Сярод лягероў Амэрыканскай зоны, кіраваных прыхільнікамі БЦР, найбольшую ролю адыгрываў лягер у Міхэльсдорфе. Тут была праваслаўная царква, гімназія, курсы машынапісу, курсы для шафёраў і інш. У грамадзкай залі ладзіліся выступленьні хору, танцавальных гурткоў, ставіліся пьесы і адбываліся грамадзкія зьезды. Тут выдавалася друкам газэта «Беларускае Слова», і рататарам часапіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі», як і зборнікі паэзіі. Тут арганізавалася Сялянска-Работніцкая Партыя Вызваленьня Беларусі. Моладзь была ахоплена аддзелам беларускіх скаўтаў, якія прымалі ўдзел у зьлётах скаўтаў ДП розных нацыянальнасьцяў.
Сярод лягероў, кіраваных прыхільнікамі «крывіцкай» БНР, найбольшую ролю мелі лягеры ў Остэргофэне і Віндзішбэргэрдорфе, дзе знаходзілася кіраўніцтва «крывічоў», якое дзеіла ўва ўсіх зонах заходняй Нямеччыны. Тут выдавалася газэта «Бацькаўшчына», часапіс «Сакавік» і інш. Былі арганізаваныя цэрквы, школы, гурткі культурнай самадзейнасьці, скаўцкія аддзелы, чыталіся лекцыі па беларусазнаўстве.
З поступам эміграцыі ў заакіянскія краіны лягеры кансалідаваліся і зачыняліся. Так, бежанцы з Міхэльсдорфу і Майнлёйзу былі перавезеныя ў лягер у Бакнангу.У Ангельскай зоне зараз па сканчэньні вайны ў 1945 годзе пачаў дзейнасьць Беларускі Нацыянальны Камітэт, заснаваны інж. А. Шкутко. Гэты камітэт адчыніў Беларускае Бюро ў Браўншвэйгу, якое апекавалася беларусамі, забясьпячаючы іх харчовымі карткамі, дапамагаючы памяшканьнямі; бюро ўтрымлівала лучнасьць з ангельскім камандантам гораду і з нямецкім магістратам. Гэта бюро старалася арганізаваць асобныя лягеры УНРРА для беларусаў. У пляне гэтых стараньняў надзвычайную ініцыятыву і дзейнасьць праявіў С. Коўш. Ён дабіўся ад УНРРА прызначэньня баракаў у Ватэнштэце для беларускага лягеру і сабраў туды беларусаў з іншанацыянальных лягероў. Гэты лягер разгарнуў шырокую працу ўва ўсіх галінах беларускага нацыянальнага жыцьця. Тут была пабудаваная праваслаўная царква, народны дом для грамадзкіх імпрэзаў, была адчыненая гімназія і заснаваны аддзел скаўтаў. У гэтым лягеры былі друкаваныя на рататары часапісы («Шляхам Жыцьця», «Царкоўны Голас»), школьныя падручнікі, мастацкія, культурныя і палітычныя творы, кніжкі для дзяцей, скаўцкія выданьні.
У Ангельскай зоне існавалі беларускія лягеры ў Госьляры і ў Варбэргу. У лягерох ДП іншых нацыянальнасьцяў, як польскіх, расейскіх і ўкраінскіх, пражывала значная колькасьць беларусаў, якія не пераяжджалі ў беларускія лягеры. Большыя беларускія групы былі ў лягерох ІРО ў Браўншвэйгу, Ганновэры, Білефэльдзе і іншых, дзе яны ўтрымлівалі свой асобны беларускі характар. У Францускай зоне ня было асобных беларускіх лягероў для перамешчаных асобаў. Беларусы пражывалі там пераважна ў польскіх лягерох як былыя польскія грамадзяне. У адным з такіх лягероў камандантам быў Э. Ясюк, які дапамагаў беларусам уладзіцца ў кіраваным ім лягеры. Калі палякі даведаліся, што Ясюк зьяўляецца беларускім дзеячом, то ён мусіў уцякаць і ратавацца ў Амэрыканскай зоне.
Па сканчэньні вайны прызнаньне заходнімі аліянтамі лёнданскага польскага ўраду ў эміграцыі было спынена адначасна з прызнаньнем польскага Ураду Нацыянальнага Адзінства. Гэты апошні ўрад быў сфармаваны Сталиным у Маскве 17—24 чэрвеня 1945 году з палякоў камуністых, куды Чэрчыль далучыў Мікалайчыка з некалькімі яго прыхільнікамі з Лёндану, спадзяючыся на магчымасьць адбудовы незалежнай Польскай дзяржавы. Аднак маскоўскі ўрад разбудоўваў у Польшчы камуністычнае і прасавецкае панаваньне і ў 1948 годзе Мікалайчык мусіў патаемна ўцякаць з Польшчы. Польскі эміграцыйны ўрад, вайсковае камандаваньне і новая польская эміграцыя спадзяваліся на адбудову незалежнай Польскай дзяржавы і на вяртаньне туды ў хуткім часе. Такія спадзяваньні меў шмат хто ў заходнім сьвеце, як ватыканскія дзейнікі. Такую надзею мелі і беларусы, пераважна рыма-каталікі. Магчыма, што такія мяркаваньні былі спушчаныя беларускім каталіцкім кіраўнікам з Ватыкану, які ў гэтым часе актывізаваў сваю вуніяцкую дзейнасьць сярод беларускіх эмігрантаў. Цяпер гэта частка эміграцыі распачала энэргічную дзейнасьць з намерам узяць кіраўніцтва ўсёй беларускай нацыянальнай справай на эміграцыі ў свае рукі. На чало гэтай групы высунуўся Мікалай Абрамчык. У 1945 годзе ў Празе Чэскай ён атрымаў ад Ларысы Гэніюш пісьмовае паўнамоцтва на захоўваньне спадчыны Рады БНР, якое яна атрымала ад свайго сваяка, Васіля Захаркі, перад яго сьмерцяй у 1943 годзе. Л. Гэніюш са сваім мужам ня мелі намеру ўцякаць на захад перад наступленьнем савецкіх арміяў, I таму яна перадала паўнамоцтва М. Абрамчыку. Ад гэтага часу М. Абрамчык пачаў прадстаўляць сябе за прэзыдэнта БНР на чужыне. Ён наведаў Ватыкан, перайшоў з праваслаўя ў вунію і ўвайшоў у зносіны з польскім урадам у Лёндане. Разам са сваімі прыхільнікамі Л. Рыдлеўскім і В. Шыманцом Абрамчык пачаў выдаваць у Парыжы газэту на беларускай мове «Беларускія Навіны», якая пашыралася ў лягерох ІРО ў Нямеччыне і сярод беларусаў у Англіі ды ў іншых краінах. Абрамчык часта наведваў лягеры ІРО ў Нямеччыне, стараючыся апанаваць сваімі людзьмі іх кіраўніцтва. Абрамчык і яго прыхільнікі на пачатку дзеілі кансьпірацыйна. Яны зрабілі захад для ліквідацыі БЦР, каб мець у сваіх руках беларускую дзяржаўную рэпрэзэнтацыю. Група сяброў БЦР (С. Станкевіч, Ф. Кушэль, А. Калубовіч, С. Кандыбовіч і іншыя) дамагліся ад прэзыдэнта БЦР P. Астроўскага скліканьня паседжаньня сяброў БЦР у канцы 1945 году. На гэтае паседжаньне прыбылі сукрытыя прыхільнікі Абрамчыка. Нічога не падазраючы, Астроўскі згадзіўся з прапановай паўстрымаць дзейнасьць БЦР, а стварыць для кіраўніцтва беларускімі справамі ў зьмененых абставінах нацыянальныя беларускія грамадзкія арганізацыі. Беларускі Нацыянальны Камітэт, выбраны на зьезьдзе беларусаў у Рэгэнсбургу ў 1945 годзе, гэта група адразу захапіла ў свае рукі, выбіраючы сваіх людзей. На першым паседжаньні гэтага камітэту яны распачалі безпадстаўна чарніць сяброў камітэту не свайго напрамку, жадаючы выключэньня іх са складу камітэту.