Шырокую беларускую выдавецкую дзейнасьць у Заходняй Нямеччыне праводзіць пісьменьнік і публіцысты Грыгор Попко. Ее выдае на беларускай мове шэраг непэрыодычных часапісаў, якія рассылае па большых бібліятэках і ўстановах заходніх краінаў, якія цікавяцца нацыянальнай праблемай СССР.. Ад 1955 году ён выдае часапіс беларускай паступовай думкі «Вехі», ад 1964 году — часапіс нацыянальна-дзяржаўнай думкі «Беларуская Праўда» і часапіс беларускіх рэвалюцыянераў «Наш Сьцяг». У 1981 годзе Попко распачаў арганізацыю беларускага музэю ў горадзе Лэймэн у Нямеччыне.
Пад фірмай «Беларускі Працоўны Гурток» Уладзімір Сенька ў 1979 годзе пачаў выдаваць на нямецкай мове «Інфармацыйныя Сшыткі», якія зьяўляюцца раз на паўгоду. Зьмест іх прысьвечаны бягучым падзеям у БССР ідзейнасьці беларусаў, пражываючых у краінах вольнага сьвету. Гэтыя публікацыі рассылаюцца ў большыя бібліятэкі і ўстановы, якія цікавяцца справамі падсавецкіх народаў, па многіх краінах вольнага сьвету.
Прыхільнікі БНР «крывіцкага» напрамку працягвалі сваю дзейнасьць у Нямеччыне, але ў сьціплым абсягу. Некаторы час выходзіла газэта «Бацькаўшчына», якая выдала паэму «Новая Зямля» Я. Коласа ў 1952 годзе.
У Заходняй Нямеччыне ад 1950 году праводзіць працу Амэрыканскі Камітэт для Вызваленьня ад Бальшавізму. Ён арганізаваў радыёстанцыю «Вызваленьне», пазьней пераназваную на «Свабода», якая на розных мовах падсавецкіх народаў, уключаючы і беларускую, перадае праграмы да гэтых народаў.
Той самы Амэрыканскі Камітэт стварыў ад пачатку ў Мюнхэне Інстытут для вывучэньня СССР, дзе быў і беларускі аддзел, які выдаў шэраг публікацыяў на рататары, прысьвечаных беларускім справдм.
Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Англіі пачалося зараз па другой сусьветнай вайне. Пад час гэтай вайны беларусы служылі ў польскіх вайсковых фармацыях пад ангельскай камандай у Англіі і ў Другім корпусе пад камандай гэн. Андэрса, які ў восені 1946 году быў перавезены з Італіі ў Англію. На пачатку 1947 году ў Англію пачалі прыяжджаць на працу беларусы з лягероў ДП, якія былі ў Заходняй Нямеччыне.
Агульная колькасьць беларусаў у Англіі ў гэтым часе была каля 12 000 чалавекаў. Частка з іх неўзабаве выехала ў розныя краіны для сталага пасяленьня, як ЗША, Канада, Аўстралія і інш. Частка з іх улілася ў польскія або ўкраінскія асяродзьдзі, а частка не далучылася да ніякай нацыянальнай трупы. Пры беларускіх асяродзьдзях і арганізацыях згрупавалася каля 500 чалавекаў. З бегам часу гэтая колькасьць змяншалася.
Па ліквідацыі польскіх вайсковых фармацыяў у Англіі беларусы пачалі тварыць свае нацыянальныя арганізацыі. На пачатку 1947 году было заснаванае Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), ініцыятарам якога быў Вінцук Жук-Грышкевіч. Гэтая арганізацыя гуртавала ўсіх беларусаў, аднак яе кіраўнікі супрацоўнічалі толькі з групай Мікалая Абрамчыка. З часам яны пачалі займаць адчынена варожае становішча адносна напрамку Беларускай Цэнтральнай Рады. Гэта выклікала супраціў у часткі сяброў. На другім агульным зьезьдзе сяброў ЗБВБ 2 траўня 1948 году частка ўдзельнікаў запрапанавала рэзалюцыю, клеймячы ЗБВБ як недэмакратычную і аднапартыйную арганізацыю, пакінула зьезд і выступіла з гэтай арганізацыі. Увосені 1948 году» выступіўшыя сябры заснавалі ў Лёндане новую арганізацыю — Хрысьціянскае Аб'яднаньне Беларускіх Работнікаў у Вялікай Брытаніі (ХАБР). Арганізатарамі яе былі Весялкоўскі, Б. Суравы, Варава і іншыя. Гэтая арганізацыя мела агульнабеларускі характар і пазытыўна ставілася да карыснай працы ўсіх беларускіх групаў. Аднак ад гэтага часу ў Англіі пачалі працаваць два беларускія палітычныя напрамкі: БНР і БЦР. ЗБВБ было цалком зьвязана з беларускімі вуніятамі і Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквой япіскапа Тамашчыка.
У Англіі быў арганізаваны Людвікам Зарэчным трэці напрамак у беларускім грамадзкім жыцьці ў форме Беларускага Вызвольнага Руху. 29 жніўня 1954 году ў Манчэстэры адбыўся зьезд гэтай трупы, на якім быў прыняты статут і абраныя кіруючыя ворганы. Гэтая група не змагла разгарнуць шырэйшай дзейнасьці як у беларускім асяродзьдзі, так і навонкі. Яна трымае сувязь з А. Яцэвічам у Клевэляндзе (ЗША) і з Сіняком (Хмарам) у Канадзе.
Дзьве першыя групы стварылі асобныя арганізацыі ўва ўсіх магчымых сфэрах дзейнасьці. Яны ладзілі культурныя імпрэзы, таварыскія вечарыны, калядныя і новагоднія грамадзкія святкаваньні. Больш урачыста яны адзначалі ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — дзень 25 сакавіка і ўгодкі Слуцкага паўстаньня. Напрамак БЦР адзначаў і ўгодкі Другога Усебеларускага Кангрэсу. Беларусы прымалі ўдзел у міжнацыянальных выступленьнях, як адзначаньне Тыдня паняволеных народаў і іншыя.