Выбрать главу

Пазьней старадаўныя жыхары Беларусі пачалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй. Яны сеялі ячмень, проса і другія збажыны. У сувязі з земляробствам рабілі земляробскія прылады — матыкі, сохі, бароны. Больш-менш 1.500 год назад жыхары нашага краю, як сьцьверджана пры дасьледчых раскопках, умелі ўжо з балотных зялезных рудаў выплаўліваць зялеза і рабіць з яго зялезныя прылады. Зялеза выдабывалася з руды пры помачы маленькіх гліняных печак. У іх распальваўся вугаль, а на слой вугальлю насыпалі слой руды, пасьля зноў клалі вугаль і пры дапамозе простата паддувала вугаль разгараўся, руда плавілася, а зялеза выцякала на прырыхтаванае ніжэй дно печы.

Гэтак пачынала разьвівацца жыцьцё на Беларусі.

ІІ

Адкуль узяліся людзі на Беларусі. — Расавае іхнае паходжанне. — Арыйцы. — Славяне ды іхная прабацькаўшчына. - Сямейны, гаспадарскі, культурны і грамадзкі быт славянаў. — Плямёны. — Характарыстыка славянаў.

Адкуль узяліся людзі на беларускіх землях — навука не дае нам адказу. Мяркуючы, аднак, паводле расавага паходжаньня жыхарства, можна ўсё-ж дайсці да некаторых мэтных выснаваў. Насельнікамі беларускіх земляў у абсалютнай бальшыні зьяўляюцца беларусы, якія належаць да сямьі народаў славянскіх, арыйскага паходжаньня. За бацькаўшчыну арыйцаў адны вучоныя ўважаюць сучасную Пэрсію за Касьпійскім морам у паўдзённай Азіі, якая быццам наагул была месцам паходжання першага чалавека, а некаторыя вучоныя ізноў цьвердзяць, што бацькаўшчынай арыйцаў была Нямеччына. Нямецкі-ж вучоны Пошэ цьвердзіць, што бацькаўшчынай арыйцаў была Беларусь, галоўным чынам Меншчына і Піншчына. Калі-б так было, як кажа Пошэ, дык можна думаць, што арыйская раса вырадзілася з тых народаў, якія жылі ў нашым краі і ў суседніх у эпоху нэаліту.

Арыйцы спачатку былі адным суцэльным народам, але з часам між імі паўставалі ўсё большыя і большыя розьніцы і ўрэшце яны падзяліліся на шмат розных асобных арыйскіх народаў. Перадусім быў падзел на германцаў, кельтаў, італійцаў, грэкаў, славянаў, балтаў, пэрсаў, індусаў ды іншых. З германцаў з часам паўсталі сучасныя немцы, галяндцы, флямы, данцы, нарвэгі, швэды. Частка германцаў увайшла ў склад ангельскага народу, а іншыя зноў увайшлі ў склад цяперашніх італьянцаў і гішпанцаў. З кельтаў паўсталі брэтонцы, ірцы, шкоты, і частка іх увайшла ў склад народу францускага, а частка ў склад народу ангельскага. З балтаў паўсталі многія іншыя народы: летувіскі (жмудзінска -аўкштоцкі) і латыскі. З славянаў паўсталі: беларусы, украінцы, расейцы, палякі, чэхі, баўгары, сэрбы, харваты, славенцы ды іншыя.

Арыйцы, ці, як іх іначай завуць, індаэўрапэйцы, ад таго што жывуць яны галоўна ў Індыі і Эўропе, так расьсяліліся, што занялі блізу ўсю Эўропу і вялікую частку Азіі, а пасьля перабраліся ў Амэрыку, Аўстралію, Афрыку і на розныя абтокі, падпарадкоўваючы сабе народы іншых расаў і выяўляючы гэтым сваю дужэйшасьць, трывалейшасьць і здальнейшасьць. Трэба пры тым ведаць, што назоў арыйцы паходзіць ад санскрынкага слова «агуа», што значыць пан, валадар. У процілегласьць арыйцам, народы іншых рас называюцца ў Індыі «dasa» (нявольнікі, падданыя), або «апагуа» — не арыйцы, не валадары.

Славяне першапачатна занялі землі каля рэкаў Дняпра, Віслы, на Палесьсі і ля Карпатаў. У старадаўнасьці аб іх нічога ня ведама. Першыя-ж больш-менш дакладныя весткі аб славянах знаходзяцца ў рымскіх і грэцкіх летапісцаў з першых стагодзьдзяў нашае пары, у Плінія Старшага, Тацыта ды другіх. Яны славянаў называлі Вэнэдамі. Паводле словаў Тацыта, славяне тады будавалі сабе дамы, насілі шчыты і любілі хадзіць. Грэкі зацемілі, што ў славянаў ня было нявольніцтва. Галоўным заняткам славянаў было земляробства. Яны сеялі проса, ячмень, пшаніцу, жыта, авёс, лён, каноплі і розную гародніну. Апрача таго, славяне палявалі ў лясох, займаліся жывёлагадоўляй, рыбацтвам, бортніцтвам (пчолагадоўляй), хатнім промыслам і рамесьніцтвам (ткацтва, ганчарства ды інш.). Гаспадарка ўсходніх славянаў мела натуральны характар. Большую частку сваіх патрэбаў славяне здавольвалі сваймі сіламі. Гандаль толькі што пачынаўся ў форме мены тавараў. Собскасьць зямлі ня была яшчэ ведамай. Супольна вядучы гаспадарку, славяне жылі семьямі і цэлымі родамі, на чале якіх стаялі выбіраныя старшыні. Яны ня толькі кіравалі работы, але адначасна былі ваеннымі камандзёрамі родаў. Агульныя справы абмяркоўваліся і разьвязваліся на сходзе ўсіх родзічаў. За крыўду ці забойства родзіча ўвесь род перасьледаваў вінаватага і мсьціўся яму. Помста часта даводзіла да варожых сутычак між родамі. Для абаронных мэтаў будавалі славяне каля рэкаў на ўзвышшах умацаваныя пасёлкі — «гарады». Было і так, што колькі блізкіх, кроўных сабе сваім паходжаньнем родаў лучыліся і тварылі плямённы саюз, на чало якога выбіралі адмысловага правадыра і адначасна ваеннага кіраўніка. Такім чынам паўставалі плямёны. Калі правадыр племя думаў штось рабіць, радзіўся з родавымі старшынямі, або нават склікаў плямённыя гарадзкія сходы, званыя вечамі.