вышэйшыя навучальныя ўстановы ў БССР, як правша, высылалася на практыку і на працу ў іншыя савецкія рэспублікі: у Казахстан, Эстонію, Лацьвію і іншыя. Там гэтых прафэсыяналаў расейскія ўраднікі трактавалі як расейцаў, давалі ім лепшыя ўмовы і яны заставаліся там на пастаяннае жьщьцё як русыфікацыйны дзейнік. Мяйсцовую маладую інтэлігэнцыю з гэтых краінаў высылалі ў іншыя савецкія рэспублікі. Такім чынам маскоўскі ўрад аслабляў мяйсцовы нацыянальны патэнцыял і русыфікаваў нерасейскія краі.

XXXIX

Беларускія бежанцы ў Нямеччыне.— Падзел эмігрантаў на беларусаў і «крывічоў».— Нутраное змаганьне паміж палітычнымі напрамкамі эмігрантаў.

Міжнародная Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў стварыла ў 1943 годзе адмысловую агэнцыю для матар'яльнай дапамогі (УНРРА)*, якая займалася рэпатрыяцыяй і рассяленьнем бежанцаў і перамешчаных асобаў (ДП) з часоў мінулай вайны ды дапамагала краінам, пацярпеўшым ад вайны. Пераможаная Нямеччына была падзеленая на акупацыйныя зоны, якія займалі ЗША, Англія, Францыя і СССР. Бэрлін знаходзіўся ў сярэдзіне савецкай зоны, але быў таксама падзелены на чатыры акупацыйныя зоны паміж гэтымі-ж дзяржавамі. У савецкай зоне Сьмерш хутка палагодзіў справу бежанцаў, частку ліквідуючы, а бальшыню высылаючы ў канцлягеры СССР. У зонах заходніх аліянтаў УНРРА арганізавала лягеры для бежанцаў, з харчаваньнем, памяшканьнямі для жыцьця, дапамогай вопраткай і лекарскай апекай. У гэтыя лягеры прыбывалі савецкія рэпатрыяцыйныя місыі з палітрукоў і разам з ураднікамі УНРРА абвяшчалі, каб усе савецкія грамадзяне варочаліся ў СССР. Было мноства выпадкаў, калі бежанцаў супроць іх волі гвалтам забіралі і адвозілі ў савецкія лягеры.

Аднак хутка адносіны паміж урадам СССР і заходнімі аліянтамі сапсаваліся. Утрыманьне савецкай акупацыі краінаў Сярэдняй Эўропы і гвалты прымусовай рэпатрыяцыі савецкімі місыямі зрабілі немагчымым далейшае супрацоўніцтва заходніх аліянтаў з імі ў арганізацыі УНРРА. Таму заходнія аліянты заснавалі новую Міжнародную Арганізацыю для Бежанцаў (ІРО)**, у якой ня было савецкіх прадстаўнікоў. Гэта арганізацыя ў 1947 годзе заступіла УНРРА, якая спыніла сваю дзейнасьць. Ад гэтага часу спыніліся наведваньні лягероў савецкімі місыямі і прымусовая рэпатрыяцыя.

Лягеры ІРО арганізаваліся па нацыянальным прынцыпе, а шматнацыянальныя лягеры складаліся з нацыянальных частак.

У Амэрыканскай зоне беларускі лягер быў арганізаваны ўлетку 1945 году ў Гангтофэрзідлюне каля Рэгэнсбургу як частка шматнацыянальнага лягеру. Пазьней ён быў перавезены ў Міхэльсдорф каля Каму. Беларускі мітрапаліт, япіскапы і некалькі сьвятароў з семьямі ды дапаможны пэрсанал атрымалі лягер ІРО ў Тырогайме, як і частку балтыцкага і жыдоўскага лягеру ў Марктрэдвіцы. Пазьней беларускі лягер быў арганізаваны ў Майнлёзе. Беларускія лягеры павялічваліся, бо да іх перасяляліся беларусы з іншанацыянальных лягероў. Засноўваліся новыя беларускія лягеры пры масавым выдзяленьні беларусаў з іншанацыянальных лягероў. Некаторыя беларускія лягеры дзяліліся на грунце за кіраўніцтва лягерам паміж прыхільнікамі БЦР і прыхільнікамі «крывіцкай» БНР. Такім чынам паўстаў лягер у Віндзішбэргэрдорфе. Наступна зарганізаваўся лягер ў Остэргофэне. У Розэнгайме пазьней быў таксама створаны беларускі лягер з перавезеных лягероў з Віндзішбэргэрдорфу і Остэргофэну.