15 сакавіка 1953 году ў Штутгарце быў арганізаваны Беларускі Камітэт Сацыяльна -Праўнай Апекі (БКСП Апекі), старшынёй якога была Надзея Касмовіч. Гэта ўстанова была агульнай панадгруповай. Мэты яе былі: абарона правоў беларускіх эмігрантаў у Заходняй Нямеччыне перад нямецкімі дзяржаўнымі ўладамі і прыватнымі прадпрыемствамі і ўстановамі; матар'яльная дапамога найбольш патрабуючым беларусам і іх семьям.
БКСП Апекі супрацоўнічаў з установамі Гэнэральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па справах бежанцаў, з міжнароднымі харытатыўнымі і рэлігійнымі хрысьціянскімі арганізацыямі, якія дапамагалі бежанцам, з Нямецкім Чырвоным Крыжам і з беларускімі арганізацыямі ў вольным сьвеце, асабліва з Аб'яднаным Беларуска -Амэрыканскім Дапамаговым Камітэтам у ЗША з сядзібай у Саўт-Рывэры. Пасьля ліквідацыі ІРО, ад 1953 году, БКСП Апекі на працягу дзесяткаў гадоў супольна з Дэлегатурай БЦР дапамагаў беларусам у Нямеччыне ў атрыманьні належнай пэнсыі, сацыяльнай і матар'яльнай дапамогі.
Для інфармацыі і дакумантацыі аб апошніх дзяржаўных падзеях на Беларусі БЦР апублікавала ў 1954 годзе кнігу «Другі Усебеларускі Кангрэс», якая была шырака распаўсюджаная па краінах вольнага сьвету.
3 кастрычніка 1954 году выканаўчы ворган БЦР прызначыў Касмовіча старшынёй дэлегатуры БЦР на Нямеччыну, а наступна і на Эўропу.
27 кастрычніка 1954 году паўстала арганізацыя Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ). Палітычнай праграмай БВФ зьяўляецца Акт 25 Сакавіка 1918 г. і пастановы Першага і Другога Усебеларускіх Кангрэсаў. Галоўная Мэта БВФ — вызваленьне Беларусі з савецка -расейскай акупацыі і абарона вызваленай Беларусі ад усякіх спробаў паняволеньня. У Штутгарце быў арганізаваны Галоўны Штаб БВФ, які ачоліў Д. Касмовіч. Краёвыя Штабы БВФ былі арганізаваныя ў Англіі, Аўстраліі, ЗША і Канадзе.
У 1954 годзе Д. Касмовіч быў вызначаны выканаўчым ворганам на прадстаўніка БЦР пры Цэнтральным Камітэце Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (ЦК АБН).
Як начальнік Галоўнага Штабу БВФ Д. Касмовіч разгарнуў шырокую інфармацыйную працу ў дзяржавах Заходняй Эўропы. Ён прымаў удзел у міжнародных і міждзяржаўных канфэрэнцыях, на якіх выступаў з прамовамі, падаваў праекты рэзалюцыяў, інфармацыйныя матар'ялы і мэморандумы як у гістарычным аспэкце, так і аб сучасным стане Беларусі пад расейска-камуністычнай уладай.
У 1955 годзе Касмовіч наладжвае супрацоўніцтва БВФ і БЦР з Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азыі (АПАКЛ). Наступна ён навязаў супрацоўніцтва БВФ з Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, якую ўзначальваў адмірал Бразыліі Карлос Понтэ Ботто; з Міжнароднай Фэдэрацыяй для Перамогі над Камунізмам; з Канфэрэнцыяй адносна Палітычнай Вайны Саветаў; з Эўрапэйскай Акадэміяй Навук у Бруксэлі (Бэльгія); з антыкамуністычнымі арганізацыямі ў Эўропе, Мальце і з Панэўрапэйскім Саюзам, як і з паасобнымі дзяржаўнымі прадстаўнікамі, пасламі, сэнатарамі, вышэйшымі царкоўнымі кіраўнікамі розных веравызнаньняў і г. пад. Праз нямецкае радыё і прэсу Касмовіч знаёміў народы Эўропы з беларускай нацыянальна -вызвольнай справай. У 1964 годзе ён выступаў у Эўрапэйскім Парляманце ў Штрасбургу, а ў 1968 годзе ў Брытанскім Парляманце. Яго запрашалі на афіцыйныя прыняцьці прыязныя беларусам паслы розных краін Эўропы.
У 1968 годзе, юбілейным годзе правоў чалавека, Касмовіч разаслаў мэморандум, насьвятляючы расейска-камуністычны калёніяльны ўціск Беларусі, для місыяў заходніх дзяржаў пры ААН, урадам заходніх дзяржаў, канфэрэнцыям правоў чалавека ў Тэгэране і Парыжы.
У 1967 годзе Касмовіч прымаў дзейны ўдзел у стварэньні Эўрапэйскай Рады Свабоды як вольнага парляманту Эўропы. У склад яе ўвайшлі выдатныя палітычныя і грамадзкія дзеячы з розных краін Эўропы. Касмовіч увайшоў у склад ЭРС ад Беларускага Вызвольнага Фронту, рэпрэзэнтуючы Беларусь і належачы да эгзэкутывы ЭРС. Іншыя паняволеныя Расеяй народы прадстаўленыя ў ЭРС праз АБН, за выняткам Ураіны, якая мае сваю нацыянальную рэпрэзэнтацыю.
У 1967 годзе была арганізаваная Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, у якой дзейнасьць беларускага прадстаўніцтва БВФ мела падтрымку Касмовіча. У 1980 годзе канфэрэнцыя ВАКЛ адбылася ў Швайцарыі, дзе прадстаўнікамі ад БВФ былі Д. Касмовіч і Н. Касмовічава.
Ад 1955 году гэн. Касмовіч выдае часапіс «Барацьба», прысьвечаны дзейнасьці БВФ і іншых арганізацыяў, ды справе барацьбы за вызваленьне Беларусі з няволі Савецкай Расеі.