Выбрать главу

У ЗША ў 1948 годзе была заснаваная новымі беларускімі эмігрантамі дапамаговая арганізацыя. Яна была выкліканая патрэбай несьці дапамогу беларусам эміграваць з Нямеччыны ў краіны сталага пасяленьня. Новапрыбылыя эмігранты М, Філіповіч, I. Ермачэнка, Б. Кіт, В. Чабатарэвіч і іншыя заснавалі Злучаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт, для дзейнасьці якога атрымалі чартэр. Цэнтраля камітэту была ў Нью-Йорку, а аддзелы хутка паўсталі ў Саўт-Рывэры, Пассэйку (штат Нью-Джэрсі), а пазьней і ў Галівудзе (штат Каліфорнія). Мэтамі арганізацыі былі: матар'яльная дапамога беларусам у Амэрыцы і ў іншых краінах; дапамога беларусам-бежанцам (ДП) эміграваць з Нямеччыны ў Амэрыку; утрымліваньне ў сваім асяродзьдзі беларускай культуры а й спадчыны; захады перад амэрыканскім урадам у беларускай нацыянальнай справе; утрымліваньне сувязі з іншымі нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ў Амэрыцы.

У 1950 годзе, калі ў ЗША масава пачалі прыбываць беларускія эмігранты, тут распачалі працу ўстановы, прывезеныя з Эўропы: БЦР (ачоліваў Ю. Сабалеўскі), Беларускае Нацыянальнае Прадстаўніцтва (ачоліваў А. Русак), Беларуская Праваслаўная Царква (ачоліваў прот. М. Лапіцкі), згуртаваньне беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў «Шыпшына» (ачоліваў Ю. Стукаліч). Д-р М. Шчорс ачоліў Задзіночаны Беларуска -Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт.

Царкоўная Управа Беларускай Праваслаўнай Царквы Сьв. Эўфрасіні ў Саўт-Рывэры, мяйсцовы праваслаўны актыў з прот. М. Лапіцкім у 1950 годзе прыйшлі да выснаву аб неабходнасьці ўвайсьці ў юрысдыкцыю Экзарха

Канстантынопальскай Патрыярхіі ў Амэрыцы. Беларускія япіскапы ўвайшлі ў склад Расейскай Зарубежнай Царквы і пакінулі праваслаўных беларусаў іх собскаму лёсу. Архіяйіскап Міхаіл узяў пад сваю апеку Саўт-Рывэрскі прыход і аказваў патрэбную дапамогу. З бегам часу іншыя засноўваныя беларускія праваслаўныя прыходы пайшлі гэтым кананічным шляхам. Праваслаўны прыход сьв. Юрыя ў Чыкаго пасьля цяжкіх спробаў і перажываньняў таксама стаў на гэты шлях. Арганізаваны пазьней, 10 лістапада 1968 году, праваслаўны прыход Сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гілл, Нью-Йорк, з часам пабудаваў новую царкву і адразу пайшоў шляхам кананічнай царквы.

У 1969 годзе ў ЗША прыехаў запрошаны з Польшчы ігумэн манастыра ў Яблачыне, іераманах Язэп Строк. Рада Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Саўт-Рывэры распачала стараньні перад арх. Якавам, Экзархам Канстантынопальскага Патрыярха ў Амэрыцы, аб хіратоніі яго ў сан япіскапа для Беларускай Царквы. Неўзабаве арх. Якаў атрымаў паведамленьне ад Канстантынопальскага Патрыярха, што дзьве праваслаўныя цэрквы запратэставалі супроць устанаўленьня асобнага япіскапа для беларускіх цэркваў Амэрыкі. Яны цьвердзілі, што праваслаўныя беларусы Амэрыкі ўжо маюць апеку япіскапаў, падлягаючых Маскоўскай Патрыярхіі. Апрача гэтага, пратэстуючыя цэрквы, Маскоўская Патрыярхія і ўстаноўленая ёй Польская Мітраполія, абвінавачвалі ігумэна Язэпа ў самавольным выезьдзе ў Амэрыку, прысабечаньні манастырскіх грошай ды забаранілі яго ў сьвяшчэннаслужэньні.

Гэтыя абвінавачаньні былі зусім безпадстаўнымі, аднак яны разам з пратэстамі перашкодзілі хіратоніі ігумэна Язэпа ў сан япіскапа для Беларускай Царквы Амэрыкі.

27 і 28 сакавіка 1970 году ў Саўт-Рывэры адбыўся царкоўны зьезд духавенства і вернікаў ад прыходаў: Торонто (Канада); Чыкаго (Ілліноіс); Нью-Йорк; Саўт-Рывер (Нью-Джэрсі). Зьезд прыняў абшырны мэморандум да Сусьветнаіа Патрыярха Афінагора, просячы аб высьвячэньні беларускага япіскапа для кіраўніцтва беларускімі прыходамі ў краінах вольнага сьвету. Пастановай Сыноду ў Канстантынопалі (6 траўня 1971 году, пратакол № 424) Беларуская Праваслаўная Царква атрымала пацьверджаньне аб прыняцьці яе ў духоўную юрысдыкцыю Сусьветнага Канстантынопальскага Патрыярха, як і права на беларускага япіскапа. У 1972 годзе прыход Саўт-Рывэру пабудаваў новую царкву, а наступна царкоўна-грамадзкі будынак, у якім адбываецца масавае жыцьцё прыходу і беларускай грамадзкасьці.

Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Амэрыцы расло, зьяўляліся новыя арганізацыі, як Беларуска-Амэрыканскія Вэтэраны, Арганізацыя Беларуска-Амэрыканскай Моладзі, Арганізацыя Беларускіх Студэнтаў Амэрыкі, Арганізацыя Беларускіх Жанчын, спартовы клюб «Нёман» і іншыя. Паступова зьявілася патрэба скансалідаваць беларускае прадстаўніцтва Амэрыкі ў аднэй арганізацыі для рэпрэзэнтацыі беларускіх арганізацыяў навонкі. Была высуненая прапанова аб агульнаамэрыканскім кангрэсе прадстаўнікоў ад беларускіх арганізацыяў ЗША, які і абраў-бы такое прадстаўніцтва. З гэтай мэтай у жніўні 1950 году была апублікаваная адозва да беларускай арганізаванай грамадзкасьці ў ЗША за подпісамі д-ра М. Шчорса (ад Галоўнай управы ЗБ-АДК); інж. А. Русака (ад Беларускага Цэнтральнага Прадстаўніцтва) і Л. Брылеўскай (ад Згуртаваньня Беларускіх Жанчын у ЗША).