У 1948 годзе ў Торонто пачала выходзіць месячная газэта «Беларускі Эмігрант», якая ў 1954 годзе спынілася. Выдавец яе, К. Акула, пазьней пачаў выдаваць часапіс беларускіх вайскоўцаў «Зважай» пад фірмай Камітэту Сувязі Былых Беларускіх Вайскоўцаў. Абедзьве гэтыя публікацыі падтрымлівалі БНР і крытыкавалі БЦР, часта адхіляючыся ад фактычнага стану спраў.
Ад 1952 году ў Торонто выходзіць месячная газэта «Беларускі Голас», выдаваная і рэдагаваная С. Хмарам (Сіняк), агульна ведамая з тэндэнцыйнага перакручваньня праўды.
Ад 1960 году ў Канадзе існуе Коордынацыйны Камітэт, які ладзіў супольнае адзначаньне беларускіх нацыянальных юбілеяў праз усе існуючыя беларускія групы. Аднак прыхільнікі «крывіцкай» БНР выкарыстоўвалі гэтыя супольныя імпрэзы для сваёй групы, прамоўчваючы іншых. Таму гэтыя супольныя сьвяткаваньні спыніліся і па 1970 годзе кожная трупа арганізавала іх асобна ў сваім абсягу.
У Аўстралію першы транспарт беларускіх бежанцаў (ДП) прыехаў з Заходняй Нямеччыны 14 траўня 1948 году, наступна прыяжджалі далейшыя транспарты. Агулам да 1952 году ў Аўстралію эмігравалі каля 4000 беларускіх ДП. На пачатку яны наведвалі і ў бальшыні належалі да новаствораных беларускіх арганізацыяў. З бегам часу гэтая лічба малела і ў 1981 годзе да беларускіх арганізацыяў належалі каля 330 асобаў.
У гэтым часе ў Аўстраліі было каля 50 беларусаў з вышэйшай асьветай, здабытай пераважна ў Аўстраліі. Яны працавалі архітэктарамі, лекарамі, інжынерамі, настаўнікамі і юрыстамі. Бальшыня беларусаў працавала работнікамі на фабрыках. 3 часам некаторыя з іх станавіліся кіраўнікамі аддзелаў на прадпрыемствах. Больш ініцыятыўныя здабывалі спэцыяльнасьці мэханікаў, цесьляроў, вадаправодчыкаў, сьлесароў, зваршчыкаў мэталю, бюровых працаўнікоў, агэнтаў па прадажы дамоў, некаторыя сталі фермэрамі.
У некаторых гарадох паасобных правінцыяў былі заснаваныя беларускія арганізацыі. Першая арганізацыя была заснаваная 28 студзеня 1950 году ў Сыднеі пад назовам Беларускае Аб'яднаньне ў Новай Паўдзённай Валіі (БАуНПВ). 7 кастрычніка 1950 г. у Мэльбурне было заснаванае Беларускае Аб'яднаньне ў Вікторыі. Адначасна была прынятая пастанова аб задзіночаньні і супрацоўніцтве з БАуНПВ і выбраньні супольнага кіраўніцтва — Галоўнай управы. Згодна з гэтым БАуНПВ 15 кастрычніка 1950 году пераназвала сябе на Беларускае Аб'яднаньне ў Аўстраліі (БАуА), была абраная супольная Галоўная ўправа. На старшыню быў абраны М. Зуй, а на гэнэральнага сакратара і рэфэрэнта вонкавай сувязі — А. Алехнік. Бальшыня сяброў гэтай арганізацыі падтрымлівала Беларускую Цэнтральную Раду. Калі-ж «крывічам» не ўдалося знейтралізаваць палітычную працу гэтай арганізацыі, тады яны выступілі з яе і 25 лютага 1951 г. заснавалі сваю асобную арганізацыю з 28 сяброў — Беларускае Аб'яднаньне ў Новай Паўдзённай Валіі.
Галоўная ўправа БАуА пастанавіла як найшырэй прапагандаваць Беларусь у Аўстраліі і ў іншых краінах вольнага сьвету. Была навязаная сувязь з арганізацыямі паняволеных Расеяй народаў і міжнацыянальнымі арганізацыямі, у склад якіх БАуА ўвайшла сябрам, як Аб'яднаная Рада Эмігрантаў, Эмігранцкая Дарадчая Рада Лібэральнай Партыі, Рада Добрага Суседа Новай Паўдзённай Валіі, Антыбальшавіцкі Блёк Народаў і іншыя.
Ад 1950 году Беларускае Аб'яднаньне выдавала месячны часапіс «Новае Жыцьцё» на беларускай мове, які выходзіў на працягу пяці гадоў. У 1953 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала мяшаны хор, які выступаў на міжнацыянальных імпрэзах і нацыянальных сьвятах. Ён існаваў пяць гадоў і яго сьпеў быў запісаны на пяці беларускіх кружэлках. Па сьмерці рэгента С. Анічкава гэты хор перастаў існаваць.
У 1954 г. А. Алехнік быў выбраны ў Сіднэі дэлегатам на Канвэнцыю Аўстралійскага Грамадзянства, якая адбылася ў сталіцы Канбэры, дзе разважаліся і плянаваліся справы эміграцыі на будучыню. У 1967 г. А. Алехнік быў прыняты адзіным прадстаўніком ад паняволеных Расеяй народаў у склад Камітэту Аб'яднаных Нацыяў у Новай Паўдзённай Валіі. Пасол СССР зарэагаваў супроць прысутнасьці незалежнага беларускага прадстаўніка, прынятага на роўні з дэлегатамі ўсіх краін сьвету, з якімі Аўстралія мела дыплёматычную сувязь. Прадстаўнік СССР пачаў байкот гэтага камітэту і беларускі прадстаўнік стаўся адзіным рэпрэзэнтантам Беларусі, а беларускі бел-чырвона -белы сьцяг займаў мейсца сярод сьцягоў усяго сьвету.
На працягу першых 15 гадоў дэлегаты Беларускага Аб'яднаньня прымалі ўдзел у міжнацыянальных спатканьнях. наведвалі ўрадавых прадстаўнікоў уключна з прэм'ер-міністрамі, знаёмячы іх з беларускай праблемай. Аўстралійская газэта «Лібэральная Думка» (Liberal Opinion) зьмяшчала артыкулы пра Беларусь.