Колькасьць беларускіх арганізацыяў з часам павялічвалася, ахонліваючы розныя галіны нацыянальнага жыцьця. Цэнтраля ЗБВБ знаходзілася ў Лёндане, а таксама мела аддзелы ў Лёндане, Манчэстэры, Бірмінгаме і Брадфордзе. Цэнтраля ХАБР была ў Лёндане, а яе аддзелы — у Лёндане, Манчэстэры і Брадфордзе.
Віктар Астроўскі заснаваў у 1960 годзе (?) Саюз Былых Палітвязьняў Беларусі. Туды належала каля паўтузіна сяброў, але гэтая арганізацыя не выяўляла ніякай дзейнасьці.
Ад 1955 году, калі быў заснаваны Беларускі Вызвольны Фронт, аддзелы БВФ паўсталі і ў Англіі. Кіраўніком аддзелу БВФ і старшынёй дэлегатуры АБН на Англію быў
К. Глінскі. Гэтая арганізацыя ўвайшла ў склад Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі (ВАКЛ), галоўная кватэра якой была ў Сэўле (Паўдзённая Карэя). БВФ высылаў сваіх дэлегатаў на канфэрэнцыі ВАКЛ, якія адбываліся штогод у розных краінах сьвету. Беларускія дэлегаты праводзілі свае рэзалюцыі адносна Беларусі і пашыралі свае інфармацыйныя публікацыі адносна акупацыі Беларусі Савецкай Расеяй.
15 траўня 1971 году ў Лёндане была адчыненая Беларуская Бібліятэка і Музэй імя Францішка Скарыны. Арганізатарам гэтай установы быў кіраўнік Беларускай Каталіцкай Місыі ў Англіі ад 1947 году кс. Часлаў Сіповіч. У 1960 годзе ён быў высьвячаны на біскупа і прызначаны Апостальскім Візытатарам для беларусаў. Бібліятэка і музэй маюць паважныя фонды беларускіх кнігаў, газэт, часапісаў, картаў і старажытных гістарычных дакумэнтаў.
У 1954 годзе ў Лёндане было заснаванае Ангельска-Беларускае Таварыства з мэтай пашыраньня веды аб гісторыі і культуры Беларусі ў Англіі.
У Брадфордзе ў 1973 г. паўстала арганізацыя «Васілёк» з асоб, адыйшоўшых ад ЗБВБ. Гэтая невялікая актыўная група трымаецца мяйсцовага абсягу дзейнасьці.
Праваслаўныя беларусы ў Англіі падзеленыя юрысдыкцыямі, як і ў іншых краінах. «Крывіцкая» група належыць да БАПЦ, а пайменна: прыход у Манчэстэры (каля 60 асобаў), дзе ёсьць свая царква; прыход у Нотынгаме (каля 35 асобаў), дзе ёсьць капліца на могілках; і прыход у Брадфордзе (каля 50 асобаў), дзе служаць у англіканскай царкве. Першым сьвятаром там служыў а. Крыт да выезду ў ЗША. У 1982 годзе сьв. Абабурка абслугоўваў гэтыя прыходы. Да гэтай самай юрысдыкцыі належыць і сьв. Пекарскі, які абслугоўваў у тым самым часе прыходы ў Лёндане (каля 15 асобаў), Кэмбрыджы (каля 30 асобаў) і Вульвэргамтоне (каля 30 асобаў).
У Манчэстэры існуе іншы беларускі прыход (каля 70 асобаў), які падлягае непасрэдна грэцкаму экзарху. Там служаць беларускі сьвятар а. Іскрыцкі і ангельскі праваслаўны сьвятар а. Кірыла. А. Іскрыцкі быў у пастаяннай сувязі з прот. М. Лапіцкім у ЗША аж да сьмерці гэтага апошняга.
У Лёндане існуе праваслаўны прыход прыхільнікаў БЦР. Ён належыць да грэцкага экзарха праз Польскую Праваслаўную Царкву за Мяжой. Першым сьвятаром тут быў а. О. Мірановіч, а пасьля ягонага выезду ў ЗША — а. П. Вялікі. На агульным гадавым сходзе прыхажанаў у 1969 годзе быў прыняты назоў апякункі прыходу «Сьв. Эўфрасіні Полацкай». Стараньнямі настаяцеля а. Вялікага, протодыякана а. Мароза і старшыні Царкоўнай Рады С. Дзейко англіканскія духоўныя ўлады прыдзялілі для гэтага прыходу частку сваёй царквы Holy Jnnocents Church. Там быў пабудаваны іконастас і ўсё ўстаткаваньне згодна традыцыі з Беларусь Вясной 1973 г. а. Вялікі выехаў у Канаду і настаяцелем стаў а. Вячаслаў Тарановіч. Богаслужэньні там правяцца на царкоўна -славянскай мове, а апостала чытае М. Залога пабеларуску.
У 1981 г. галава Польскай Праваслаўнай Царквы за Мяжой, япіскап Мацей, пайшоў на супачынак. На ягонае становішча экзарх прызначыў япіскапа Калістоса, ангельскага паходжаньня.
У Сьвіндоне ёсьць каля 45 праваслаўных беларусаў,для якіх раз у месяц служыў абедню і выконваў трэбы сьв. П. Вялікі. Пасьля ягонага выезду ў Канаду службы там спыніліся.
У Лёндане існуе беларуская царква грэка-каталіцкага абраду (вуніяцкая). Там рэгулярна адбываюцца службы, на якія прыходзяць праваслаўныя беларусы «крывіцкага» напрамку, некалькі расейцаў і ангельцаў. З ангельцаў туды належаць грэка-каталік адвакат дэ Пікарда, які ёсьць рэгентам царкоўнага хору. Гэтую царкву арганізаваў і служыў у ёй біскуп Сіповіч.
Арганізацыі паасобных беларускіх напрамкаў у Англіі выдавалі на беларускай мове свае публікацыі. Аднэй з першых быў грамадзка-літаратурны часапіс «Аб'яднаньне», друкаваны на рататары пачынаючы ад 1948 году, а выдаваны ХАБРам. Даўжэйшы час рэдактарам яго быў Весялкоўскі, а ад 99-га нумару яго выдаваў Віктар Астроўскі. Наагул гэтага часапісу выйшла 108 нумароў і выдаваньне яго спынілася ў чэрвені 1966 году.