Выбрать главу

Апісаньні падзеяў апошніх гадоў на Беларусі апёртыя на дакумантах, сабраных у сваім асабістым архіве, на вестках, атрыманых ад розных дзеячоў — удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, а таксама на ўспамінах асабіста перажываных падзеяў.

У працы над гэтай кніжкай меў я помач ад: сп. Мікалая Шкялёнка, які, можна сказаць, быў хросным бацькам першага выданьня яе; сп. Адама Станкевіча, які памагаў літаратурай і добрай радай і сп. рэдактара Антона Адамовіча, які пераглядаў і рабіў некаторыя папраўкі ў часе ейнага друку ў газэце «Голас вёскі». За гэта ўсім ім шчыра дзякую.

Студыюючы гістарычную літаратуру, я запісваў усе напатканыя працы, у якіх можна знайсьці тыя ці іншыя весткі пра Беларусь і беларусаў, і падаю іх пры гэтай кніжцы як матар'ял да бібліяграфіі гісторыі Беларусі, а таксама як дапаможнік для ўсіх, хто будзе далей і шырэй распрацоўваць гісторыю Беларусь

На заканчэньне мушу сказаць, што калі набор кніжкі быў ужо гатовы і калі многія мамэнты былі яшчэ раз перадуманыя, мне хацелася зрабіць некаторыя папраўкі. Бяручы, аднак, пад увагу, што гэта пацягнула-б за сабою і кошты і затрымала-б друк, я наважыў пусьціць яе ў сьвет у такім выглядзе, у якім яна ёсьць, бо спадзяюся, што і гэтак яна ня будзе зусім бязвартаснай для вывучаньня беларускае гісторыі, для беларускае справы і для дабра беларускага народу.

Менск 12.5.1943

Я. НАЙДЗЮК

Частка першая. АД СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ ДА ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ

I

Што гэта гісторыя.— Ці ёсьць гісторыя Беларусі? — Як выглядала Беларусь у сівой мінуўшчыне.— Геаграфічнае палажэньне Беларусь— Абвадненьне.— Глеба.— Клімат.— Ледавіковы пэрыяд.— Расьліннасьць і жывёліннасьць.— Першыя насельнікі.— Эпоха палеаліту і нэаліту.— Мэталічная эпоха.— Выкапні.

Гісторыя ці, інакш кажучы, апісаньне падзеяў і разьвіцьця таго ці іншага народу ад часоў першабытных да апошніх, апісаньне разьвіцьця культуры, рэлігіі, літаратуры, мастацтва, эканомікі і да гэтага падобнага — зьяўляецца навукай. Навука гэтая вельмі цікавая і карысная ня толькі з увагі на тое, што яна дасьледжвае і дае нам веды аб тым, як той ці іншы народ разьвіваўся, ці як адбываліся тыя ці іншыя падзеі, але таксама і дзеля таго, што, вучачыся гісторыі і дасьледжваючы розныя падзеі, мы можам навучыцца, як трэба жыць.

Само слова гісторыя зьяўляецца словам грэцкага паходжаньня і значыць тое самае, што слова дасьледжваць, даведвацца аб тым, што калісь дзеялася, як што разьвівалася. Такім чынам, гісторыя ня можа быць выдуманай байкай, ці расказам, а мусіць абапірацца на цьвёрдых фактах, дакумэнтах і досьледах. Дзеля таго гісторыя бярэ на ўвагу толькі тыя народы, якія адыйгралі якую-небудзь паважную ролю, якія пакінулі па сабе памяць, дакумэнты і сьляды.

У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: ці мае сваю гісторыю наш беларускі народ, ці ёсьць гісторыя Беларусі?

Вось-жа беларусы сваю гісторыю маюць. Бо беларускі народ у грамадзкім і культурным разьвіцьці адыйграў паважную ролю. Ён меў сваё гаспадарства, сваю культуру, школы і літаратуру. ЁСЬЦЬ беларускія гістарычныя памяткі, дакумэнты. Аб беларусах пісалі розныя летапісцы, пісьменьнікі, паэты і вучоныя. На аснове працаў розных гэных вучоных аб гісторыі Беларусі і напісаны гэты кароткі папулярны нарыс.

Гісторыя Беларусі, як і іншых народаў, краёў і ўсяго сьвету, мела розныя пэрыяды. I як у сівой мінуўшчыне выглядала Беларусь, цяжка сказаць, як цяжка сказаць, як выглядала ад самага пачатку зямля, на якой жывём. Вучоныя нам кажуць, што мільярд год таму зямля была вялізарным распаленым клубком — куляю, абкружанаю парай, і ніякага жыцьця на ёй ня было. Сотні мільёнаў год таму, калі зямля зьверху пакрысе астыла, радзілася ўжо жыцьцё, паўставалі горы, даліны, моры, вазёры, рэкі і рэчкі. Дзесяткі-ж мільёнаў год назад ужо было шмат расьлінаў, вялікія лясы і багата розных стварэньняў як на сухазем'і, так і ў вадзе, у рэках, вазёрах і моры. Частка-ж сучасных стварэньняў і расьлінаў зьяўляюцца нашчадкамі гэных, якія былі калісь. Калі на сьвеце зьявіліся людзі, навука дасюль ня сьцьвердзіла.

Сваім геаграфічным палажэньнем беларускія землі знаходзяцца між заходняй і ўсходняй часткамі Эўропы. у даволі халодным клімаце. Беларусь парэзана рэкамі і рэчкамі, якія сьцякаюць ці то ў Чорнае, ці ў Балтыцкае мора. Беларускі краявід даволі рознастайны: ёсьць раўніны, узвышшы і лясы. Глеба беларускае тэрыторыі належыць да нечорназемнай паласы і адзначаецца вялікай рознастайнасьцяй, у залежнасьці ад паасобных раёнаў. Наагул-жа на тэрыторыі Беларусі спатыкаюцца глебы: суглінкавыя, балотныя (багністыя), пяскавыя, патрабуючыя значнага ўгнаеньня.