Выбрать главу

У студзені 1952 году беларусы Монтрэалю склікалі сход і арганізавалі Згуртаваньне Беларусаў у Монгрэалі з тым, што гэтая арганізацыя не будзе належаць да ніякага беларускага дзяржаўнага прадстаўніцтва, а будзе займацца толькі культурнымі, адукацыйнымі і інфармацыйнымі беларускімі справамі.

У 1950 годзе ў Торонто быў арганізаваны прыход Беларускай Праваслаўнай Царквы імя Сьв. Эўфрасіні Полацкай, настаяцелям якога быў сьв. Міхаіл Мігай.На пачатку службы адбываліся ў залі англіканскай царквы, наступна пры ўкраінскай праваслаўнай царкве,а пазьней прыхажане купілі дом пры вуліцы Куннінггам, які перабудавалі на царкву. У 1952 годзе сход прыхажан пастанавіў сваёй вялікай бальшынёй увайсьці ў юрысдыкцыю Экзарха Канстантынопальскай Патрыярхіі. У канцы гэтага самага году Экзарх прыняў прыход пад сваю апеку. У 1957 годзе быў куплены большы будынак пры Довэркоўрт Роад, які быў дастасаваны для патрэбаў царквы, куды і быў пераведзены прыход. Да прыходу належыць група казакаў і група румынаў.

Пасьля падзелу беларускай грамады на сяброў ЗБК і БНА хутка адбыўся і царкоўны падзел. Сябры ЗБК

(прыхільнікі БНР, званыя «крывічамі») арганізавалі сваю асобную царкву імя Сьв. Кірылы Тураўскага ў юрысдыкцыі яп. Тамашчыка, што было завершана 20 лістапада 1954 году. Настаяцелем тут быў прызначаны сьв. Міхаіл Мацукевіч. Пазьней гэты прыход купіў дом пры Ст. Кларэнс Авэню ў Торонто і перабудаваў яго для царкоўных патрэбаў.

Арганізацыі абодвух напрамкаў, БНА і ЗБК, арганізавалі гурткі самадзейнасьці моладзі, якія вывучалі беларускія народныя танцы, сьпевы і займаліся спортам.

Беларускае Нацыянальнае Аб'яднаньне ў 1954 годзе арганізавала Беларускае Страхавое Таварыства «Пагоня» як аўтаномны аддзел Украінскага Работніцкага Саюзу ў Торонто. Старшынёй таварыства быў абраны Б. Сладкоўскі.

У Вінніпэгу ў 1957 годзе стварылася арганізацыя Беларускі Вызвольны Фронт. На пачатку дзейнасьці яна адзначыла 50-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

Беларусы гораду Ошава ў 1961 годзе арганізавалі Беларускую Самапомач. Мэтамі арганізацыі былі маральная і фінансавая дапамога сябрам, забясьпячэньне іх культурных патрэбаў, удзел у беларускіх нацыянальных сьвятах і ў канадзкіх гарадзкіх і краёвых імпрэзах.

У 1966 годзе прыхільнікамі абодвух напрамкаў з мэтай заснаваньня агульнага адпачынковага рэсорту была купленая ферма каля Парры Соунд у Онтарыё, названая «Слуцак». Там быў арганізаваны прыход, які заняла Аўтакефальная Беларуская Праваслаўная Царква. Астаточна собсьнікамі гэтага рэсорту сталіся прыхільнікі аднаго напрамку ЗБК.

У 1967 годзе ў Торонто быў заснаваны Беларускі Выдавецка-Мастацкі Клюб «Пагоня». Мэтамі клюбу былі выдаваньне кніг і іншых публікацыяў аб Беларусі, як і прадукцыя беларускіх музычных і харавых запісаў.

У канцы 1970 году ў Торонто заснавалася Беларуска-Канадзкае Аб'яднаньне Моладзі.

Гэтая арганізацыя пастанавіла быць незалежнай ад абодвух напрамкаў — ЗБК і БНА. Сваёй мэтай яна паставіла захоўваць і культываваць беларускую спадчыну ў Канадзе. Неўзабаве гэтая арганізацыя далучылася да Беларуска-Канадзкага Коордынацыйнага Камітэту.

У 1971 годзе дзень Беларускай Дзяржаўнай Незалежнасьці 25 сакавіка быў адзначаны ў Вінніпэгу разам: Беларускім Вызвольным Фронтам і Беларускім Нацыянальным Аб'яднаньнем. Гэтым разам тут адбылося першы раз беларускае праваслаўнае богаслужэньне.

Канадзкая Рада Этнічных Мастацтваў ад 1972 году пачала арганізаваць у Торонто этнічныя імпрэзы, у праграме якіх беларускія групы арганізавалі ў сваіх залях выстаўкі фольклёрнага мастацтва, нацыянальную кухню і праграмы нацыянальных танцаў, песьняў, музыкі і інш.

У 1972 годзе ў Торонто адбылася Онтарыйская Канфэрэнцыя Этнічнай Спадчыннасьці, у якой прымалі ўдзел беларусы ад некалькіх арганізацыяў напрамку ЗБК і ад газэты «Беларускі Голас».

Ад 1950 году ў Монтрэалі знаходзіцца прадстаўнік БЦР — В. Гуцько. Прыблізна ад таго самага часу ў Торонто знаходзіўся прадстаўнік Рады БНР, а ад 1970 году — Старшыня Рады БНР Вінцук Жук-Грышкевіч.

На пачатку 1967 году ў Торонто заснаваўся Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, які арганізуе лекцыі беларусазнаўства, выстаўкі беларускага народнага мастацтва і інш.

У 1974 годзе ў Канадзе выйшла друкам кніга, падручнік беларускай мовы для англамоўных вучняў — «Асновы беларускай мовы» (Fundamental Byelorussion), апрацаваная В. Пашкевічавай. На друк кнігі была атрыманая датацыя фэдэральнага ўраду ў квоце 15 000 даляраў. У 1978 годзе выйшла другая частка гэтай кнігі.