Шмат тысяч год назад край наш і нашых суседзяў, як цьвердзяць вучоныя, быў морскім дном. Пасьля мора адплыло, высахла і пры цёплым клімаце, падобным да таго, што пануе цяпер у паўдзённых цёплых краёх, на нашай сучаснай зямлі расьлі розныя вялізарныя дрэвы, а сярод іх многа было розных вялікіх зьвяроў, перш а -бытных быкоў і насарогаў. Пазьней клімат зьмяніўся. ён рабіўся халаднейшым і ў гэную пару зьяўляліся зьвяры, званыя мамутамі, косьці якіх і цяпер выкопваюць вучоныя пры дасьледных раскопках. Адначасна з ахаладжэньнем клімату праз тысячы год бязупынна ліліся дажджы ды ішоў сьнег. Дзякуючы гэтаму ў паўночных і горных краёх, у Фінляндыі ды Скандынавіі павырасталі масы лёду па колькі сот мэтраў угрубкі. Тымчасам дажджы далей ліліся і зьверху нарасталі ледавыя торы, якія націскалі на тыя, што паўсталі раней. З гэтае прычыны маса лёду кранулася і памалу папаўзла на паўдня, адрываючы і нясучы з сабой часткі скалаў ды пераціраючы іх на каменьні і пясок. Гэтыя ледавіковыя горы ў канцы дапаўзьлі і да Беларусі і нават далей на паўдня, пакрываючы ўсё. Пэрыяд гэны, званы ледавіковым, трываў сотні тысячаў год.
Напатканыя пры дасьледных раскопках сьляды і розныя рэчы сьведчаць, што людзі на Беларусі зьявіліся пару дзесяткаў тысяч год назад. Вучоныя кажуць, што гэта былі паляўнічыя на мамутаў і прыбылі яны сюды з паўдзённых земляў. Людзі гэныя сваёй культураю стаялі на сярэдняй ступені дзікасьці. Палявалі яны на зьвяроў рознымі прыладамі, зробленымі з касьцей і каменя, пры дапамозе крэменя, спачатку груба, а пасьля і гладзей абчасанымі і паліраванымі.
Пэрыяд, калі людзі згруба абчэсвалі каменьне на розныя прылады, як сякеры, долаты, наканцоўнікі для дзідаў (копіяў — пікаў), скрэбкі ды іншыя, навукоўцы называюць палеалітам (ад грэцкага слова «палеос» — стары і «літос» — камень), ці старакаменным. Калі-ж каменныя прылады ўжо больш гладка вырабляліся, гэты перыяд называюць нэалітам (новакаменным).
Пазьней клімат на Беларусі ізноў пачаў зьіначавацца. Наставала цяплейшая пара, ледавікі раставалі, ачышчаючы штораз большыя абшары ў кірунку паўночным і штораз больш навадняючы краі, ад чаго паўставала шмат вазёраў і рэкаў. Паверхня-ж Беларусі, зарастаючы лясамі, набывала штораз больш падобнага выгляду да сяньняшняга. Пачыналі расьці хвоі, бярозы, елкі, дубы, вязы, ліпы ды іншыя. Зьіначыўся і жывёльны сьвет. Загінулі мамуты, насарогі, а затое зьявіліся ласі, алені, зубры, дзікія козы, дзікія сьвіньні, бабры, мядзьведзі, ваўкі, лісы, барсукі, куніцы, выдры ды іншыя. Зьявіліся таксама птушкі, а ў рэках і вазёрах — рыбы.
У меру таго як ачышчалася ад ледавіка паверхня Беларусі і клімат рабіўся больш спрыяльным для жыцьця, павялічвалася колькасьць насельнікаў ня толькі ў паўдзённых частках, але і ў паўночных. Аб тым, што жылі ў гэным часе на Беларусі людзі, сьведчаць выкапні з двух адкрытых іхных стаянак (паселішчаў). Адну стаянку адкрылі ў вёсцы Бердыж на рацэ Сож, а другую ў местачку Юравічы на Прыпяці. Пры раскопках на гэтых стаянках была знойдзена пад наносам пяскоў, да 5—6 мэтраў угрубкі, вялізарная колькасць касьцей, пераважна мамутаў (у Бердыжы блізу 45—50 жывёлінаў; у Юравічах каля 12), а таксама мядзьведзя, ваўка, першабытнага быка, дзікага каня ды іншых. На стаянцы каля Бердыжа людзі жылі прыблізна 30—25 тысячаў год таму, а на стаянцы ў Юравічах каля 20 тысячаў год таму, гэта значыць яшчэ тады, калі паўночная частка Беларусі, а таксама і паўночная частка палавіны Эўропы была занята ледавіком. Паўдзённая-ж частка Беларусі падобная была да цяперашніх тундраў, з мізэрнай расьліннасьцяй і халодным кліматам. Выкапні гэтыя паходзяць з эпохі палеаліту. Пасьляледавіковая пара і эпоха нэаліту прыпадае больш-менш на пэрыяд між 7.000 і 2.500 год назад. Калі 2.500 год назад на Беларусі пачалі ўжо зьяўляцца з Скандынавіі і паўдня прылады з медзі і бронзы, тады пачыналася новая эпоха, званая мэталічнай.
У часы нэаліту разьвівалася ўжо прадзеньне з вітых канопляў, пляценьне з кары (Лыка) і вецьця, а таксама тканьне грубых тканінаў, з якіх пачалі шыць адзежу заміж ранейшых адзежынаў з зьвярыных шкур. На раскопаных стаянках гэтага часу сустракаюцца рэшткі грубога глінянага судзьдзя, лепленага рукамі. Рабілі ўжо тады людзі чаўны, прывучалі да сябе дзікую жывёліну, а займаліся пераважна паляваньнем і рыбацтвам. Дзеля гэтага пасяляліся пераважна каля рэкаў у шалашох з жэрдак, пакрытых карой, ці скурай. Такіх паселішчаў з эпохі нэаліту адкрыта на Беларусі каля 800 пры рэках Сожы, Проні, Бяседзі, Іпуці, Дняпры, Прыпяці, Гарыні, Бярэзіне, Друці, Нёмне, Бугу. У іх знойдзена шмат розных каменных прадметаў, як сякераў ды іншых, а таксама і мядзяныя прадметы: кліны, долаты, мядзяныя сярпы, наканцоўнікі дзідаў.