Выбрать главу

Для пашырэньня антыкамуністычнай дзейнасьці на ўвесь сьвет Антыкамуністычная Ліга Азыяцкіх Народаў арганізавала Сусьветную Антыкамуністычную Лігу. Ад гэтага часу Беларускае Аб'яднаньне разам з аддзеламі БВФ у Сіднэі і Мэльборне высылалі дэлегата на канфэрэнцыі ВАКЛ. У. Сідлярэвіч і П. Гуз у Мэльборне арганізавалі дапамогу ў гэтай справе. Канфэрэнцыі ВАКЛ пры ўдзеле беларускага дэлегата А. Алехніка адбыліся ў далейшым часе: у 1968 г. у Сайгоне (Ветнам), у 1970 г. у Токіо (Японія), у 1971 г. у Маніллі (Філіпіны), у 1972 г. у Тайпэй (Фармоз) і ў 1977 г. у Сэўле (Карэя).

Беларускі актыў Мэльборну і Сіднэю на супольнай нарадзе 26 траўня 1980 г. пастанавіў аплочваць складку ў Беларускі Нацыянальны Фонд БЦР па 50 даляраў ад працуючага і па 10 даляраў ад пэнсыянера на год. З гэтага фонду аплочваюцца складкі да міжнародных арганізацыяў, як і пакрываецца аплата падарожжа на міжнародныя канфэрэнцыі, якая прыпадае на Аўстралію.22 сакавіка 1953 г. Беларускае Аб'яднаньне заснавала Беларускі Культурна-Асьветны клюб. Гэты клюб быў зарэгістраваны як самастойная арганізацыя ў адміністрацыйных уладах 14 сьнежня 1973 г. і набыў невялікі будынак для сваіх патрэбаў.

У 1974 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала беларускую школу для дзяцей, якая існавала каля чатырох гадоў.

На пачатку 1970 году ў Сіднэі арганізавалася Беларускае Аўстралійскае Незалежнае Аб'яднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі. Гэтая арганізацыя была прыхільная да БЦР, але яна не праводзіла шырэйшай грамадзкай дзейнасьці.

Трэба адзначыць, што да 1975 год> Беларускае Аб'яднаньне было адзінай знанай беларускай арганізацыяй і толькі яна была зарэгістраваная аўстралійскімі ўладамі.

Пачынаючы ад 20 ліпеня 1976 году Беларускі Радыёвы Камітэт раз на тыдзень перадае аднагадзінную радыёперадачу на беларускай мове. Яна называецца «Спэцыяльная радыёвая абслуга» (Special Broadcasting Service) і фінансуецца ўрадам Аўстраліі.

Іншыя беларускія арганізацыі Аўстраліі не праводзілі дзейнасьці навонкі. Каб прыцягнуць іх да супрацоўніцтва, у 1977 годзе была арганізаваная Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Гэтая Рада арганізуе раз на два гады зьезды-сустрэчы беларусаў Аўстраліі.

Галоўныя арганізацыі пастаянна арганізуюць акадэміі на ўгодкі 25 сакавіка, Другога Усебеларускага Кангрэсу, Беларускай Краёвай Абароны, Слуцкага паўстаньня і іншых нацыянальных юбілеяў.

У Мэльборне (правінцыя Вікторыя) у 1963 годзе быў заснаваны Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі. У гэты камітэт уваходзяць усе беларускія арганізацыі Мэльборна, уключаючы «крывічоў». Ад часу заснаваньня Беларускага Цэнтральнага Кампэту не паўстала ніякая «крывіцкая» арганізацыя, а маюцца толькі іх паасобныя прыхільнікі. У 1975 годзе быў заснаваны Беларускі Жаночы Камітэт у Вікторыі. У 1958 годзе ў Мэльборне была заснаваная Каапэратыва Беларускага Дому ў Мэльборне.

Ад 15 траўня 1958 году ў Мэльборне існуе Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. У канцы 1981 году адбылося высьвячэньне свайго царкоўнага будынку. Цяпер да прыходу належаць каля 40—50 вернікаў. Настаяцель прыходу, а. Кулакоўскі, выдае кожны год беларускі праваслаўны каляндар-кніжку. Гэты прыход належыць да юрысдыкцыі мітрапаліта Андрая (Крыта), які пражывае ў ЗША. Ад 1950 году ў Мэльборне існуе беларускі мяшаны хор, які выступае на беларускіх нацыянальных імпрэзах.

У Адэляідзе (Паўдзённая Аўстралія) у 1978 годзе было заснаванае Беларускае Аб'яднаньне ў Падзённай Аўстраліі. Там была арганізаваная танцавальная група «Лявоніха», існуе беларуская пачаткавая школа для дзяцей пры царкве. У палове 1950-х гадоў там паўстаў прыход Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Паўдзённай Аўстраліі. У 1981 годзе прыход налічваў 80 дарослых і 16 дзяцей. Маецца мяшаны хор для царкоўных і грамадзкіх патрэбаў.

У 1960 годзе ў Мэльборне выйшла з друку гістарычная аповесьць У. Случанскага (Шнэка) «Драбы». У Адэляідзе выдрукаваныя дзьве кніжкі вершаў Янкі Ролсана (Цьвірка): «Кліч» і «З глыбін мінулага жыцьця».

У 1950-х гадох невялікая група беларусаў у Пэрце (Заходняя Аўстралія) заснавала арганізацыю Згуртаваньне Беларусаў у Заходняй Аўстраліі, якая ладзіць беларускія нацыянальныя сьвяткаваньні.

У Заходняй Нямеччыне пасьля выезду ДП і эмігрантаў у іншыя краіны на пастаяннае пасяленьне па 1951 годзе толькі невялікая колькасьць беларусаў засталася жыць на мейсцы. Гэта былі некалькі грамадзкіх дзеячоў і некалькі сотняў інвалідаў вайны, працы, а таксама семьі са старымі і хворымі. Грамадзкія дзеячы разгарнулі энэргічную беларускую дзейнасьць. Сярод іх надалей існаваў падзел на прыхільнікаў БЦР і БНР, яны ўтрымлівалі сувязь з кіраўніцтвамі гэтых установаў, якія пазьней пераехалі ў іншыя дзяржавы.