У гэты час кангрэс стварыў Адмысловы Камітэт для абсьледваньня камуністычнай агрэсыі, які праводзіўдосьледы аб заваяваньні і камуністычнай палітыцы ўраду СССР адносна нерасейскіх народаў. Д-р М. Шчорс, старшыня БККА, наведаў гэты камітэт, сабраў сьведкаў і падрыхтаваў матар'ялы для гэтага камітэту. Ён атрымаў даручэньне падрыхтаваць гістарычны матар'ял у гэтай справе. Матар'ял ад прэгісторыі да першай сусьветнай вайны напісаў мгр. Л. Галяк; ад першай сусьветнай вайны да пачатку другой сусьветнай вайны — д-р М. Шчорс; за часы другой сусьветнай вайны — інж. I. Касяк. Гэтыматар'ял быў прагледжаны кансультантамі Джоржтаўнскага Унівэрсытэту, як і Адмысловым Камітэтам,і апублікаваны кангрэсам асобнай брашурай над назовам «Захоп камуністымі і акупацыя Беларусі» ў 1955 годзе.
У праграме дзейнасьці БЦР і БВФ (Беларускі Вызвольны Фронт, арганізацыя, заснаваная ў 1955 г. у Нямеччыне. Начальнік Галоўнага Штабу — Д. Касмовіч. Аддзелы БВФ існавалі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, Канадзе і Нямеччыне) з Амэрыкі былі дэлегаваныя прадстаўнікі БВФ для ўдзелу ў канфэрэнцыях ВАКЛу — Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі. На канфэрэнцыі ў Вашынгтоне (ЗША, 1974) прымалі ўдзел інж. I. Касяк і д-р Плескачэўскі; у Рыо-дэ-Жанэйро (Бразылія, 1975) — інж I. Касяк; у Вашынгтоне (ЗША, 1978) — інж. I. Касяк, мгр. А. Касоўская і матушка В. Лапіцкая; у Асунціоне (Парагвай, 1979) — інж. I. Касяк. На канфэрэнцыі ў Рыо-дэ-Жанэйро арганізацыя БВФ была прынятая на звычайнага сябру ВАКЛу і пераклясыфікаваная з папярэдніх у спалучаныя (associated) сябры. Дэлегаты БВФ заўсёды падавалі на канфэрэнцыях свае, загадзя падрыхтаваныя праекты рэзалюцыяў па беларускай справе, як і інфармацыйныя матар'ялы адносна Беларусі, акупаванай Савецкай Расеяй. Беларускія праекты прымаліся камісіямі і пленумам! канфэрэнцыяў разам з іншай дакумэнтацыяй.
У 1970-х гадох у горадзе Гранд Рапідс (штат Мічыган) пачаў выходзіць часапіс «Беларускі Сьвет», рэдактарам і выдаўцом якога зьяўляецца Ніколяс Прускы. Гэты часапіс зьмяшчае пераважна перадрукоўваныя беларускія апавяданьні, вершы, жарты, нарысы ды ілюстрацыі дасавецкай і савецкай пары, дадаючы трохі нованапісанага матар'ялу. Часапіс трымаецца агульнанацыянальнай беларускай праблематыкі, абмінаючы партыйна -груповыя пытаньні.
У верасьні 1973 году ў Эрыё (Пэнсыльванія) адбыўся зьезд беларускіх эвангельскіх баптыстых. На зьезьдзе было пастаноўлена стварыць Беларускае Эвангельска -Баптыстскае Брацтва, на старшыню якога быў выбраны прэсьвіцер Даніла Ясько. Адначасна было пастаноўлена выдаць беларускі рэлігійны сьпеўнік, распачаць беларускія рэлігійныя радыёперадачы на Беларусь і выдаваць бюлетэнь пабеларуску.
Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Канадзе распачалося з прыбыцьцём у гэты край беларускіх эмігрантаў па другой сусьветнай вайне. Гэтыя эмігранты прыяжджалі з лягероў IPO з Нямеччыны і па дэмабілізацыі польскай арміі пад брытанскай камандай, як і Другога корпусу пад камандай генэрала Андэрса з Англіі. У 1948 годзе ў Торонто была заснаваная першая арганізацыя — Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе (ЗБК). Заснавальнікамі яе былі К. Акула (Качан), Я. Пітушка, Ц. Салановіч, М. Пашкевіч і іншыя, разам 14 асобаў. Мэтамі арганізацыі былі: дапамога беларусам у Канадзе, інфармаваньне чужынцоў аб Беларусі, прапаганда і дапамога вызваленьню Беларусі з расейскай няволі, падтрымка БНР з М. Абрамчыкам на чале і іншае. З бегам часу колькасьць сяброў арганізацыі расла і дзейнасьць яе разгортвалася. У Торонто існавала цэнтраля ЗБК, а аддзелы паўсталі ў Торонто, Гамільтоне, Судбуры і Монтрэалі. 17—18 траўня 1952 году на зьезьдзе ЗБК адбыўся падзел паводля прыхільнікаў дзяржаўных устаноў БЦР і БНР. Прыхільнікі БЦР заснавалі Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне ў Канадзе (БНА). Мэты гэтай арганізацыі былі ідэнтычныя да беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у кожным краі.
У 1950 годзе беларусы Вінніпэгу заснавалі Беларускі Нацыянальны Камітэт, старшынёю якога абралі Г. Галожына, сакратаром М. Сільвановіча. У гэтым самым годзе камітэт арганізаваў адзначэньне дня 25 сакавіка як беларускага дзяржаўнага юбілею. Сябры камітэту разгарнулі дзейнасьць у галіне рэпрэзэнтацыі беларускага фольклёру, супрацоўнічаючы з УМСА. У гэтай дзейнасыці вялікім посьпехам карыстаўся таленавіты сьпявак М. Радчанка. У 1955 годзе Беларускі Нацыянальны Камітэт зьмяніў свой назоў на Беларуска-Канадзкае Нацыянальнае Аб'яднаньне.