Выбрать главу

Гедымін быў чалавекам разумным, справядлівым і дзейным. За час свайго княжаньня ад 1316 да 1341 г. ён зрабіў багата добрага для беларускага гаспадарства, званага Вялікім Княствам Літоўскім, або проста Літвой. Гедымін далей вёў задзіночваньне беларускіх земляў, прычым цэнтрам гаспадаркі зрабіў ён горад Вільню, які больш гэтаму адпавядаў, чымся Наваградак, бо стаяў над ракой Вяльлёй, што дагоднай была для камунікацыі і пры якой можна было лепш умацаваць абароннае замчышча, а таксама і таму, што горад гэты быў бліжэй да мяжы між беларускімі і летувіскімі землямі і такім парадкам зьяўляўся лепшым аб'яднальным пунктам Жыхары гораду Вільні ў XIV стагодзьдзі ў большасьці былі беларусы.

Задзіночаньне земляў Гедымін праводзіў усімі спосабамі, якія толькі былі карыснымі. Так,, напрыклад, каб мацней зьвязаць Віцебскае княства з Вялікім Княствам Літоўскім, ён свайго сына Альгерда ў 1320 годзе ажаніў з дачкою Віцебскага князя Яраслава Васільлевіча, які, ня маючы сыноў, княства сваё перадаў зяцю. У 1325 годзе Гедымін заняў Берасьце і Драгічын. Поўнасьцю таксама падпарадкаваў сабе Турава-Пінскую зямлю. За гэтую зямлю давялося Гедыміну змагацца з татарам} і манголамі, што захапілі Маскоўшчыну, Украіну і хацелі яшчэ браць даніну з Тураўскай зямлі Але беларускае войска разьбіла татараў і ня пусьціла татарска-мангольскага хана далей пашыраць сваю ўладу. Каб мець уплыў на заходняга суседа Польшчу, Гедымін выдаў сваю дачку Ганну замуж за сына польскага караля Уладыслава Лакетку — Казіміра.

Пашырыўшы гаспадарства і высока падняўшы ягонае значаньне, Гедымін выпісваў з Заходняй Эўропы ў Вялікае Княсгва рамесьнікаў і будаўнікоў і збудаваў замкі ў Вільні і Троках каля Вільні.

Гедымін меў, аднак, і шмат цяжкасьцяў у кіраўніцтве гаспадарствам, бо яму ня толькі трэба было пільнаваць ягоных межаў з усходу і паўдня, але і з поўначы, дзе закон крыжаносцаў усьцяж заяўляў прэтэнзіі да жмудзінаў. Прычынай гэтага было паганства жмудзінаў, якіх крыжаносцы імкнуліся прывесьці ў хрысьціянскую веру. Пры гэтым паўставалі збройныя канфлікты і ў часе аднаго з такіх канфліктаў у 1341 г. загінуў сам Гедымін.

У гаспадарсьцьвеннай і арганізацыйнай працы, а таксама ў войнах з ворагамі Вялікага Княства Гедымін меў вялікую помач ад беларускага Горадзенскага князя Давіда, які быў галоўным камандзерам войскаў Вялікага Княства. Князь Давід быў правай рукою Гедыміна, меў вялікія ўплывы на яго, і Гедымін нават ажаніўся з Давідавай дачкой.

Па сьмерці Гедыміна Вялікае Княства было падзелена на 8 частак між 7 ягоных сыноў і братам, і гэтак было на працягу 5 год. Гаспадарства існавала без вялікага князя. Кажная частка, кажны ўдзел жыў сваім жыцьцём, але гэта якраз ізноў аслабляла гаспадарства, і ўжо суседзі рыхтавалі на яго напады. Перачыркнуў, аднак, іхныя пляны найздальнейшы сын Гедыміна Альгерд. Ён пры дапамозе свайго брата князя Кейстута нанова згуртаваў усе сілы і ня толькі даў адпор вонкавым непрыяцелям, але яшчэ больш пашырыў межы Вялікага Княства.

Перадусім Альгерд ударыў на Татарскую Залатую Арду і, вызваліўшы ад яе Валынь, Кіеўшчыну, Падольле (гэтак называліся стэпавыя прасторы на паўдня ад Валыні), далучыў іх да Вялікага Княства. Таксама далучыў да Вялікага Княства Чарнігаўшчыну і Ноўгарад -Северскую зямлю. У змаганьні за ўкраінскія землі Вялікаму Княству давялося ўвайсьці ў сутычку і з Польшчай, якая ў 1349 годзе захапіла Галіцкую зямлю і імкнулася завалодаць Валыньню. Усё-ж такі Валынь засталася ў Вялікім Княсьцьве.Альгерд не задаволіўся далучэньнем да Вялікага Княства ўкраінскіх земляў, але стараўся яшчэ ўмацаваць свае ўплывы ў Смаленску, Ноўгарадзе і Пскове. У гэтую пару якраз пачынаў тварыцца Маскоўскі Расейскі Цэнтр. Альгерд прадчуваў, відаць, што ён будзе пагражаць Беларусі, і таму, замацаваўшы свае ўплывы ў Смаленску, хацеў перашкодзіць утварэньню Маскоўскага цэнтру. З гэтай мэтай у 1368—1372 гг. Альгерд збройна выступаў супроць Масквы і два разы абкружаў яе. Перапалоханы-ж гэтым Маскоўскі князь прымушаны быў зрабіць з Альгердам выгодную для Вялікага Княства ўмову. Паводле гэтае ўмовы, мяжа з Масквой была ўстаноўлена па Мажайск і Каломну.

Аб адным з паходаў Альгерда на Маскву за Маскоўскім князем Дзьмітрам Іванавічам у хроніках Вялікага Княства Літоўскага знаходзім апавяданьне, дзе гаворыцца, што Дзьмітра «не могучи ему не адиного опору вчинити, послал к нему просячи і великий дары ему обецаючи дабы его из вотчины его с Москвы не выгнал и гнев свой отпустил и взял бы у него, что хотел. И князь великий Ольгирд сожалился и любовь свою над ним учинял из Москвы его не добывал и мир с ним взял. И потом смолву учинивши и сам князь велики Дмитри Иванович к нему выехал и с ним видался и дары многие (бесчисленно золота серебра и дорогим жемчугом и собольими и инным дорогим, и дивным зверем мохнатым князя) великого князя Олькгирда даровал и шкоду, што он в землю идучи принял то ему заступил, и затым князь Олькгирдь рек великому князю: есми с тобою и помиримся, но мне ся иноче не годить а ни достоине толке хочю под городом твоим Москвою копие свое приклонити, а ту славу учинити, што великий князь Литовски и Рускйі и Жемойтцкій Олькгирдь копие свое под Москвою приклонил. И вседши сам на конь и копие свое вземши в руки и приехав к городу и копие свое к городу приклонил и едучи назад и рек так великим голосом: княже велйкій Московскій памятуй то, што копие Литовское стояло под Москвою. И потом князь велйкйі Олькгирд совсеми войски своими с великою честию и со многим полоном и невы-мовным добытком звоевавши и городы многие побравши и границу учинил по Можаевск и по Коломну и много людей попленил и зо всеми людзьми своими в целости во своясе отыде».