Па нейтралізацыі БЦР і Астроўскага група разгарнула акцыю дыскрэдытацыі ўсёй беларускай нацыянальнай дзейнасьці і барацьбы пад час другой сусьветнай вайны супроць савецкай і польскай дывэрсыі на Беларусі. Ачоліваючыя дзейнасьць гэтага часу асобы, як Ермачэнка, Астроўскі і іншыя дзеячы праваслаўнага веравызнаньня, чарніліся як ворагі беларускага народу. А каталікі, як В. Іваноўскі, Ф. Кушэль і іншыя, прадстаўляліся нацыянальнымі гэроямі. У гэтым асяродзьдзі зьявілася жаданьне і прапановы неадкладна зьмяніць назоў народу з беларусаў на крывічоў, што выклікала называньне гэтай групы «крывічамі».
Ватыканская дзейнасьць сярод беларусаў праводзілася сугучна з палітычнай акцыяй «крывічоў». У мяйсцовасьцях, дзе пражывалі беларускія бежанцы, былі прызначаныя вуніяцкія духаўнікі, зьвязаныя з «крывічамі»: ў Францыі кс. Л. Гарошка, у Нямеччыне кс. В. Macкалік, у Англіі кс. Ч. Сіповіч і ў Італіі кс. П. Татарыновіч. Апостальскі візытатар і адміністратар вуніяцкай царквы ў Нямеччыне а. М. Воякоўскі ськіраваў да беларусаў адмысловае пасланьне, заклікаючы іх запісвацца ў вуніяцкіх духаўнікоў. Вялікая бальшыня беларускіх бежанцаў былі праваслаўнымі, толькі невялікая частка былі рыма-каталікамі, а вуніятаў зусім ня было.
У паразуменьні «крывіцкага» кіраўніцтва з ватыканскімі дзейнікамі была арганізаваная дапамога беларусам, каталікам і праваслаўным пры студыях у рыма-каталіцкім унівэрсытэце ў Лювэне, Бэльгіі ў 1948 годзе. Там быў арганізаваны інтэрнат для беларускіх студэнтаў і прызначаліся стыпэндыі. Прыйманьне і кіраўніцтва студэнтамі было даручана Б. Рагулі, які стаў актывістам «крывічоў». Бэльгійскі духаўнік Пэр Робэрт, апякун над гэтай акцыяй, поўнасьцяй падтрымліваў усю дзейнасьць Рагулі. Прынятыя студэнты мусілі ўкладвацца ў «крывіцкі» напрамак.
Праваслаўны беларускі япіскапат у тайніцы ад беларускага грамадзтва рабіў стараньні аб уваходзе ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы ў Нямеччыне. Калі аб гэтым стала агульна ведама, то Беларускі Царкоўны Камітэт у Рэгэнсбургу з прот. М. Лапіцкім на чале склікаў царкоўны зьезд з прадстаўнікоў ад япіскапаў. духавенства і вернікаў з трох зонаў Нямеччыны. Зьезд адбыўся ў Рэгэнсбургу 5 траўня 1946 году. Па дыскусыях была прынятая пастанова аб захаваньні арганізацыйнай самастойнасьці Беларускай Праваслаўнай Царквы і не ўваходзе беларускіх япіскапаў у склад Расейскай Зарубежнай Царквы. Аднак япіскапы поўнасьцю зігнаравалі пастановы зьезду і ўвайшлі ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы. Беларускія япіскапы атрымалі становішчы вікарных япіскапаў у розных гарадох Нямеччыны і адзін з іх увайшоў у склад Сыноду Расейскай Зарубежнай Царквы. Пасьля гэтага «крывічы» распачалі дыскрэдытацыю беларускіх япіскапаў, паніжаючы ня толькі іх, але і праваслаўе. Нарэшце 5 чэрвеня 1948 году яны склікалі падсабор у Канстанцы. Па папярэднім узгадненьні Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква дэлегавала на падсабор свайго япіскапа Сяргея Охотенко, які аказаўся некананічным, які і кіраваў падсаборам. Падсабор пастанавіў стварыць Праваслаўную Аўтакефальную Беларускую Царкву, галавой якой ён абвесьціў яп. Охотенко. Ад гэтага часу сярод праваслаўных беларусаў на эміграцыі паўстаў падзел Беларускай Праваслаўнай Царквы на кананічную і некананічную. Можна прыпушчаць, што «крывіцкім» кіраўнікам хацелася, сьпіхаючы Правзслаўную Беларускую Царкву з кананічнага на некананічны стан, ня толькі панізіць яе, але і зрабіць больш падатнай для прыняцьця вуніі. У канцы 1948 году ў сан беларускага япіскапа быў пастаўлены ўкраінскімі некананічнымі япіскапамі Уладзімір Тамашчык, які ня меў ніякай багаслоўнай асьветы.