Каб мець уплыў на Тураў, Пінск і Валынь і каб зьбліжыць іх да сябе, Міндаўг выдаў сваю дачку замуж за князя гэных земляў Шварно. Далей Міндаўг пачаў пашыраць сваю ўладу на Аўкштоту і Жмудзь (Жамойць) — сучасную Літву, ці лепш Летуву, што займала абшар між Вяльляёй і Нёманам. Аднак Жмудзь ня была задаволеная новай уладай, якая ў гаспадарсьцьвенным жыцьці ўносіла свае парадкі, свае правы, звычаі і мову. Дзеля таго на Жмудзі паўстаў бунт супроць Міндаўга і новага беларускага гаспадарства. Наколькі бунт быў моцны, сьведчыць факт, што ў часе супакойваньня яго ў 1263 годзе загінуў сам князь Міндаўг.
Пасьля сьмерці Міндаўга змаганьне яшчэ больш разгарнулася. У вабароне Беларускага гаспадарства выступіў полацкі князь Таўцьвіл, а на чале Жмудзінаў стаяў князь Страйнат. Ён забіў Таўцьвіла і пашыраў сваю ўладу. Але пазыцыю Таўцьвіла хутка заняў старшы сын Міндаўга-Вайійэлак, які на чале наваградзка-ваўкавыскіх вайсковых аддзелаў здушыў паўстаньне ў Жмудзі ды канчальна заснаваў трывалы фундамэнт для разьвіцьця беларускае гаспадарсьцьвеннасьці, бо за ягоных часоў навязаны былі ўжо моцныя сувязі Наваградзкага княства з княствамі Полацкім, Менскім і Тураўска-Пінскім. Непадпарадкаваныя цалкам Наваградку былі Смаленшчына, Ноўгарад-Северскі і Чарнігаўшчына. Такім чынам, Вайшэлак у гісторыі Беларусі адыйграў вельмі важную ролю, хоць княжыў нядоўга, бо ўсяго ад 1264 да 1265 г. Вайшэлак, будучы з натуры чалавекам рэлігійным, супакоіўшы Аўкштоту і Жмудзь, добраахвотна зрокся вялікакняскай годнасьці на карысьць свайго швагра Шварно і пайшоў у манастыр, які сам заснаваў над Нёманам, недалёка ад сёньняшняй вёскі Ляўрышава ў Наваградчыне. Шварно таксама доўга ня княжыў, бо хутка памёр (у 1268 годзе). Тады ізноў вярнуўся Вайшэлак. Пасьля-ж ягойае сьмерці ў 1269 г. узнавіліся сваркі малых князькоў і трывалі да 1271 г., пакуль уладу ўзяў князь Трайдзень. Ён таксама бараніў княства ад чужацкіх наступаў і загінуў у баі ў 1282 годзе. Наступнікам Трайдзеня быў Лютавэр, а ад 1295 году да 1316 году беларускім гаспадарствам кіраваў Віцень.
Новаствораны беларускі палітычны цэнтр беларускага гаспадарства І нанова створаная гаспадарсьцьвенная арганізацыя беларуская здабылі сабе новы назоў Вялікага Княства Літоўскага. Чаму Літоўскага, і адкуль гэты назоў паўстаў — дакладна ня сьцьверджана. Есьць, аднак, розныя здагадкі. Так, прыкладам, паводля чэскага вучонага Шафарыка, слова «Літва» паўстала ад назову заходня-славянскага племя люцічаў, частка якога быццам бы асела на Беларусі. Іншыя кажуць, што слова «Літва» паходзіць ад жмудзкага слова «Летува» — гэтак-жа жмудзіны называлі сымбаль свабоды, або ад слова «летуваніс» — так зваўся паганскі жмудзкі бог дажджу. Калі-б уважаць за правільную другую здагадку, дык назоў «Вялікае Княства Літоўскае» значыў бы «Княства Вялікае Свабоды».
I яно запраўды такім было. Праўда, беларусы сілай супакоілі бунт на Жмудзі і Аўкштоце, аднак жыхарства тамашняе мела шырокую свабоду. Доказам ёсьць хоць-бы і тое, што хоць уладу мелі ў сваіх руках беларусы, якія ` ад 988 году былі ўжо хрысьціянамі, а таксама не зважаючы на тое, што хрысьціянамі ва ўсходнім праваслаўным абрадзе былі вялікія князі, жмудзінаў і аўкштотцаў ніхто ня прымушаў сілай пакідаць паганства і прыймаць хрысьціянства.
XI
Гедымін.— Пераносіны беларускага палітычнага цэнтру ў Вільню і задзіночаньне каля яго ўсіх беларускіх земляў.— Альгерд.— Вайна з татарамі.— Першыя сутычкі з Масквой і Польшчай.— Беларушчына пры дварох князёў Вялікага Княства Літоўскага.
Наступнікам Віценя быў Гедымін. Аб ягоным радаводзе ў сьпіску летапісаў пагодзінскага збору № 1404 гэтак сказана: «У Вялікага князя Володзімера Святославіча другой сын Изяслав, у Изяслава сын Брачислав, у Брачислава сын Всеслав, у Всеслава сын Борис, у Бориса сын Рогвалод, у Рогвалода сын Ростислав, у Ростислава сын Давид, у Давида сын Вил, его же люди волком звали; у Вила сын Троян, у Трояна Виден, у Виденя сын Гедимин».
З гэтага відаць, што Гедымін паходзіў з роду крывіцкіх, полацкіх князёў. Некаторыя дасьледчыкі цьвердзяць, што ён і ягоныя наступнікі былі крывіцка-балцкага паходжаньня, ці, гаворачы сучаснай тэрміналёгіяй, беларуска-летувіскага, што таксама зусім праўдападобна, бо беларускія (крывіцкія) князі жаніліся з летувіскімі, а летувіскія з беларускімі князёўнамі.