Выбрать главу

11 лютага 1951 году ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрсі) адбыўся Першы Кангрэс Беларусаў Амэрыкі. Кангрэс прадыскутаваў наяўную сытуацыю, прыняў адпаведныя рэзалюцыі і абраў Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі ў складзе: д-р М. Шчорс — старшыня, I. Лабач І Б. Кіт — заступнікі старшыні, I. Хіхлуша — сакратар, М. Філіповіч, С Коўш, інж. А. Русак, М. Сенько, д-р А. Сабалеўская і С. Жамойда — сябры. Аб гэтай пары Беларускі Кангрэсавы Камітэт (БККА) бесперапынна праводзіў сваю дзейнасьць, выбіраны што тры гады. БККА пераняў усю дзейнасьць ЗБ-АДК навонкі, пашырыў яе абсяг, пакідаючы для ЗБ-АДК матар'яльную дапамогу патрабуючым. БККА рабіў захады перад урадам і кангрэсам у Вашынгтоне па беларускай нацыянальнай справе; перад губарнатарамі і мэрамі гарадоў, у якіх пражываюць беларусы; перад ААН у Нью-Йорку; супрацоўнічаў з арганізацыямі іншых паняволеных народаў у вызвольнай дзейнасьці супроць акупацыі іх краінаў праз Савецкую Расею. БККА выдаваў газэту «Беларуская Трыбуна», рэдагаваную д-рам Шчорсам.

Пазьней быў выдаваны часапіс «Беларуская Думка», рэдагаваны А. Даніловічам, а некаторы час М. Кавылём. Выдаўцом часапісу быў ЗБ-АДКамітэт.

Ад 1950 году выходзіць друкам рэлігійны часапіс «Царкоўны Сьветач», рэдагаваны прот. М. Лапіцкім, а пасьля яго сьмерці — прот. С Каўшом.

Беларуская Цэнтральная Рада ў 1956 годзе апублікавала кнігу I. Касяка «З гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу».

У 1955 годзе распачаў выдавецкую працу Уладзімір Пелеса. Ён выдаў некалькі зборнікаў вершаў сучасных паэтаў, а сярод іх «Ля ціхай брамы» Масея Сяднёва, «Шорах моўкнасьці» Я. Юхнаўца і іншыя.

Задзіночаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы Камітэт таксама выдаваў зборнікі сучасных паэтаў, як «Пад зорамі белымі» (1954), «Цяжкія думы» (1961) Міхася Кавыля і інш, Пры часапісе «Беларуская Думка» былі выдрукаваныя: «Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народу» Уладзіміра Глыбіннага (1963), аповесьць «Браты» А. Саковіч (1973) і інш.

Управа Беларускай Праваслаўнай Царквы Сьв. Эўфрасіні ў Саўт-Рывэры ў 1968 годзе апублікавала «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Петры Палягошка.

З друку выходзілі кнігі і высілкам паасобных выдатных дзеячоў, як «На берагох пад сонцам» Уладзіміра Глыбіннага (1964), «Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панаваньня Уладыслава Ягайлы» прот. М. Лапіцкага (1978), «Творы» Янкі Золака (1979), «Русалчына Бальляда» (1980) і «Беларускі лягер у Ватэнштэт» (1981) С. Коўша і інш.

Беларускі Кангрэсавы Камітэт Амэрыкі ў 1958 годзе выдаў брашуру, прысьвечаную 40-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1968 годзе ён зрабіў захады перад кангрэсманам Гэнры Гэльстоскі, які апублікаваў адмысловы Кангрэсавы Рэкорд, прысьвечаны 50-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР. Ад 1959 па 1968 г. Беларускі Кангрэсавы Камітэт рабіў стараньні перад кангрэсманамі аб публікацыі адмысловых Кангрэсавых Рэкордаў, прысьвечаных абвешчаньню незалежнасьці БНР, што пераважна і выконвалася.

Каб успраўніць друк беларускіх кніг і прэсы на пачатку 1970-х гадоў ЗБ-АДКамітэт купіў старую друкарню і паставіў яе ў Саўт-Рывэры. Аднак старыя машыны часта псаваліся і дапамога з друкарні была слабая.

У Саўт-Рывэры праводзілася культурна-мастацкая праца ў даволі шырокім абсягу. Тут адразу быў арганізаваны царкоўны, а наступна і сьвецкі хор пад кіраўніцтвам камп. Д. Верасава для выступленьняў навонкі. Жаночы хор «Каліна» пад кіраўніцтвам камп. К. Барысаўца быў арганізаваны для выступленьня на. міжнароднай выстаўцы ў Нью-Йорку ў 1964 г. Гэтыя хоры выступалі на беларускіх і міжнацыянальных імпрэзах у розных гарадох Амэрыкі.

На пачатку 1970-х гадоў у Саўт-Рывэры паўстала Літаратурна-мастацкае і навуковае аб'яднаньне (старшыня А. Даніловіч). Гэтая арганізацыя кожны год ладзіць мастацкія выстаўкі ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры ў Саўт-Рывэры. Тут даюцца паказы беларускіх мастакоў, прафэсыяналаў і аматараў, з галінаў маляваньня, скульптуры, графікі, мэталёвых вырабаў, як і этнаграфічных ткацкіх, вышывальскіх, інкрустацыйных і іншых тэхнікаў.

У 1970-х гадох адбываліся беларускія мастацкія этнаграфічныя выстаўкі і эстрадныя выступленьні ў паселішчы Голмдэль (штат Нью-Джэрсі). Ад 1976 году яны былі арганізаваныя беларусамі розных палітычных напрамкаў. Гэтую працу арганізаваў Вітаўт Кіпель.